Вы тут

Рэгіёны і кадры. Аб чым гаварылі на выніковай калегіі Мінінфарма


Вынікі работы сродкаў масавай інфармацыі ў 2022 годзе і асноўныя задачы на бягучы год абмеркавалі на калегіі Міністэрства інфармацыі. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта,кіраўнікі вядучых рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, ідэалагічны актыў краіны. 


Ісці ў сацыяльныя сеткі і месэнджэры

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў назваў 2022 год няпростым, але насычаным і выніковым для айчынных медыя. Прыярытэтам для іх было выкананне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і забеспячэнне інфармацыйнага суверэнітэту краіны.

— Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі амаль сцёрлі дзяржаўныя межы, а асноўнае інфармацыйнае проціборства перамясцілася ў лічбавае асяроддзе. Таму дзейнасць міністэрства інфармацыі была накіравана на пашырэнне дзяржаўнай пазіцыі ў СМІ, у тым ліку ў сетцы інтэрнэт, і на кансалідацыю грамадства, — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Сярод задач, над якімі працавала міністэрства, ён адзначыў павышэнне якасці інфармацыйнага прадукту і прафесійнага ўзроўню работнікаў СМІ, прасоўванне дзяржаўнай пазіцыі ў інтэрнет-прасторы, уключаючы актыўнае асваенне сацыяльных сетак і месенджэраў, узбуйненне рэгіянальных СМі і стварэнне медыяхолдынгаў, удасканаленне заканадаўства ў гэтай галіне, кантроль за станам інфармацыйнага поля. 

Медыйнае поле Беларусі дастаткова насычанае і разнастайнае. Па стане на 1 студзеня бягучага года ў краіне зарэгістравана 1 201 СМІ, у тым ліку летась з’явілася чатыры новыя сеткавыя выданні і адно друкаванае. Паводле даных сацыялагічных даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАН практычна штодзень інтэрнэтам карыстаецца 88,4% беларусаў. 

— У гэтай сувязі мы працягнулі актыўную работу па прасоўванні і ўмацаванні дзяржаўнай палітыкі ў інтэрнэце, уключаючы асваенне сацыяльных сетак і мэсэнджэраў. Эфектыўнасць гэтай работы пацвярджае рост інтэрнэт-аўдыторыі рэдакцый, — адзначыў Уладзімір Пярцоў. 

Рэагаваць на праблемы простых людзей 

Гаворачы пра паляпшэнне якасці інфармацыйнага прадукту, міністр звярнуў увагу, што ў дзяржаўных СМІ рэалізаваны шэраг новых інфармацыйных прадуктаў, у тым ліку забаўляльных, пашыраны пералік інфармацыйна-аналітычных перадач, дадалося крытычных і праблемных матэрыялаў, хоць і не ўсюды. 

У прыватнасці, рэгіянальная прэса мусіць больш актыўна рэагаваць на праблемы простых людзей.

— Пытанне не толькі ў крытычных матэрыялах, а ў рэагаванні рэгіянальнай, мясцовай прэсы на праблемы простых людзей. Я пра іх шмат разоў гаварыў на семінарах, трэнінгах, падчас індывідуальных наведванняў рэдакцый. Гэта ўвогуле ўсё, што хвалюе людзей. Калі пра гэта не будзе пісаць мясцовая прэса, калі яна не будзе рэагаваць на званкі, лісты, публікацыі ў мясцовых пабліках, сацыяльных сетках і месэнджарах —значыць, яна будзе незапатрабаваная. Калі яна ўсё гэта асвятляе, калі яна паказвае праблемы і іх рашэнне, тады да яе будуць звяртацца, — заявіў міністр.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што рэгіянальная прэса праходзіць зараз маштабную перабудову, утвараюцца холдынгі. І рэдакцыі раённых газет, якія па розных прычынах не маглі наладзіць працу па належным дызайне, вёрстцы, па працы ў сацыяльных сетках, інтэрнэт-асяроддзі ў цэлым, далучаюцца да ўзбуйненай рэдакцыі, галаўнога холдынгу, які бярэ на сябе тыя задачы. І прагрэс ёсць.

