Вы тут

«У вас ёсць у цэнтры Еўропы мірная, спакойная Беларусь». Чым адметны візіт Лукашэнкі ў Кітай


Цырыманіяльныя фанфары, марш ганаровай варты, выкананне гімна нашай краіны. Усе гэтыя статусныя атрыбуты суправаджалі дзяржаўны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Бо і статус візіту — найвышэйшы ў дыпламатычнай класіфікацыі. 


У тым ліку і таму ён не застаўся незаўважаным без перабольшвання ва ўсім свеце. Паездку беларускага лідара ў Кітай згадалі вядучыя інфармагенцтвы, тэлеканалы і выданні. Можна сцвярджаць, не баючыся памыліцца, што незаўважанымі не засталіся і словы Старшыні КНР Сі Цзіньпіна: «Мяне са спадаром Прэзідэнтам аб’ядноўвае агульнае імкненне да развіцця кітайска-беларускіх адносін. Мы сябруем ужо не першы год. У нас трывалае непарушнае сяброўства. Ва ўмовах нестабільнасці і турбулентнасці міжнароднай абстаноўкі Кітай актыўна настроены на працяг сумесных намаганняў з Беларуссю па ўмацаванні палітычнага ўзаемадаверу. супрацоўніцтва ў інтарэсах дынамічнага, здаровага і ўстойлівага развіцця двухбаковых адносін», якія можна назваць лейтматывам усяго візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Паднябесную.

А быў ён сапраўды насычаным, аб чым сведчыць і найвышэйшы ўзровень сустрэч з Прэзідэнтам Беларусі ў Пекіне. 

Інтэнсіфікаваць адносіны на карысць народаў

На сустрэчы з Прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам кіраўнік дзяржавы падзякаваў кітайскаму боку за каласальную дапамогу і падтрымку беларускаму народу і краіне. Ён адзначыў, што на пасадзе Прэзідэнта гэта яго 13-ты візіт у Кітай. У свой час менавіта ў Кітаі пераймалі вопыт па шэрагу напрамкаў, у першую чаргу ў пытанні стварэння свабодных эканамічных зон. «Мы ўсё лепшае (30 гадоў таму пачалі гэты працэс) пераймалі ў вас. Мы шмат зрабілі з таго часу. І жамчужынай, вянцом нашых адносін стаў (індустрыяльны парк. — Заўвага БелТА) „Вялікі камень“ — буйны міжнародны праект, які мы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам адкрылі пад Мінскам. І ён назваў гэты праект жамчужынай Шаўковага шляху, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Тады я сказаў, што мы ніколі не застанёмся ў даўгу перад вялікім кітайскім народам ».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры непасрэдным удзеле Лі Кэцяна бакі дасягнулі практычна немагчымага. Раней бакі марылі аб $5 млрд тавараабароту. Сёння ж гэты паказчык практычна ўжо дасягнуў $6 млрд і працягвае расці. «У нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы супрацоўнічаем па ўсіх напрамках. І, самае галоўнае, мы ніколі не ставілі перад сабой задачу, каб дружыць і працаваць супраць трэціх краін, каго б там ні было. Мы робім усё ў інтарэсах сваіх народаў — беларускага і кітайскага. Так будзе і надалей», — запэўніў беларускі лідар.

«Мы вам жадаем поспехаў. У гэтым наш прагматызм. Таму што будзе моцным Кітай — будзе моцнай і будзе развівацца і наша Беларусь, — падкрэсліў беларускі лідар. — У нас прапаноў шмат, планаў вельмі шмат, якія будуць выгадныя і Беларусі, і Кітаю». Але галоўнае ў тым (я яшчэ Цзян Цзэміну гаварыў пра гэта, потым Ху Цзіньтаа): у вас ёсць у цэнтры Еўропы мірная, спакойная Беларусь. Давайце разам будзем інтэнсіфікаваць нашы адносіны на карысць нашых народаў. Там няма закрытых тэм для вас, няма закрытых рэгіёнаў. Прыязджайце, будзем супрацоўнічаць. Наша дружба стала ўсепагоднай, усёабдымнай. І ў гэтым ключы мы гатовы дзейнічаць і ісці насустрач кітайскаму народу«.

Стратэгічнае супрацоўніцтва на міжнароднай арэне

Прэзідэнт Беларусі таксама сустрэўся са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу

У размове з ім беларускі лідар падкрэсліў: «Кітай стаў глабальнай дзяржавай. Без Кітая сёння немагчыма вырашыць ніводнае пытанне на нашай планеце. Кітай — прыхільнік шматпалярнага свету. Такую ж палітыку праводзім і мы. І наогул палітыка як унутры Кітая, так і ўнутры Беларусі падобная. Міжнародны парадак дня намі цалкам падтрымліваецца. Мы дзейнічаем у адным ключы».

Ён асабліва адзначыў, што нядаўнія прапановы Старшыні КНР аб мірным развіцці на планеце, недапушчэнні санкцый, развіцці добрасуседства цалкам супадаюць з пазіцыяй Беларусі.

