Вы тут

Святочная праграма: што будзе ў тэлеэфіры 8 Сакавіка?


Вясна па календары, а значыць, хутка Міжнародны дзень жанчын. Свята ўсе адзначаюць па-рознаму, але калі спатрэбіцца знайсці дадатковую нотку добрага настрою, можна пашукаць яго ў тэлепраграме. Там знойдуцца прапановы на любы запыт.


На тэлеканале АНТ у гэты дзень пакажуць мастацкі фільм «Вясна на Зарэчнай вуліцы». Савецкая класіка ад рэжысёрскага дуэта Фелікса Міранера і Марлена Хуціева з рамантычным сюжэтам добры варыянт правесці час дома ў кампаніі любімай кінастужкі. У ёй усё, як у жыцці: пошукі сябе і нечаканая сустрэча з сапраўдным пачуццём, трэба яго распазнаць і не прайсці міма.

У святочным эфіры запланаваны таксама канцэрт заслужанай артысткі Беларусі Вікторыі Алешкі «Дзякую». У праграме прагучаць як новыя кампазіцыі спявачкі, так і тыя, па якіх яна стала пазнавальнай за гады творчага жыцця... А вечарам гледачоў тэлеканала чакае прэм’ера тэлевізійная версія творчага вечара кампазітара Аляксея Рыбнікава «Праз церні да зорак». Яго музыка для тэатра і кіно пазнавальная і любімая цэлымі пакаленнямі: «Юнона і Авось», «Вялікая касмічная вандроўка», «Вусаты нянь», «Ішоў сабака па раялі», «Вам і не снілася», «Прыгоды Бураціна», «Пра Чырвоную Шапачку», «Той самы Мюнхгаўзен» і іншае. У канцэрце бяруць удзел Аляксей Рыбнікаў і артысты расійскай эстрады Пелагея, Валерыя, Аляксандр Алешка, Дзмітрый Калдун і многія іншыя.

На сацыякультурным тэлеканале таксама запланаваны тэматычны эфір да святочнай даты. Тут нас чакаюць дакументальнае і прыгодніцкае кіно, сустрэчы з любімымі акцёрамі і добрая музыка. Напрыклад, госцяй праекта «Кадры жыцця» стане заслужаная артыстка Беларусі Валерыя Арланава (БТРК, 2023 год). Актрыса, знаёмая аўдыторыі па спектаклях у Тэатры-студыі кінаакцёра і па шматлікіх ролях у кіно, у ліку якіх, напрыклад, фільмы «Павадыр», «Тум-Пабі-Дум», «Здзіві мяне», «Дунечка», «Справы сямейныя». Не прапусціце цікавую размову днём на «Беларусь 3».

А кінааматарам у падарунак паказы кінастужак «Беражыце жанчын», «Вакзал для дваіх» і «Д’Артаньян і тры мушкецёры». Дарэчы, што датычыцца апошняга кінафільма, то яму будзе прысвечаны выпуск дакументальнага цыкла «Вялікае кіно». З яго мы даведаемся падрабязнасці пра тое, чаму легендарны музычны фільм толькі цудам дайшоў да гледача. Так, фінансаванне было бедным, на здымачнай пляцоўцы панаваў хаос, а ў будучы поспех увогуле мала хто верыў. Акцёры на здымачнай пляцоўцы атрымлівалі траўмы, а сцэнарыст і аўтар тэкстаў падалі на рэжысёра ў суд, з-за чаго стужка на год трапіла пад арышт... Калі вам цікава даведацца больш пра тое, чаму выхад вялікай кінакарціны мог не адбыцца, знайдзіце час, каб спазнаць закадравыя таямніцы легендарнай кінаработы.

Музычным падарункам для жанчын стане канцэртная шоу-праграма «Жаночы хіт» ад артыстаў Маладзёжнага тэатра эстрады. У святочны дзень для любімай публікі тут прагучаць хіты ў найлепшых сучасных аранжыроўках. На сцэне выступяць заслужаная артыстка Беларусі Жанет, заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі, Аляксандра Гайдук, Аляксандр Сухараў, Ганна Благава і многія іншыя. Глядзіце і лавіце сваю хвалю пазітыву да свята.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».