Вы тут

Сакавік цяплом не песціць


Люты з намі, падобна, сурова развітаўся. У апошнія некалькі дзён месяца ўначы трымалася сапраўды марознае надвор'е. На старце першага месяца вясны халодныя паветраныя масы з паўночных шырот прынясуць нам далёка не цёплае надвор'е. У першы тыдзень сакавіка на тэрыторыі краіны прагназуюцца мокры снег, туман і галалёдзіца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: БелТА

У апошні дзень зімы надвор'е будзе пераважна без ападкаў. Толькі па паўночным усходзе краіны пройдзе невялікі снег, мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Удзень тэмпература паветра складзе ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла.

Як адзначаюць сіноптыкі, першыя дні каляндарнай вясны таксама не пацешаць жыхароў нашай краіны сапраўдным вясновым цяплом. У начныя гадзіны тэмпературны фон па краіне ў асноўным будзе знаходзіцца ў межах адмоўных значэнняў.

Першага сакавіка, ноччу ў многіх раёнах, удзень месцамі, пераважна па ўсходзе краіны, пройдуць невялікія ападкі ў выглядзе мокрага снегу, уначы кароткачасовы дождж. У асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўночы апусціцца да 0 — мінус 6 градусаў, а па паўночным усходзе пры праясненнях — да мінус 9 градусаў. Максімальная тэмпература ўдзень складзе мінус 2 — плюс 5 градусаў.

Дастаткова холадна будзе і ў чацвер. У гэты дзень будзе пераважна без ападкаў, толькі ў паўночна-ўсходніх раёнах краіны прагназуюцца невялікія ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі — слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 0 да мінус 6 градусаў, а пры праясненнях — да 9 марозу. Удзень чакаецца ад нуля да плюс 6 градусаў.

У пятніцу нас наогул занясе. У гэтыя суткі, ноччу месцамі, удзень у многіх раёнах краіны будуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу. У асобных раёнах слабыя туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра — ад 0 да мінус 7 градусаў, а днём — ад мінус 1 да 6 цяпла.

Паводле папярэдняга прагнозу айчынных сіноптыкаў, няўстойлівае з ападкамі надвор'е захаваецца і ў выхадныя. У суботу на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу. У асобных раёнах слабыя туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы слупок тэрмометра пакажа ад 0 да 6 марозу. Удзень тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 2 градусаў па паўночным захадзе да 6 цяпла па поўдні краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?