— Растуць падпісныя тыражы. Сацыялогія паказвае, што практычна 5-працэнтнае павелічэнне запатрабаванасці і даверу да рэгіянальнай прэсы. Гэта таксама вельмi добрыя лiчбы. Так, рэгіянальных рэдакцый дастаткова шмат — практычна 135 гарадскіх і раённых газет. Там не ўсё так хутка можна зрабіць, але мы ўжо бачым станоўчыя моманты. Зроблена гэта ў першую чаргу для таго, каб рэгіянальная прэса была запатрабавана сваімі чытачамі, гледачамі, слухачамі ў рэгіёнах. Таму што ніхто акрамя іх — ні абласная, ні цэнтральная прэса — аб іх праблемах і клопатах расказваць не будзе. Заўсёды будуць патрэбны мясцовыя газеты, мясцовае радыё і мясцовае тэлебачанне, — дадаў Уладзімір Пярцоў.

25 мільёнаў долараў — на дэзінфармацыю

Сярод выклікаў мінулага года міністр назваў вялізную колькасць фэйкаў, не толькі звязаных са спецыяльнай ваеннай аперацыяй, але і на іншую тэматыку, небывалы санкцыйны ціск, адкліканне рэкламных бюджэтаў. У прыватнасці, для разумення маштабаў работы тых, хто распаўсюджвае фэйкі, міністр, спасылаючыся на Лігу вольнага інтэрнэту, прывёў лічбу ў 25 мільёнаў долараў, якая штодзень ідзе на распаўсюджанне дэзінфармацыі ў адносінах Расіі і Беларусі. 

— Укладанні ўнушальныя, але нам удаецца гэтаму супрацьстаяць, — падкрэсліў міністр. — Увогуле нашы апаненты па тым боку барыкад зрабілі ўсё магчымае і немагчымае для таго, каб нас абваліць. Але, з іншага боку, вы ведаеце: усё, што нас не забівае, робіць мацнейшымі і любое дзеянне выклікае процідзеянне. Тым больш, што мы, журналісты, народ спецыфічны: чым больш нас спрабуюць задушыць, тым больш у нас сіл і энергіі.

Кадры вырашаюць усё

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі засяродзіў увагу прысутных на задачах, якія стаяць перад профільным міністэрствам і медыя на бягучы год. 

— Я хацеў бы пагаварыць аб тым, якіх памылак мы не павінны зрабіць у 2023 годзе. І ў гэтым кантэксце я вылучыў бы тры напрамкі: эфектыўнасць, рэгіёны і кадры, — сказаў Ігар Луцкі.

Ён нагадаў, што Прэзідэнтам было прынятае рашэнне аб падтрымцы СМІ. Дастаткова вялікія рэсурсы накіраваны на дзяржаўныя СМІ. Але разам з тым важна, каб яны былі скарыстаны эфектыўна. 

Не менш важнае пытанне — кадры.

— Прэзідэнтам прынята рашэнне аб стварэнні назіральнага савета на факультэце журналістыкі. Туды ж быў назначаны новы кіраўнік, дэкан факультэта. Аднак кіраўнікі СМІ таксама адказваюць сёння за падрыхтоўку спецыялістаў на факультэце журналістыкі БДУ. Пазіцыя такая: мы рыхтуем не проста журналістаў, мы рыхтуем байцоў інфармацыйнага фронта. Усё гэта павінны дакладна разумець і ўсведамляць. І падрыхтаваць гэтых байцоў — наша сумесная задача, а не толькі Міністэрствы адукацыі і факультэта журналістыкі, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

На пытанне падрыхтоўкі кадраў звярнуў увагу і намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка

— Мы задумаліся над тым, што студэнты, якія прыйшлі ў ВНУ, павінны быць падрыхтаваны ужо ў школе, ВНУ ім робіць дадатковую агранку, а практыка і рэальнае жыццё іх вучыць, як развіваць, захоўваць дзяржаву і ствараць самае камфортнае жыццё для нашых людзей. Таму задачы ўсіх узроўняў, не толькі СМІ, рыхтаваць і выхоўваць кадры. Гэта і сістэма адукацыі. Павінны над гэтым працаваць усе, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Падводзячы вынікі работы галіны, Ігар Петрышэнка адзначыў, што ў 2022 годзе зроблена сапраўды шмат. Пастаўленыя перад Міністэрствам інфармацыі задачы ў цэлым вырашаны. Выбудавана сістэмная работа ў медыясферы, наладжана дзейснае ўзаемадзеянне са СМІ ўсіх узроўняў.

Алена КРАВЕЦ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».