Вы тут

Дзень роднай мовы, літаратурны альманах і сямейнае жыццё вайскоўцаў


Мова продкаў? Мова нашчадкаў!

Пад канец лютага ў нашым дзіцячым садку штогод пачынаецца свята. Вось і сёлета напярэдадні Дня роднай мовы ў сярэдніх і старшых групах прайшлі тэматычныя заняткі, на якіх дзеці даведаліся аб значэнні мовы для кожнага народа. А далей...


Конкурс малюнкаў «Паэзія вачамі дзяцей» даў магчымасць кожнаму выхаванцу пабыць мастаком-ілюстратарам (найлепшыя работы былі прадстаўлены на выставе); нашы выхавальніцы Вольга Даніленка і Марына Барысава разам са старэйшымі дзеткамі падрыхтавалі для малодшых драматызацыю беларускіх казак «Зайкава хатка», «Коцік, пеўнік і лісіца». Цікавасці і задору, як заўжды, дадалі беларускія рухомыя гульні — і ў спартыўнай зале, і на вуліцы.

А кульмінацыяй сталі госці. У папярэднія гады імі былі паэты Міхаіл Болсун, Галіна Рагавая, Вера Квяткоўская, а гэтым разам — сябра Беларускіх саюзаў журналістаў і пісьменнікаў Ганна Атрошчанка. Яна расказала пра сваю творчасць, прачытала некалькі вершаў. Дзеці таксама падрыхтаваліся да сустрэчы з паэткай: яны бралі ўдзел у конкурсе юных чытальнікаў «На роднай мове гавару я».

Убаку не засталіся і бацькі нашых выхаванцаў. Яны актыўна ўключыліся ў гульню «Перакладчыкі» і паказалі добрае веданне першай дзяржаўнай мовы...

А наогул, калі гучаць прыгожыя вершы і песні, калі выконваюцца нашы народныя танцы, калі з вуснаў дзяцей ліецца родная мова, — і сапраўды ствараецца свята.

Ала ГРЫБ

Загадчыца дзіцячага сада № 161

г. Гомель


Таленты трэба падтрымліваць...

«Альшанскі перазвон» — так у нашай школе назвалі літаратурную суполку, потым — свой альманах.

Зараз да друку рыхтуецца ўжо пяты выпуск

А пачалося ўсё з таго, што 2019-ы быў абвешчаны Годам малой радзімы, і Эме Уладзіміраўне Урублеўскай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, вучні прынеслі свае першыя вершы... Следам узнікла ідэя надрукаваць іх, прысвяціўшы малой радзіме — мікрараёну Альшанка.


Над зборнікам, акрамя Эмы Уладзіміраўны, плённа папрацавалі настаўнікі выяўленчага мастацтва і інфарматыкі, таму кніжка (да радасці, да гонару дзяцей!) атрымалася яркая, цёплая, з фотаздымкамі аўтараў, з малюнкамі школьных мастакоў...

На яе прэзентацыі прысутнічалі пісьменнікі Людміла Кебіч, Ганна Скаржынская-Савіцкая, паэтка Вікторыя Смолка, крытык, паэт і празаік Дзмітрый Радзівончык... Цяпер гэтыя ды іншыя літаратары — частыя госці школы.

Акрамя таго, нашы перазвонаўцы запрашаюцца на пасяджэнні грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром», дзе нароўні з дарослымі прадстаўнікамі культурнай і інтэлектуальнай эліты бяруць удзел у абмеркаванні актуальных пытанняў, наведваюць літаратурную школу пры Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Такое плённае супрацоўніцтва прывяло да стварэння ў школе кабінета-музея «Літаратурны Гродна», дзе, апроч шафы са зборнікамі твораў пісьменнікаў-землякоў (з аўтографамі), размешчаны стэнд з вершамі, апавяданнямі вучняў, іх дыпломы і граматы за перамогі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсах.

Варта адзначыць цікавасць вучняў да творчасці, рост іх майстэрства. У прыватнасці, выпускніца школы Ніка Статкевіч стала дыпламантам ІV Міжнароднага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы».

...Кажуць, той, хто мае здольнасці, заўсёды праб'ецца.

Той, хто ўжо «прабіўся», ведае, як жа патрэбна была падтрымка!