«Мы вельмі высока цэнім цеснае стратэгічнае супрацоўніцтва з вашай краінай на міжнароднай арэне. Нашы краіны нязменна аказваюць падтрымку адна адной па важных ключавых пытаннях сусветнага парадку дня. Мы асуджаем дзеянні, накіраваныя на ўзмацненне напружанасці вакол Тайваня. Беларусь заўсёды прытрымлівалася прынцыпу „Аднаго Кітая“, выступала за мірнае вырашэнне і катэгарычна супраць умяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы КНР. Мінск падтрымліваў і будзе падтрымліваць Пекін па ўсіх адчувальных пытаннях. У тым ліку па Сіньцзяне, Паўднёва-Кітайскім моры, Ганконгу і Тайвані», — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што міжпарламенцкія кантакты з’яўляюцца значным фактарам развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што намечанае пераўтварэнне Групы дружбы паміж парламентарыямі ў міжпарламенцкую камісію высокага ўзроўню стане стымулам для ўмацавання і інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва. «Мы зацікаўлены ў арганізацыі ўзаемных візітаў па парламенцкай лініі і заўсёды чакаем вас у Мінску», — сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама падзякаваў за падтрымку прапаноў беларускага боку наконт семінара жанчын-парламентарыяў, круглага стала па маладзёжнай палітыцы. «Спадзяюся, вы будзеце прымаць удзел у гэтых мерапрыемствах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб змяненнях у Канстытуцыю Беларусі, у адпаведнасці з якімі УНС быў нададзены канстытуцыйны статус. У свеце няма аналагаў гэтай структуры, але, як адзначыў Прэзідэнт, яна падобная да Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў.

У сваю чаргу Старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу цёпла прывітаў беларускага лідара. Ён адзначыў, што бягучы год у Беларусі аб’яўлены Годам міру і стваральнай працы, што пацвярджае няўхільнае імкненне краіны да міру і развіцця. «Упэўнены, што пад вашым верным кіраўніцтвам абавязкова будуць новыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця на карысць беларускага народа. Двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем развіваюцца ў здаровым і стабільным рэчышчы. Асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе пад стратэгічным кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна і вас кітайска-беларускія адносіны развіваюцца з вялікай дынамікай. Яны выйшлі на гістарычна высокі ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства», — сказаў ён.

«Пашырэнне кантактаў з Кітаем для нас — прыярытэт у знешняй палітыцы,»- заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы, падкрэсліўшы, што ўсепагодны характар двухбаковага супрацоўніцтва дае магчымасць Беларусі і Кітаю рухацца далей. "

Новы статус адносін павінен дапаўняцца новым зместам

Галоўнай падзеяй дзяржаўнага візіта Прэзідэнта былі, несумненна, перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, падчас якіх былі абмеркаваныя вектары далейшага супрацоўніцтва

«Мы зацікаўлены ў паглыбленні супрацоўніцтва з Кітаем па тэхналагічным развіцці, уключаючы стварэнне сумесных вытворчасцей, мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў з укараненнем сучасных кітайскіх тэхналогій, прасоўванне тавараў і паслуг на рынкі трэціх краін», — сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што патэнцыял двухбаковых праектаў велізарны. «Нашы вытворцы зацікаўлены ў вывучэнні кампетэнцый і тэхналогій кітайскіх кампаній у фарміраванні кампанентнай базы, выпуску рухавікоў, трансмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў. Прапаную стварыць сумесныя прадпрыемствы ў галіне станкабудавання, электратранспарту, вытворчасці дэталей для сельскагаспадарчай тэхнікі як у Беларусі, так і ў Кітаі. Кааперацыя дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На перагаворах Прэзідэнт агучыў і шэраг іншых прапаноў, якія ідуць у рэчышчы сумеснай работы ў галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі.

«Сённяшняя сустрэча праходзіць у вельмі няпросты час, які патрабуе новых нестандартных падыходаў і адказных палітычных рашэнняў. Яны павінны быць накіраваны перш за ўсё на недапушчэнне глабальнага процістаяння, у якім не будзе пераможцаў. Вы аб гэтым дакладна, адназначна, пунктуальна нядаўна заявілі, звяртаючыся да сусветнай супольнасці. Менавіта таму Беларусь актыўна выступае з прапановамі аб міры, цалкам падтрымлівае вылучаную вамі ініцыятыву аб міжнароднай бяспецы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што з беларускім бачаннем таксама поўнасцю супадае ініцыятыва Сі Цзіньпіна па тэматыцы развіцця. «Мы адразу ж далучыліся да механізмаў па яе пашырэнні і гатовы да сумеснай падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў у Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама ён павіншаваў Сі Цзіньпіна з найвялікшым даверам кітайскага народа на з’ездзе Кампартыі Кітая. «Паважаны Старшыня, дарагі сябар беларускага народа. Перш за ўсё чарговы раз хачу павіншаваць цябе з найвялікшым даверам кітайскага народа. У сваім віншаванні ад імя Прэзідэнта Беларусі, маёй сям’і я сумленна выказаўся аб тым, што мы вельмі перажывалі за поспех чарговага з’езда Камуністычнай партыі Кітая. Мы вельмі хваляваліся. Хоць можна было і не хвалявацца. Але, тым не менш, за сяброў заўсёды хвалюешся. І я хачу ад імя беларускага народа, ад сваёй невялікай сям’і, сябе асабіста павіншаваць майго сябра Сі Цзіньпіна з выбраннем Старшынёй КНР», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, зыходзячы са свайго вопыту, пасля такіх маштабных рашэнняў вельмі шмат наперадзе работы: «Жадаю вам, вашым калегам дастойна прайсці гэты перыяд. І жадаю поспехаў у развіцці рашэнняў з’езда Камуністычнай партыі Кітая».

