Вы тут

Цывілізаваны падыход


Зранку, перш чым сесці за камп'ютар, выглядваю ў акно і назіраю цікавую карціну. Каля сцяны двухпавярховага будынка насупраць маладая жанчына курыць і размаўляе па тэлефоне. Гэты будынак — гандлёвы аб'ект, а дзябёлая маладзіца стаіць акурат побач з квадратным акном, у якое штодня разгружаюцца машыны з таварам. Усё б нічога, але, скончыўшы перакур, наша гераіня не ідзе ў дзверы, якія знаходзяцца з другога боку будынка, а даволі грацыёзна падскоквае, хапаецца за нешта ўверсе, потым згінаецца на памер акна і плаўна знікае ў памяшканні.


Акно тое размешчана не вельмі высока, але ж і не нізка. І калі раней яна не служыла ў дэсантных войсках альбо іншых падобных падраздзяленнях, то такое бездакорнае валоданне целам, тым больш у яе вагавой катэгорыі, несумненна, робіць ёй гонар. Усміхнуўшыся ёй услед, адразу ўспамінаю процілеглае: бабулек у нашым двары, якія ўжо з цяжкасцю перастаўляюць ногі... Ёсць і значна маладзейшыя мужчыны і жанчыны з відавочнымі праблемамі апорна-рухальнай сістэмы. На шчасце, усе яны жывуць у сем'ях — ну альбо маюць таго, хто можа дапамагчы. А вось з вясковымі пажылымі і не зусім здаровымі людзьмі ўсё куды больш складана.

Цяпер ёсць вёскі, дзе наогул засталося тых людзей — па пальцах пералічыш. А калі пенсіянер жыве адзін альбо ён наогул адзінокі? Выйсцем для многіх становіцца пераезд да дзяцей, — калі яны ёсць, вядома. Але ж і дзеці бываюць розныя, да іншых, ну, вы разумееце, наогул лепш не ехаць. Ёсць і добрыя, але, напрыклад, жывуць за мяжой. Сітуацыі вельмі розныя. Ды надыходзіць час, калі пажылому чалавеку цяжка становіцца весці нават немудрагелістую хатнюю гаспадарку, і аднойчы паўстае пытанне, як быць далей.

Цяпер у кожным раёне маюцца ўстановы, дзе людзі дажываюць свой век. Бальніцы сястрынскага догляду для многіх становяцца ратункам. Туды бяруць і зусім хворых, нават ляжачых. Даводзілася бываць у іх: чыста, пацыенты выглядаюць дагледжанымі, але ўражанні ўсё адно застаюцца цяжкія. Там знаходзяцца самыя розныя людзі, у тым ліку тыя, хто вёў асацыяльны спосаб жыцця. Звычайна палаты разлічаны на мноства ложкаў. Адным словам, нікому не пажадала б туды трапляць.

Ёсць у нас таксама розныя ўстановы інтэрнатнага тыпу, а вось нядаўна давялося пабываць у доме сумеснага пражывання для пажылых. І гэткая форма клопату пра людзей падалася надзвычай цывілізаванай. Раней яна была задумана і апрабавана як спосаб зімоўкі для вясковых пенсіянераў. Цяпер найчасцей насельнікі застаюцца на ўвесь год. Перавага такіх дамоў у невялікай колькасці жыльцоў, якія разам набываюць прадукты харчавання, у кухні, набліжанай да дамашняй, у магчымасці камунікацыі. Шмат пераваг.

Першы раз была ў падобным доме гады два таму. Там у кожнага свая гісторыя. Адна жанчына, назавём яе Ганна Пятроўна, расказала, што пайшла, каб «насаліць» сваім дзецям, бо лічыла, што рэдка прыязджаюць, мала ўвагі ўдзяляюць, не вельмі настойліва клічуць да сябе. А потым прывыкла, абжылася, перагледзела сваю ацэнку сітуацыі. Дзеці фізічна не маглі ездзіць да маці кожныя выхадныя за 400 кіламетраў. А яшчэ давялося прызнаць, што не ўседзела б яна на дзявятым паверсе цэлымі днямі: дачка з зяцем шмат працуюць, выязджаюць у камандзіроўкі. Самастойна гуляць жанчына не здолела б з прычыны хваробы ног: ні ў краму, ні ў аптэку. Выходзіць, мусіла б сядзець як прывязаная. А тут, паводле яе слоў, аказалася і нядрэнна — заўсёды ёсць з кім словам перакінуцца. Ганна Пятроўна з тых, хто збіраўся пераехаць у сацыяльную ўстанову толькі на зіму, а засталася на пастаяннае пражыванне. «Ніхто не ведае, як давядзецца сустракаць старасць. Трэба толькі яе сустрэць дастойна», — гаварыла тады былы педагог і работнік культуры Ганна Н.

Абмяркоўвалі дадзеную тэму нядаўна з калегай-аднакурсніцай і прыйшлі да высновы, што падобную форму сацыяльнай работы варта ўсяляк развіваць. У замежжы даўно паспяхова функцыянуюць рознага кшталту ўстановы для сатарэлых людзей рознага дастатку. І нам варта смялей ісці, у тым ліку на эксперыменты. Колькасць сталага насельніцтва расце, адсюль і патрэба. Для мяне ў такіх дамах непажаданай выглядае, скажам, палата на чатыры чалавекі. Лепей, вядома, каб кожны меў сваю асабістую прастору. Зразумела, што такое «задавальненне» будзе каштаваць даражэй. Я і кажу, што ўсяляк трэба развіваць і ўдасканальваць гэтую адносна новую форму работы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?