Ірына САЛАТА

Настаўніца СШ № 39

г. Гродна


Усё мяняецца...

На пачатку сямейнага жыцця муж хваліць сваю абранніцу ну як толькі можа! Маўляў, яна ў яго і прыгожая, і разумная, і працавітая, і акуратная, і такая ўжо гаспадынька...

Жонка таксама не адстае, кажа, што муж яе — самы-самы: добры, клапатлівы, дужы, смелы, умелы...

У час разводу (а, здараецца, не прайшло і паўгода) гэтыя «расповеды» вельмі мяняюцца. Яна ўжо... выдра, гультайка, дурніца і неахайніца, ён — асёл, казёл, эгаіст і п'яніца...

Цікава, што ж адбылося, хто іх абодвух так сапсаваў?

Вольга ФЯДЗЯШЫНА

г. Слуцк


Свет быў і будзе недасканалы

...Як заўважыў мудры Станіслаў Лем, людзям заўсёды дрэнна. Той, хто шукае спакою, цішыні ды лагоднасці, знойдзе ўсё гэта, але... на могілках.

Прыспешваць той час — справа, па-мойму, апошняя: пакуль жывецца, трэба жыць.

Нехта можа спытаць, а як, калі навокал мора трывог і негатыву, калі на душы — як цяпер за вокнамі: хмарна, холадна, сыра?

Універсальнага адказу на гэтае пытанне, бадай, няма. Для пачатку мо трэба ўсвядоміць, што свет і быў, і ёсць, і будзе недасканалы. Значыць, не варта чакаць, пакуль настане гармонія. А вось захаваць яе ў сабе, у сваёй сям'і можна (бо хто, калі не мы?).

Для гэтага, на мой погляд, па-першае трэба імкнуцца да зносін з добрымі людзьмі і найперш аптымістамі; па-другое, калі ёсць магчымасць, тварыць, чытаць, а то і перачытваць любімыя кнігі, прасякнутыя дабрынёй і гумарам, глядзець найлепшыя фільмы, па-трэцяе, знаходзіць спакой і натхненне ў зносінах з прыродай, бо гэта заўсёды дарыла і дорыць чалавеку добры настрой.

Хтосьці можа спытаць: «А ці не ўцёкі гэта ад рэальнасці?» Вядома ж, не, бо з сябрамі-аптымістамі можна абмяркоўваць тое, што хвалюе ўсіх і кожнага, бо кнігі і добрыя фільмы дапамагаюць не губляць надзеі і веры ў лепшае, даюць адказы на многія пытанні, бо прырода заўсёды дарыла і дорыць чалавеку цудоўны настрой.

...У маім жыцці, як, напэўна, у кожным, бываюць палосы як святлейшыя, так і, на жаль, цямнейшыя, а то і наогул — часіны тугі і адчаю. Іх — каб нікога не засмучаць — я стараюся перажыць сам-насам.

А яшчэ ў такія моманты прыходзіць думка, што як бы ні было дрэнна, камусьці — яшчэ горш, бо ні адзін чалавек не жыве без страт, без хвароб, без цяжкасцяў. І неяк жа людзі спраўляюцца, неяк адольваюць гора, свае недахопы і слабасці, захоўваюць уласнае аблічча...

Яны могуць, значыць, зможам і мы.

Ірына МАТУСЕВІЧ

Дзяржынскі раён


Справа жанчыны — чакаць?

Вайскоўцы — людзі вандроўныя: гэта значыць, што сёння яны вось тут, а дзе заўтра — ніхто не ведае

У 80-я гады мінулага стагоддзя нам давялося служыць ва Узбекістане. Клімат там зусім не наш: паўгода бязбожнай спякоты! Вада з Каракумскага канала амаль рудая (пілі яе толькі гатаванай, а бялізну пралі, накруціўшы на кран анучу, бо іначай — ці мыў, ці не мыў...). Яек не елі, бо курэй там ніхто не трымаў, свініны (мусульмане!), вядома ж, — таксама. Бульбу нам прывозілі з Башкірыі — на сям'ю два мяшкі. Алей у каністрах па дваццаць літраў, каб хапіла на год, адпраўлялі багажом з радзімы.

Але ж пры гэтым мы былі маладыя і ні на што не скардзіліся, пакуль...

