Вы тут

Новы сезон на Аўгустоўскім канале пройдзе ў рамках святкавання 200-гадовага юбілею


Урачыстае адкрыццё сезона адбудзецца ў канцы мая. А вось навігацыя на канале можа пачацца ўжо ў сакавіку. Што яшчэ чакае турыстаў у юбілейным сезоне? Пагаварылі з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў.


Навядуць парадак

За ім на канале сочыць прадпрыемства «Гроднамеліявадгас». Начальнік планава-эканамічнага аддзела Павел Коханаў расказаў, што на канале пачалася работа па праверцы шлюзаў і веладарожак, стварэнні ўмоў для байдарачнікаў і маламерных суднаў. Будзе адноўлена маркіроўка вела-пешых маршрутаў і праінспектаваны фарты і доты Гродзенскай крэпасці ў раёне Аўгустоўскага канала з мэтай праверкі бяспечнасці доступу да іх.

Увогуле аб’ём работ даволі сур’ёзны. Акцэнт зроблены на стан суднаходнага прычала і разваднога моста на шлюзе Дамброўка. Іх неабходна адрамантаваць, а таксама правесці генеральную прыборку тэрыторыі, у тым ліку заняцца абрэзкай кустоў і дрэў. Шлюз — самае папулярнае месца адпачынку і пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Сродкі на ўтрыманне канала выдзяляюцца як з бюджэту прадпрыемства, так і па лініі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі», бо аб’ект з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і помнікам гідратэхнічнага драўлянага дойлідства. Многія турысты прыязджаюць сюды менавіта для таго, каб убачыць гэтае старажытнае збудаванне. Але не толькі. Па канале можна і на цеплаходзе пакатацца. Судна «Нёман» курсіруе больш за 15 гадоў, таму цяпер праходзіць асабліва шчыльны прафілактычны рамонт. Напрыклад, сёлета тут замянялі некаторыя дэталі рухавіка. Абавязкова да пачатку сезона цеплаход абнаўляецца і фарбуецца. Адкрыццё сезона тут гатовыя здзейсніць ужо ў другой палове сакавіка.

— Мы атрымалі дазвол на адкрыццё навігацыі ў сакавіку. Як толькі будзе спрыяць надвор’е, пачнём катаць. Жадаючых хапае. Летась рабілі і па 12-13 рэйсаў на дзень. Асабліва шмат пасажыраў бывае падчас свят. Напрыклад, самым масавым стаў заключны дзень фестывалю нацыянальных культур, я такой колькасці наведвальнікаў тут не бачыў, — расказаў прадстаўнік «Гроднамеліявадгаса».

Ёсць усе падставы лічыць, што і сёлета на канале будзе шматлюдна. Да юбілейнай даты рыхтуецца даволі цікавая праграма.

Паплывуць на чым папала

Марафон мерапрыемстваў пачне самае яркае свята народнай творчасці — «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў». Як паведамілі ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры, старт юбілейным імпрэзам будзе дадзены 27 мая. Фэст традыцыйна пачынае новы турыстычны сезон, але на гэты раз яго праграма сапраўды святочная. Тут і конкурс рыбаловаў з дэгустацыяй рыбных страў, і прэзентацыя аграсядзіб, і фэст беларускай нацыянальнай кухні, і бітва лесарубаў. А яшчэ адбудзецца відовішчнае шоу флайбардзіста на вадзе. Але больш за ўсё тут чакаюць заплыву «на чым папала». Гэты конкурс стартаваў некалькі гадоў таму і стаў папулярным. Праўда, праходзіў ён падчас іншага свята, а летась наогул не адбыўся. І вось сёлета, у юбілейны для канала год, спаборніцтва аднавілі. Таксама ў гэты дзень адбудзецца выступленне вогненнага цырка і лазернае шоу над вадой.

Адным са знакавых можна назваць «Свята мора» з Нептуном і яго світай. Гэта адносна малады фестываль, які праходзіць у пачатку жніўня і напоўнены не толькі воднымі забавамі і спаборніцтвамі. Найбольшую цікавасць выклікае чэмпіянат па балотным футболе, прычым гуляюць у яго як хлопцы, так і дзяўчаты. Набіраецца даволі шмат камандаў з раёнаў вобласці.

Не так даўно тут сталі праводзіць масавае свята «Купалле» і «Аўгустоўскі фрэш», якія асабліва палюбіла моладзь. А вось фэст «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» можна назваць брэндавым. Гэта самае першае мерапрыемства на канале, традыцыя якога працягваецца. У рамках яго прадстаўнікі творчых калектываў Гродзеншчыны дэманструюць нацыянальны каларыт беларускай, літоўскай і польскай культур.

Канал стаў месцам правядзення спартыўных спаборніцтваў. Тут праводзіцца Рэспубліканскі лёгкаатлетычны забег «Аўгустоўскі канал-трэйд», водны марафон, веламарафон і іншыя.

Пашыраць водны адпачынак

У сезон канал мае прыхільнікаў у любы дзень. Вялікая масавасць назіраецца тут у гарачыя выхадныя, хоць купацца і забаронена. Як ужо было сказана, на прычале стаяць два цеплаходы, якія катаюць турыстаў. Летась білет на гадзіну паездкі каштаваў 10 рублёў з чалавека, магчыма, такі кошт застанецца і сёлета. Арэнда для турыстычных груп — 400 рублёў. Паездка ўключае і шлюзаванне, якое выклікае шмат эмоцый. Доўгі час па канале хадзіў толькі цеплаход «Нёман», але летась да яго далучылася судна гродзенскага рачнога порта «Вольга Соламава».

