Вы тут

Прэзідэнт: У частцы распрацовак сучаснага ўзбраення мы не стаім на месцы


Падчас нарады ў Прэзідэнта абмеркавалі пытанні фінансавання закупак прадукцыі ваеннага прызначэння для патрэб сілавых ведамстваў. Як звярнуў увагу на пачатку размовы Аляксандр Лукашэнка, дынаміка ўзроўню пагроз Беларусі прымушае нас трымаць руку на пульсе айчыннай ваенна-прамысловай вытворчасці.


«Нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, мы вырабляем дастаткова ўзбраення і ваеннай тэхнікі для патрэб беларускай арміі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта звязана з тым, што ўсё, што нам трэба (я маю на ўвазе зброю — жалеза), мы запраста атрымліваем з Расіі. А вось тое, што датычыцца мікраэлектронікі, оптаэлектронікі, оптыкі і іншага, хвала тым, хто захаваў вытворчасці, якія дасталіся нам ад Савецкага Саюза. Такім чынам, разам з Расіяй мы можам ствараць любыя тыпы ўзбраення». 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь можа сабе дазволіць экспартаваць дадзеную прадукцыю ў 57 краін свету. Акурат гэта мы і робім. «Мы паспяхова распрацоўваем сучасныя ўзоры ўзбраення не толькі па тых напрамках, дзе ў нас ёсць, як я ўжо сказаў, навукова-тэхнічны задзел і кампетэнцыі, але асвойваем новыя запатрабаваныя напрамкі — рэактыўныя снарады, артылерыйскія боепрыпасы буйнога калібра», — удакладніў беларускі лідар. 

Ён нагадаў, што ў кастрычніку мінулага года на Абуз-Лясноўскім палігоне была прадстаўлена лінейка беспілотных лятальных апаратаў, распрацаваных нашай абароннай вытворчасцю. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у рамках таго мерапрыемства падраздзяленні Узброеных Сіл паспяхова прадэманстравалі іх баявыя магчымасці. 

«Асвойваючы вытворчасць беспілотнай авіяцыі, мы ўдзяляем вялікую ўвагу процідзеянню такой зброі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Распрацаваныя беларускімі спецыялістамі радыёэлектронныя сродкі барацьбы з беспілотнікамі карыстаюцца высокім попытам. Створаны рабатызаваны комплекс, які спалучае ў сабе як сродкі выяўлення, так і агнявога паражэння паветраных цэляў».

Прэзідэнт паведаміў, што на завяршальным этапе знаходзяцца распрацоўка зенітнага ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці і зенітная кіраваная ракета да гэтага комплекса. «У мінулым годзе айчынныя вытворцы паставілі нашым Узброеным Сілам больш за 500 адзінак новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Прынята на ўзбраенне шэсць узораў, у тым ліку мадэрнізаваная рэактыўная сістэма залпавага агню „Ураган-М“, а таксама два тыпы ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў».

Прэзідэнт нагадаў і аб тым, што ў мэтах аснашчэння беларускай часткі рэгіянальнай групоўкі войскаў расійскі бок паставіў нам аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр» з неабходным запасам ракет. Акрамя таго, перададзены зенітны ракетны комплекс вялікай далёкасці С-400. У рамках Дзяржаўнай праграмы ўзбраення закуплены і пастаўлены батарэя зенітнага ракетнага комплексу «Тор», супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты, мінамёты, рэактыўныя пяхотныя агнямёты, больш за 830 тысяч боепрыпасаў рознага калібру. Будуць пастаўлены самалёты Су-30СМ, верталёты Мі-35М, бронетранспарцёры, а таксама іншае ўзбраенне, ракеты і боепрыпасы.

«У частцы распрацовак сучаснага ўзбраення мы не стаім на месцы, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Наша армія забяспечваецца неабходнымі ўзорамі для адэкватнага рэагавання на выклікі і пагрозы, якія ўзнікаюць. Тым не менш, ёсць да чаго імкнуцца. Я ўжо не кажу аб стралковай зброі, гранатамётах — гэтага ў нас звышдастаткова. Я кажу аб больш грознай зброі. Да гэтага трэба імкнуцца. Над гэтым мы будзем працаваць». 

«У 2023 годзе плануецца завяршэнне вельмі сур’ёзных ключавых праектаў»

Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы было даведзена аб той рабоце, якая на цяперашні момант праводзіцца Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам і ў цэлым абаронным сектарам эканомікі ў частцы рэалізацыі мерапрыемстваў, якія прапісаны ў Дзяржаўнай праграме ўзбраення і штогадовым дзяржабаронзаказе. «Мы далажылі, як арганізавана работа асобных прадпрыемстваў Дзяржваенпрама, якія выконваюць найбольш важныя ключавыя праекты, — паведаміў Дзмітрый Пантус. — Акрамя таго, было даложана аб мерапрыемствах, якія мы рэалізуем не так даўно: у прыватнасці, па арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь вытворчасці боепрыпасаў. Таксама варта адзначыць, што ў 2023 годзе, юбілейным для Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, плануецца завяршэнне вельмі сур’ёзных ключавых праектаў. У прыватнасці, завяршаюцца работы па зенітным ракетным комплексе „Бук“, у тым ліку з айчыннай ракетай». 

Дзмітрый Пантус нагадаў, што ў канцы мінулага года на Абуз-Лясноўскім палігоне былі прадэманстраваны ўсе тыпы беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку баявых, якія распрацаваны і вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь. «На цяперашні момант наша работа сканцэнтравана на арганізацыі серыйнай вытворчасці даных тыпаў беспілотнікаў, — удакладніў ён. — Асобныя мадэлі ўжо перажываюць пэўныя відазмяненні і мадэрнізуюцца. У цэлым трэба адзначыць, што з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і іншымі воінскімі фарміраваннямі мы вызначылі канкрэтныя тыпы беспілотных лятальных апаратаў, якія будуць стварацца ў Рэспубліцы Беларусь і пастаўляцца на ўзбраенне нашым сілавым ведамствам».

Кажучы аб узаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта заўважыў, што за апошні год яно стала яшчэ больш шчыльным. У прыватнасці, рэалізуецца шэраг дастаткова буйнамаштабных сумесных праектаў, ажыццяўляецца доследна-канструктарская работа, вынікі якой будуць прадэманстраваны ў бліжэйшы час. «У цэлым работа носіць сістэмны характар, — кажучы аб двухбаковым узаемадзеянні, заўважыў Дзмітрый Пантус. — У мінулым годзе мы з Расійскай Федэрацыяй падпісалі і зацвердзілі праграму па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве да 2025 года. Усе мерапрыемствы выконваюцца ў рамках гэтай праграмы».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.