Вы тут

«Дынама-Мінск» прабілася ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі


У традыцыйным аглядзе — самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Фота з адкрытых крыніц.

Каманда тыдня. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» стаў апошнім удзельнікам розыгрышу Кубка Гагарына ў 15-м сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. У заключным матчы рэгулярнага чэмпіяната «зубры» ў Балашыхе абыгралі мясцовы «Віцязь». Вынік сустрэчы — 2:1. Таким чынам, мінскія хакеісты занялі 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі, набраўшы 68 балаў у 68 матчах. Гэты выхад у плэй-оф КХЛ стаў для сталічнага клуба сёмым у гісторыі і трэцім запар. Як і ў двух апошніх сезонах, сапернікам мінчан па першым раундзе Кубка Гагарына стане санкт-пецярбуржскі СКА, які перамог у рэгулярным чэмпіянаце. Першы матч у чарговым супрацьстаянні СКА і «Дынама» пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 1 сакавіка.

Перамога тыдня. Футбалісты салігорскага «Шахцёра» другі раз сталі ўладальнікамі Суперкубка. У матчы за першы трафей новага сезона яны абыгралі ўладальнікаў Кубка футбалістаў «Гомеля» — 1:0. Адзіны мяч на 34-й хвіліне сустрэчы забіў Элаш Плакка. Для «Шахцёра» гэта другі Суперкубак, першы яны выйгралі ў 2021 годзе. Год таму Суперкубак заваяваў барысаўскі БАТЭ, які абыграў «Шахцёр» з лікам 1:0.

Медалі тыдня. Беларускія фрыстайлісты выступілі на міжнародных спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы «Кубак чэмпіёнаў» у Маскве. У асабістым турніры ў жанчын «золата» заваявала Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава паказала трэці вынік. У індывідуальным старце сярод мужчын Павел Дзік стаў сярэбраным прызёрам, Ігар Драбянкоў — бронзавым. Бронзавымі прызёрамі трэцяга этапа ў камандных спаборніцтвах сталі беларусы Валерыя Балматава, Рэнат Галаў і Павел Вараб’ёў.

Герой тыдня. Антон Смольскі стаў бронзавым прызёрам індывідуальнай гонкі на 20 кіламетраў на чэмпіянаце Расіі па біятлоне. Лідар беларускай каманды атрымаў дзве штрафных хвіліны ўжо на першай стральбе, аднак тры наступныя рубяжы прайшоў без адзінага промаху. Антон Смольскі заняў другое месца ў суперпераследзе — біятлоннай дысцыпліне, якая складаецца з кваліфікацыі і скарочанага класічнага пасьюта (7,5 км). 

Героі тыдня. У канькбежным цэнтры «Каломна» працягваецца фінал Кубка Расіі, у якім удзельнічаюць і беларускія канькабежцы. На дыстанцыі 1000 метраў лепшы вынік (1 хв.17,28 сек.) паказала Ганна Дамарацкая, таксама яна перамагла на дыстанцыі 500 метраў. Трэцяй у забегу на 1000 метраў фінішавала Кацярына Слоева, трэцяе месца на мужчынскай «тысячы» заняў Ігнат Галавацюк. У мужчынскай каманднай гонцы Яўген Болгаў, Віктар Рудэнка і Ягор Дамарацкі сталі другімі. Трэцяе месца на дыстанцыі 3000 метраў заняла Марына Зуева. 

Поспех тыдня. Беларускія барцы выступілі на міжнародным турніры па вольнай барацьбе імя Лёвы Варданяна сярод спартсменаў не старэйшых за 23 гады. Турнір прайшоў у Ерэване і сабраў спартсменаў з Беларусі, Расіі, Ірана, Грузіі, Малдовы і Арменіі. У медальным заліку беларуская каманда заняла трэцяе месца, у актыве беларускіх «вольнікаў» пяць узнагарод. Пераможцамі турніру сталі Мікіта Дзмітрыеў (вагавая катэгорыя да 70 кг) і Уладзіслаў Казлоў (да 97 кг). На другую прыступку п’едэстала падняўся Іслам Гусейнаў (да 65 кг), бронзавыя медалі выйгралі Дзмітрый Шамело (да 57 кг) і Ілля Хамцоў (да 86 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.