У тую раніцу мой муж (афіцэр-сувязіст) збіраўся на службу, я — у школу на работу, сын — у дзіцячы садок. Мы разам выйшлі на вуліцу і аслупянелі: усюды стаялі палаткі колеру хакі, ваенная тэхніка, віравалі людзі, гудзеў аэрадром.

На душы стала трывожна і страшна, бо гэта ж, відаць, нездарма? І сапраўды: пачынаўся ўвод савецкіх войск у Афганістан.

Баявыя дзеянні — па традыцыі — справа мужчын. Абавязак іх жонак — гадаваць дзяцей і чакаць.

Лёгка гэтак сказаць, а вось зрабіць...

Людміла Юр'еўна Патапава, выпускніца Варашылаўградскага машынабудаўнічага інстытута, у той час толькі пачынала працаваць хімікам-тэхнолагам на Лісічанскім содавым заводзе. Яе муж — вайсковец — вось-вось павінен быў атрымаць кватэру, а замест гэтага атрымаў загад, згодна з якім у складзе так званага абмежаванага кантынгенту савецкіх войск трапіў у Афганістан.

Людміла вельмі перажывала за мужа, амаль штодня пісала яму лісты і — хай не так часта — атрымлівала адказы, але трывога за здароўе і жыццё каханага ніколі яе не пакідала.

А тут яшчэ на завод прыйшлі прадстаўнікі ваенкамата, сталі расказваць, што ахвотныя могуць паехаць у Афганістан, зарабіць грошай, атрымаць ільготы...

Людміла стала падумваць: а можа, і сапраўды?

Яе свякроў аказалася больш рашучай. У трывозе за жыццё свайго адзінага сыночка яна адразу ж прапанавала нявестцы: «Едзь!.. Яму там цяжка. Ты — жонка, ты павінна быць побач».

...Усе неабходныя дакументы ёй аформілі вельмі хутка, пасля чаго і пачалася досыць доўгая дарога на вайну: самалётам да Ташкента, адтуль — да Кабула, верталётам да Баграма.

У красавіку 1985-га там было пекла: тэмпература як у духоўцы, усюды пясок, нідзе ніводнага зялёнага дрэўца.

Здзіўлялі жанчыны (усе ў шырокіх каляровых шараварах, замест сукенак — паранджа) і дзеці — напаўголыя, мурзатыя... Здавалася, што ў кожнай сям'і іх добры дзясятак... Жабравалі бедныя... Нашы вайскоўцы, каб ніхто не бачыў (кантакты з мясцовымі былі забаронены), здаралася, частавалі іх галетамі, цукрам, хлебам.

...Людміла пайшла працаваць па спецыяльнасці на склад гаруча-змазачных матэрыялаў. Для пражывання ім з Юрыем выдзелілі маленькі і далёка не новы модуль. Давялося, што называецца, закасаць рукавы і за два дні пераўтварыць яго амаль у «люксаўскі» нумар гасцініцы.

Да пастаянных перастрэлак яна таксама хутка прывыкла, у асноўным таму, што ёй трэба было шмат працаваць (забяспечваць запраўкі якасным палівам) да таго ж, усе думкі былі пра мужа. Юра пастаянна прападаў у раз'ездах, суправаджаў аўтамабільныя калоны з палівам па ўсім Афганістане. Тыдзень яна чакала яго з Джэлалабада, тыдзень — з Хумры, затым — з Баграма... Кожны дзень яна маліла Бога, каб толькі б вярнуўся, бо многія...

Сэрца рвалася ад болю, калі на месца дыслакацыі прывозілі параненых, а яшчэ горш — забітых. Адпраўляючы іх на радзіму ў цынкавых трунах, развітваліся, як з самымі роднымі...

Ім з Юрам пашчасціла: засталіся ў жывых, хоць дарога дамоў была яшчэ досыць доўгая. Ім давялося паслужыць у Туркменістане і ўжо адтуль вярнуцца ў Беларусь.

Юрый Патапаў звольніўся ў запас у званні падпалкоўніка і цяпер працуе на аўтатранспарце, Людміла пайшла ў бухгалтары. Яна вельмі працавітая і добразычлівая, спагадная да людзей. Што, напэўна, нядзіўна, калі ёй да сёння сніцца вайна?

Ніна ГОРГУЛЬ

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.