Прэзідэнт падкрэсліў, што шчыра рады зноў наведаць дружалюбны Кітай. «Кожны раз для мяне гэта не толькі новае адкрыццё вашай самабытнай краіны, яе культуры, народа. Гэта яшчэ і магчымасць назіраць каласальныя змяненні ў развіцці, пераймаць унікальны вопыт, вучыцца ў вас», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў кітайскаму лідару за традыцыйна цёплы прыём, аказаны ўсёй беларускай дэлегацыі, чым заўсёды вызначаўся Кітай.

У сваю чаргу Сі Цзіньпін, шчыра прывітаўшы Прэзідэнта Беларусі, адзначыў: «Сустрэча паміж даўнімі сябрамі заўсёды толькі радуе. Мы з вамі сустракаліся ў апошні раз у мінулым годзе ў верасні ў Самаркандзе. У нас была вельмі выдатная размова, падчас якой намі было аб’яўлена аб вывядзенні кітайска-беларускіх адносін на ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, што паслужыла магутным штуршком для поўнамаштабнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Новы статус двухбаковых адносін павінен напаўняцца новым зместам. Сёння ў нас добрая магчымасць распрацаваць план па ўсім комплексе двухбаковых адносін і прыняць сумесную заяву»

Узорныя адносіны ва ўсіх накірунках

Сумесная заява аб асноўных прынцыпах развіцця ўзорных адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая ў новую эпоху і стала вынікам перагавораў кіраўнікоў краін. 

Лідары Беларусі і Кітая як на перагаворах у шырокім, так і ў вузкім складах размаўлялі значна даўжэй за запланаваны час, што відавочна сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці ў вырашэнні пытанняў, якія стаяць на парадку дня, і нацэленасці на вынік.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама быў падпісаны маштабны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах.

Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж МЗС Беларусі і Дзяржаўным агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве КНР па ўмацаванні супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і садзейнічання рэалізацыі Ініцыятывы па глабальным развіцці.

Зацверджаны план Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая на 2023 год.

Падпісана праграма беларуска-кітайскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2023-2024 гады.

Паміж профільнымі ведамствамі Беларусі і Кітая падпісаны пагадненне і мемарандум па супрацоўніцтве ў галіне турызму і спорту.

Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржкантролю Беларусі і Дзяржаўным кантрольна-рэвізійным упраўленнем КНР.

Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Мінбудархітэктуры Беларусі і Міністэрствам жыллёвага будаўніцтва і гарадскога і сельскага развіцця КНР.

Заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж інфармацыйнымі агенцтвамі Беларусі і Кітая — «БелТА» і «Сіньхуа», а таксама Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь і Медыякарпарацыяй Кітая.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні па рэалізацыі праектаў супрацоўніцтва з выкарыстаннем ільготных крэдытаў урада Кітая.

Яшчэ адзін мемарандум аб узаемаразуменні фіксуе факт істотнага завяршэння перагавораў па тэксце праекта Пагаднення аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый.

Мінэканомікі Беларусі і Міністэрства камерцыі Кітая заключылі пагадненне аб паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін.

У форме абмену пісьмамі заключана міжурадавае пагадненне па зацвярджэнні праекта па пастаўцы надглядальнага абсталявання для Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Зацверджана комплексная стратэгія сумеснага прамысловага развіцця, якая рэалізуецца Мінпрамам Беларусі і Міністэрствам прамысловасці і інфарматызацыі КНР.

Падпісаны пратакол, які датычыцца санітарных і фітасанітарных патрабаванняў пры пастаўцы прадукцыі з Беларусі ў Кітай.

Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне супрацоўніцтва па сельскай гаспадарцы.

Таксама падпісаны план па развіцці супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя на 2023-2025 гады.

Вялікі блок падпісаных дакументаў у рамках дзяржвізіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай датычыцца міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама фінансаў, банкаўскай сферы, інфармацыйнага забеспячэння гандлю і па лініі арганізацыі Чырвонага Крыжа.

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.