У дзяцінстве Сашу ўнушалі, што «хлопчыкі не плачуць». І цяпер ён тое ж самае, як пад капірку, кажа сваім сынам. Ледзь толькі Мірон ці Мацвей заплачуць, адразу ж чую: «Ану, супакоіўся! Ты што, не мужык?!» Калі сусед тое ж самае неяк заявіў майму сыну, у мяне ўнутры з’явіўся пратэст. Я тады сказала Сымону, што дзядзька памыляецца — у тым, што хлопчык плача, няма нічога страшнага.
Як правільна рэагаваць на дзіцячыя слёзы? Што нельга рабіць падчас істэрыкі і што трэба? На гэтыя пытанні я знайшла адказы дзякуючы псіхолагу Карыне Рыхтэрэ. Год таму прымяніла яе парады на практыцы, і цяпер у майго 4-гадовага сына практычна няма істэрык. Не, ён па-ранейшаму плача, але гэта ўжо слёзы адаптацыі.
Прырода не прыдумала нічога лішняга, і слёзы — яе геніяльнае вынаходніцтва. Дзеці плачуць. І гэта цалкам нармальна. Проста ў дарослых не заўсёды бывае адэкватная рэакцыя на дзіцячыя слёзы. Мы лічым, што гэта нешта лішняе. Пастаянна кідаемся фразамі: «Не плач. Плакаць сорамна. Плакаць непрыгожа». Але псіхолагі сцвярджаюць, што забараняць дзіцяці плакаць, спрабаваць яго «выключыць» любой цаной у корані няправільна. Бо слёзы — ключавы механізм адаптацыі і развіцця асобы.
Кожнай маме трэба адрозніваць у дзіцяці два віды слёз. Слёзы пратэсту (непасрэдна сама істэрыка). Гэта крыкі і віск на высокіх нотах: «Ааа, не хачу, не буду!» Дзіця змагаецца, спрабуе змяніць сітуацыю, хоча, каб вы перадумалі, прынялі іншае рашэнне. З крыкамі «дай мне яшчэ адну цукерку!», «я хачу яшчэ адзін мульцік!» падае на падлогу, тупае нагамі, псіхуе. Цела пры гэтым напружана. Другі від слёз — слёзы адаптацыі. Калі дзіця выплаквае сваё гора, расчараванне, але пры гэтым разумее, што змяніць сітуацыю не можа. Гэта па-ранейшаму гучна, не заўсёды прыгожа, але ўжо на нізкіх нотах. «Ну, мама, ну чаму ты не даеш мне гэтыя цукеркі?» І цела пры гэтым расслабляецца. Дзіця разумее: ну не дасць мама 15-ю цукерку, не ўключыць мульцік. І паступова прымае сітуацыю, пры гэтым мяняецца стаўленне да яе. «Нічога не паробіш, такое жыццё. Хочаш — не хочаш, але трэба сыходзіць з пляцоўкі, класціся спаць, рабіць хатняе заданне». Калі дзіця выходзіць на адаптацыйныя слёзы, мудрая мама танцуе ў душы ад радасці.
Адаптацыйны механізм — ключавы для навучання, развіцця новых навыкаў, для поспеху ў жыцці. Так дзіця разумее, што не заўсёды ўсё будзе так, як хоча яно. Не пазбегнуць непрыемнасцяў, цяжкасцяў, праблем. Іх трэба ўмець вырашаць. Але перш трэба пераварыць негатыўныя эмоцыі, вывесці іх з арганізма. І слёзы — самы просты, экалагічны спосаб гэта зрабіць. У якасці прыкладу можна прывесці сітуацыю з адзнакамі. Калі дзіця ў 9 гадоў плача з-за «двойкі» — гэта нармальна. Тут пытанне ў тым, плача ці псіхуе? Калі сын прыходзіць дадому і кажа: «Мама, зноў гэта двойка. Я так стараўся. Мне здаецца, гэта несправядліва», — выплаквае сваё гора і ідзе рабіць урокі з новымі сіламі, значыць, усё ідзе нармальна. Калі ж ён толькі псіхуе, рве сшыткі — тут навідавоку «правісанне» адаптацыйных слёз.
Калі раз за разам выводзіць дзіця са слёз пратэсту ў слёзы адаптацыі — праз нейкі час вы забудзецеся пра істэрыкі. Калі ж бацькі сваімі словамі, дзеяннямі блакіруюць адаптацыйны механізм, пакідаюць дзіця толькі ў істэрыцы — яму прыйдзецца нялёгка і ў школе, і ў далейшым жыцці.
Вучыць дзіця слязам адаптацыі лепш за ўсё з 1,5–3 гадоў. Калі спазніліся, гэта не катастрофа. Да сямі гадоў дзіця — як пластылін, усё вельмі лёгка выправіць. Пасля сямі — таксама рэальна, проста складаней. Чым старэйшае дзіця, тым спатрэбіцца больш часу. Нават мужу, які вельмі шмат злуецца і псіхуе, можна вярнуць «адаптацыйныя слёзы». Проста трэба навучыцца аказваць яму правільную эмацыянальную падтрымку. Не «пілаваць», не даваць свае парады. Сказаць: «Хочаш, я табе завару гарбату, наляплю пяльмешак, зраблю масаж?.. Я бачу, як табе складана. Чым я магу табе дапамагчы?» Наогул, слёзы павінны быць у адкрытым доступе ў кожнага. Мы жывыя людзі, штосьці здарылася, расстроіліся — выплакаць гэту эмоцыю абсалютна нармальна ў любым узросце. Нават калі вы ў 35, 40, 50 гадоў не ўмееце экалагічна пражываць злосць, страх, гнеў, сум, ніколі не позна навучыцца, вярнуць сабе доступ да слёз адаптацыі. Проста пачніце прагаворваць тое, што адчуваеце. Бо самае экалагічнае выяўленне эмоцый — гэта іх агучванне.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Сёння гэтаму ўжо ніхто не дзівіцца.
23 мая адзначаўся Сусветны дзень спартыўнай барацьбы.