Вы тут

Сенатары ўзялі ўдзел у адборачным туры беларуска-расійскага патрыятычнага праекта


У Гродзенскай вобласці вызначаны дзесяцікласнікі, якія адправяцца ў падарожжа па знакавых мясцінах Беларусі і Расіі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці-23». Падчас дыялогавай пляцоўкі прэтэндэнты мелі магчымасць задаць пытанні парламентарыям і прадстаўнікам мясцовых органаў улады.


Фота аўтара.

Сёлета патрыятычны цягнік збярэ сваіх юных пасажыраў другі раз. Трэба сказаць, што першае падарожжа выклікала даволі вялікі ажыятаж у маладзёжным асяроддзі. Мабыць, няма такога дзесяцікласніка, які б не марыў адправіцца ў гэту незвычайную і цікавую паездку. Дарэчы, чаму менавіта толькі згаданая катэгорыя школьнікаў абрана для ўдзелу ў праекце? Падчас дыялогавай пляцоўкі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык растлумачыў, што ў дзесяцікласнікаў яшчэ няма такой вучэбнай нагрузкі, як, напрыклад, у выпускнікоў, якім трэба здаваць экзамены. Да таго ж была абавязковая ўмова, каб удзельнікі былі не малодшыя за 14 гадоў: гэты ўзрост прадугледжвае пэўную самастойнасць і прававую адказнасць.

Увогуле жадаючых было вельмі шмат, паведаміў кіраўнік абласной адукацыі. З шасці тысяч дзесяцікласнікаў Гродзеншчыны ў адборы ўдзельнічала ажно 800 чалавек. Прытым, што з вобласці паедзе толькі восем вучняў, можна ўявіць, што гэта за конкурс. Канчатковых прэтэндэнтаў урэшце было вылучана амаль 50 чалавек. Гэта дзесяцікласнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія паспяхова вучацца, добра паказалі сябе ў грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, з'яўляюцца лідарамі вучнёўскага самакіравання, актывісты грамадскіх арганізацый, вучні ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класаў, члены Маладзёжнага парламента.

Як выбраць з іх толькі восем? Вядома, праз конкурс. Для таго каб вызначыць найлепшых, была падрыхтавана пэўная конкурсная праграма — як пазнавальная, так і творчая. У яе рамках кожны ўдзельнік расказвае пра сябе, паказвае свае веды аб гісторыі дзяржавы і падзеях Вялікай Айчыннай вайны, бо менавіта дадзенай тэме прысвечаны праект «Цягнік Памяці». Акрамя таго, канкурсанты дэманструюць свае творчыя здольнасці — яны будуць дарэчы ў ходзе паездкі. Абавязкова ўлічваецца той багаж дасягненняў, які набыты вучнем за 10 гадоў вучобы.

Член Савета Рэспублікі, удзельнік «Цягніка Памяці-2022» Віктар Лісковіч адзначыў, што такі высокі конкурс невыпадковы, ён сведчыць аб унікальнасці і папулярнасці праекта. Сенатар нагадаў, што беларуска-расійскі праект праходзіць пад патранатам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціны Матвіенкі. Праект паспяхова стартаваў летась і выклікаў вялікую зацікаўленасць у абедзвюх краінах. За два тыдні 200 яго ўдзельнікаў праехалі больш за 6 тысяч кіламетраў, наведалі 15 гарадоў са славутай ваеннай гісторыяй.

За незвычайным падарожжам актыўна назіралі тысячы маладых людзей з Беларусі і Расіі. Сёлета ў праграму будуць унесены некаторыя змяненні. Яны датычаць як складу ўдзельнікаў, так і маршруту цягніка. Мяркуецца, што сёлета да беларуска-расійскага праекта далучацца па 12 прадстаўнікоў Арменіі, Кыргызстана і Казахстана, з Беларусі — 55 чалавек. Такім чынам, у праекце будзе ўдзельнічаць пяць краін. Віктар Лісковіч выказаў меркаванне аб далейшым пашырэнні спісу ўдзельнікаў праекта з ліку былых рэспублік Савецкага Саюза. Такія планы стаяць да 2025 года.

Таксама вырасце колькасць прыпынкаў цягніка. Адным з ключавых момантаў стане наведванне мемарыяльнага комплексу «Хатынь». У маршруце — Полацк, Уфа, Ніжні Ноўгарад, Курск, Валгаград, Мінск, Масква і іншыя знакавыя гарады. Але месца старту цягніка застанецца нязменным. Як і летась, ён будзе дадзены з Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня.

Таксама Віктар Лісковіч падкрэсліў, што сёлета на сустрэчах з удзельнікамі праекта будзе задзейнічана вялікая колькасць моладзі, плануюцца анлайн-трансляцыі з месцаў падзей, шырокая інфармацыйная падтрымка.

Што датычыць вопраткі ўдзельнікаў праекта, яна застанецца такой самай, як летась, з тым жа лагатыпам. Кожны атрымае камплект па сваіх памерах. Дарэчы, форма для ўдзельнікаў з усіх пяці краін будзе пашытая беларускім бокам.

Важнасць патрыятычнага кірунку праекта адзначыў падчас дыялогавай пляцоўкі член Савета Рэспублікі, дырэктар Гродзенскага абласнога драмтэатра Ігар Гедзіч. Ён лічыць, што такі акцэнт сёння як ніколі актуальны, асабліва ў маладзёжным асяроддзі. У яго ёсць свой наказ удзельнікам «Цягніка Памяці»:

—Трэба ведаць сваю гісторыю, ганарыцца сваёй зямлёй, таму што ў жыцці бываюць сітуацыі, калі прыходзіцца адстойваць сваю радзіму. Асабліва ў тых выпадках, калі краіну імкнуцца прынізіць. Трэба ўмець адказаць на такія выпады. Напрыклад, добра ўсведамляць, што пры вызваленні Польшчы загінула каля 600 тысяч савецкіх воінаў, і ў той жа час нашу краіну не запрашаюць на памятныя мерапрыемствы, у Еўропе зносяць помнікі салдатам-вызваліцелям. Па ўсіх падобных момантах павінна быць адпаведная рэакцыя, мы павінны адстойваць сваю краіну.

Прэтэндэнты і самі добра разумеюць адказнасць сваёй місіі. Яны бачаць перад сабой прыклад папярэдняга складу ўдзельнікаў «Цягніка Памяці». Пасля паездкі ва ўсёй сістэме адукацыі з восені мінулага года прайшоў шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку ў рамках праекта «Школа актыўнага грамадзяніна». Удзельнікі «Цягніка Памяці» разам з педагогамі наведалі вучнёўскія калектывы, расказалі аб сваім вопыце ўдзелу ў праекце. Гэта не магло не зацікавіць слухачоў. Таксама ва ўсіх установах адукацыі былі арганізаваны тэматычныя выстаўкі з самымі яскравымі момантамі падарожжа.

— Удзельнікі «Цягніка Памяці» будуць і надалей запатрабаваныя, — упэўнены сенатар Віктар Лісковіч. — Думаю, праз некалькі гадоў мы пачнём ладзіць злёты на абласным узроўні, а потым, магчыма, гэта будзе і на ўзроўні краіны. Відавочна, што фарміруецца новы рух маладых людзей пад эгідай «Цягніка Памяці».

А ў Маладзёжным парламенце Гродзеншчыны ўжо ёсць ідэя зладзіць абласны агітбус з удзельнікамі патрыятычнага цягніка, каб папулярызаваць дадзены рух ва ўсіх раёнах вобласці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».