Вы тут

Беларускі дзіцячы фонд аб’ядноўвае больш за 20 тысяч чалавек


Днямі Беларускі дзіцячы фонд адзначыў сваё 35-годдзе. За гэты час рэалізаваны дзясяткі тысяч дабрачынных праграм, якія дапамаглі сотням тысяч дзяцей. Многія вядомыя сёння праекты пачыналіся менавіта з ініцыятыў згаданай грамадскай арганізацыі — ад традыцыі адзначаць Міжнародны дзень абароны дзяцей да такіх маштабных акцый, як «Нашы дзеці». Выхаванне малых, што засталіся без бацькоў, у дамах сямейнага тыпу і стварэнне першых такіх дамоў у нашай краіне — таксама добрае пачынанне Беларускага дзіцячага фонду.


Фота: pixabay.com

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускі дзіцячы фонд» з’явілася 27 лютага 1988 года. Сёння гэта адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый краіны. Яе місія застаецца нязменнай — абарона правоў і інтарэсаў дзяцей, аказанне ім маральнай і матэрыяльнай дапамогі. У першую чаргу гэта падтрымка дзяцей-сірот, малых са шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзяцей-інвалідаў і цяжкахворых, а таксама тых, хто сёння мае асаблівую патрэбу ў дапамозе.

У фондзе шэсць абласных арганізацый і 83 раённыя аддзяленні, яны аб’ядноўваюць больш за 20 тысяч чалавек. Многія яго пачынанні і праграмы падтрымліваюцца дзяржавай. Напрыклад, у далёкім ужо 1988 годзе па ініцыятыве фонду ўпершыню адзначаўся Міжнародны дзень абароны дзяцей. Згодна з указам Прэзідэнта, традыцыя працягваецца ў нашай краіне да гэтага часу.

Сёння ў нас паспяхова дзейнічае 289 дамоў сямейнага тыпу, работу якіх каардынуе асобная дзяржаўная праграма. Аднак мала хто ведае, што ініцыятыва іх стварэння належыць Беларускаму дзіцячаму фонду: у 1989-м быў арганізаваны першы такі дом.

У 1990 годзе першае беларускае дзіця было накіравана на лячэнне за мяжу — таксама па ініцыятыве фонду, пасля там пралячылі яшчэ 440 малых. 

У 1990–1991 гадах у рамках акцыі «Салідарнасць з дзецьмі Чарнобыля» больш за дзве тысячы дзяцей было накіравана на аздараўленне. Праз маленькіх беларусаў свет даведаўся пра чарнобыльскую трагедыю і пра Беларусь. І сёння дабрачынная арганізацыя працягвае падтрымліваць дадзеную праграму лячэння, аздараўлення і рэабілітацыі.

Менавіта Беларускі дзіцячы фонд выступіў з ініцыятывай прыняцця закона «Аб правах дзіцяці», заснаваў прэмію імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, якую атрымала больш за 90 сем’яў. У 1991-м распачаўся адзін з самых маштабных сёння дабрачынных праектаў, які з’яўляецца сімвалам дабрыні і спагады беларусаў. Тады ён меў назву «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», а сёння ўсім вядомы як «Нашы дзеці». Апошнія два гады праект змяніў фармат: фонд аб’яўляе збор сродкаў, якія пасля накіроўваюцца тым установам адукацыі і аховы здароўя, што маюць у іх патрэбу.

У 1992 годзе адбыўся арганізаваны фондам тэлемарафон «Выратуем дзяцей» — самы буйны на той момант, ён працягваўся 14 гадзін. Цяпер штогод такі марафон у рамках акцыі «Нашы дзеці» праводзяць абласныя падраздзяленні арганізацыі.

У 1993 годзе Беларускі дзіцячы фонд ініцыіраваў правядзенне першага пасяджэння дзіцячага парламента. А сёння маладзёжныя і падлеткавыя парламенты працуюць у 30 беларускіх гарадах у рамках ініцыятывы ЮНІСЕФ «Гарады, дружалюбныя дзецям і падлеткам», да якой Беларусь далучылася ў 2008 годзе.

Шмат рэалізаваных праграм датычыцца лячэння дзяцей. Адна з іх — «Дзіцячае сэрца», якая ажыццяўляецца з падтрымкай Міністэрства аховы здароўя.

— Каля тысячы дзяцей з цяжкімі захворваннямі сэрца выратавана, каля 400 накіравана на лячэнне ў замежныя клінікі. Больш за 500 малых прааперыравалі ў Беларусі, больш за дзве тысячы дзяцей з парокамі сэрца атрымалі кансультацыі з удзелам замежных спецыялістаў і клінік, — расказвае старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду Людміла Кандрашова. — У рамках праграмы пастаянна вядзецца перадача медыцынскага абсталявання ўстановам аховы здароўя краіны. З 2018 да 2022 года былі перададзены 63 адзінкі сучаснага медыцынскага абсталявання на суму больш за 2,5 мільёна рублёў. У цяперашні момант Беларускі дзіцячы фонд дапамагае РНПЦ «Кардыялогія».

З 1991 года адкрыта першая рэабілітацыйна-аздараўленчая змена «Вясёлка надзеі» для анкалагічна хворых дзяцей, а пасля і «Вясёлыя сардэчкі» — для дзяцей, якія перанеслі сур’ёзныя аперацыі на сэрцы або маюць захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. У іх рамках непаўналетнія праходзяць рэабілітацыю ў дзіцячых цэнтрах «Надзея» і «Зубраня».

Даўно шырока вядомыя такія праграмы, як «Юны талент», «Я бачу», «Стрыт-варкаўт». У рамках апошняй, напрыклад, было ўстаноўлена 18 першых варкаўт-пляцовак, якія і цяпер функцыянуюць. Ёсць і даволі нечаканыя праекты, адзін з іх — праграма па навучанні жанчын арганічнаму земляробству, якая рэалізоўваецца ў Віцебскай вобласці ў рамках узаемадзеяння з рэспубліканскім цэнтрам экалогіі.

Беларускі дзіцячы фонд узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», Падзякай Прэзідэнта, Ганаровай граматай Савета Міністраў, Ганаровай граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ганаровымі граматамі многіх міністэрстваў і ведамстваў.

— У нас за плячыма 35 гадоў дабра і міласэрнасці. Мы ўдзячныя ўсім, хто нас падтрымлівае, і ідзём наперад. У нас зроблена шмат, але яшчэ мноства задач наперадзе, якія мы будзем ажыццяўляць, — рэзюмавала Людміла Кандрашова.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».