Вядома, водная вандроўка на цеплаходзе — не адзіная атракцыя канала. Тут таксама можна пакатацца на лодках і катамаранах, праехаць на ровары па некалькіх маршрутах. Уздоўж канала нямала маўклівых сведак ваеннага мінулага, у прыватнасці, дотаў і фартоў. Ёсць нават спецыяльны маршрут па гэтых мясцінах. Дарэчы, у планах работнікаў культуры раёна адрадзіць яшчэ некалькі маршрутаў. У прыватнасці, пешы «Тут пачыналася вайна» і веласіпедны «Гродзенскі ўмацаваны раён». З’явіцца турыстычны маршрут па мясцінах воінскай славы з анімацыйнай праграмай. Аматарам экатурызму прапануюць выйсці на сцежку ўздоўж канала. Распрацоўкай дадзенага маршруту займаецца Гродзенскі лясгас.

Каб зрабіць канал больш папулярным, прадпрыемства «Гроднамеліявадгас» летась значна папоўніла тэхнічны парк. Абноўлены парк катамаранаў — ён папоўніўся 13 новымі адзінкамі, ёсць і новыя лодкі, у тым ліку, з электраматорам. Акрамя таго, закуплены электрафэтбайкі і квадрацыклы. Цяпер ідзе ўзгадненне з ДАІ, як арганізаваць іх рух.

Летась на палянцы шлюза ўстаноўлены дзіцячы гульнявы комплекс «Брыганціна» — вялікі карабель з рознымі атракцыёнамі. На думку прадстаўніка прадпрыемства Паўла Коханава, на гэтым папулярным месцы адпачынку можна было б арганізаваць і джунглі-парк.

У былым доміку наглядчыка канала абсталявана музейная экспазіцыя, якая расказвае аб гісторыі аб’екта. Трэба сказаць, дабірацца сюды прасцей з турыстычнымі групамі, але многія едуць на ўласным аўто — ад Гродна да шлюза Дамброўка каля 40 кіламетраў. Магчыма, сёлета будзе арганізаваны прамы рэйс з аўтавакзала Гродна да канала, як гэта было ў папярэднія гады. Пакуль пытанне застаецца адкрытым.

Непасрэдна за некалькі кіламетраў знаходзіцца шэраг даволі камфортных месцаў для пражывання. Свае паслугі прапануе і «Гроднамеліявадгас» на турыстычнай базе ў вёсцы Сонічы, тут адпачынак адзін з самых танных — 20 рублёў у суткі. Таксама рыхтуецца да эксплуатацыі яшчэ адзін дом наглядчыка канала, але ўжо на шлюзе—рэгулятары Куркуль. Згодна з праектам, тут будзе зона адпачынку з альтанкай, мангалам і спальнымі месцамі.

Новыя магчымасці канала

Трэба сказаць, Аўгустоўскі канал — толькі частка вялікай тэрыторыі, якая пазначаецца як «Парк «Аўгустоўскі канал». Па словах галоўнага архітэктара Гродзенскага раёна Анатоля Караля, на гэтым вялікім участку павінна быць цэлая сістэма турыстычных паслуг, якія паміж сабой ствараюць кааперацыю, ці, як яшчэ кажуць, кластары. На яго думку, канал на ўсім працягу валодае вялікім турыстычным патэнцыялам.

Пакуль, як сцвярджае галоўны архітэктар Гродзенскага раёна, на самім канале прымаюць турыстаў толькі сядзібы, капітальных забудоў няма. Далей часовых павільёнаў і навесаў справа не ідзе, хоць тут пракладзены інжынерныя камунікацыі для падключэння электраэнергіі.

Сёлета за кошт рэспубліканскага бюджэту будзе распрацаваны праект парку «Аўгустоўскі канал», дзе кожны аб’ект атрымае сваё архітэктурнае развіццё. Ужо ёсць дэталёвыя планы па некалькіх населеных пунктах. Яны прайшлі ўзгадненне і пачнуць рэалізоўвацца, на чарзе — яшчэ некалькі вёсак уздоўж канала.

— Тут безліч цікавага. Гэта і Аўгустоўская пушча, і азёры, і маршрут па «лініі Молатава», і байдаркі. Шмат дзіўнага можна знайсці ў навакольных вёсках. Тут нямала напрамкаў — і археалагічны, і навуковы, і этнаграфічны, і гастранамічны. Рэсурсаў мноства, іх толькі варта задзейнічаць, — упэўнены суразмоўнік.

Новы план дае магчымасць прыцягваць на канал інвестараў. Хто хоча сябе рэалізаваць, можа гэтым заняцца, рэзюмуе галоўны архітэктар раёна. 

Наша даведка

Аўгустоўскі канал пачаў будавацца 200 гадоў таму і павінен быў злучыць Віслу і Нёман для выхаду ў Балтыйскае мора. Некалькі разоў рашэнне аб яго будаўніцтве адкладвалася, хоць ідэя канала была агучана яшчэ ў ХVІ стагоддзі падчас праўлення Стэфана Баторыя. А падпісаў указ аб будаўніцтве расійскі імператар Аляксандр І. Канал будавалі ажно 15 гадоў, у выніку атрымалася вельмі складанае гідратэхнічнае збудаванне агульнай працягласцю больш за 100 кіламетраў, з якіх 24 прыпадае на тэрыторыю Беларусі. Пасля даволі працяглага перыяду заняпаду канал было вырашана ўзнавіць у якасці турыстычнага аб’екта. Указ аб яго рэканструкцыі быў падпісаны Прэзідэнтам Беларусі ў 2004 годзе, а ўжо праз два гады работы былі завершаны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.