Вы тут

Аб чым Кубракоў гаварыў з журналістамі падчас прэс-канферэнцыі


Напярэдадні Дня беларускай міліцыі кіраўнік ведамства пракаментаваў найбольш рэзанансныя падзеі апошніх дзён і расказаў, як з улікам сучасных рэалій развіваюцца органы ўнутраных спраў. Іван Кубракоў звярнуў увагу на тое, што скарачаецца колькасць злачынстваў. Як кіраўніка міліцэйскага ведамства, яго не можа не радаваць, што ўсё менш становіцца забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў.


Фота: МУС

Наступствы новай субкультуры

Каментуючы прадухіленне масавай акцыі з удзелам непаўналетніх у Гомелі, якое днямі ажыццявілі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, міністр расказаў аб новым маладзёжным руху «Рэдан». Субкультура ўзнікла ў якасці пераймання японскай мультыплікацыі Hunter x Hunter аб злачыннай групоўцы «Геней Рэдан» і адзначаецца магчымым удзелам яе прыхільнікаў у масавых бойках у гандлёвых цэнтрах. Як заўважыў Іван Кубракоў, на тэрыторыі Беларусі ўсё пачалося 22 лютага. Да гэтага субкультура вельмі актыўна распаўсюджвалася на тэрыторыі як Расійскай Федэрацыі, так і Украіны. І калі ў Расіі ўжо даходзіла да боек паміж маладымі людзьмі, то беларускія праваахоўнікі своечасова адрэагавалі і падобнага не дапусцілі. «Як толькі гэтая інфармацыя з’явілася ў сетцы і мы ўбачылі актыўнасць нашых маладых людзей, адразу пачалі працаваць, — распавёў міністр унутраных спраў. — У першую чаргу, па адміністратарах, па тых блогерах, якія паспрабавалі хайпануць на гэтай тэме. Усе яны былі затрыманы, асабліва тыя, хто заклікаў сабрацца ў пэўным месцы. Непаўналетніх перадалі бацькам, з імі была праведзена прафілактычная работа».

У Гомельскай вобласці было затрымана каля 200 чалавек. Падобнае магло адбыцца і ў Рэчыцы, дзе па той жа схеме каля гандлёвага цэнтра спрабавала сабрацца моладзь. Аднак там вельмі аператыўна спрацавалі органы ўлады. Прыйшлі педагогі з усіх школ горада, якія без супрацоўнікаў міліцыі правялі такую прафілактычную работу, што ўсе разышліся па хатах.

Як адзначыў міністр унутраных спраў, заклікі сабрацца каля гандлёвых цэнтраў распаўсюджваюцца вельмі хутка па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Тое, што днямі адбылося ў Гомелі, магло паўтарыцца і ў Мінску, але супрацоўнікі міліцыі спрацавалі на прафілактыку і не дапусцілі гэтага. «Было затрымана каля 80 чалавек, з іх 15 паўналетніх, якія каардынавалі гэтыя групы моладзі, яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, — заўважыў Іван Кубракоў. — Усім дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка. Наша задача — не даць гэтым дзецям, якія паддаліся на заклікі ў інтэрнэце, зламаць свой лёс». Адпаведныя прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца Міністэрствам унутраных спраў сумесна з Міністэрствам адукацыі ў школах. Прадухіліць прасцей, чым потым разбірацца з наступствамі.

Па слядах гучных ДТЗ

Прадстаўнікі масмедыя пацікавіліся, якія мерапрыемствы МУС праводзіць у сувязі з рэзананснымі дарожна-транспартнымі здарэннямі, што днямі адбыліся з удзелам маршрутных таксі. Нагадаем, у аварыі ў Смалявіцкім раёне загінулі 11 чалавек. Іван Кубракоў звярнуў увагу на тое, што праверачныя мерапрыемствы, асабліва ў дачыненні да маршрутак, праводзяцца ведамствам пастаянна. «Мы добра разумеем, што грамадскі транспарт — транспарт павышанай небяспекі, якім карыстаецца вялікая колькасць людзей, — удакладніў міністр унутраных спраў. — Стыль кіравання вадзіцелямі маршрутных таксі ў многіх жыхароў нашай краіны, ды і яе гасцей, выклікае пэўныя пытанні. Мы працуем на прафілактыку. Той, хто парушае Правілы дарожнага руху, адхілены ад кіравання, нехта пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам».

Што датычыцца праверак пасля трагічнага ДТЗ, якое адбылося, кіраўнік міліцэйскага ведамства заўважыў, што ў першую чаргу органы ўнутраных спраў працуюць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у якіх зарэгістравана вялікая колькасць маршрутных таксі. Асабліва гэта датычыцца міжгародніх перавозак. «Калі казаць аб выяўленых недахопах, вядома, яны ёсць: пачынаючы ад пераабсталявання маршрутных таксі, заканчваючы адсутнасцю рамянёў бяспекі, праходжання тэхнічнага агляду, перавозкі такой колькасці пасажыраў, якая не адпавядае колькасці месцаў у маршрутным таксі, — канкрэтызаваў ён. — Вынікам работы, мяркуецца, стануць пэўныя прапановы па ўнясенні змяненняў у Правілы дарожнага руху — у пытаннях, якія датычацца маршрутнага і грамадскага транспарту».

Ліцэям — быць!

Міністр унутраных спраў расказаў, што ва ўсіх абласцях краіны ідзе актыўная работа па стварэнні спецыялізаваных ліцэяў МУС. У Мінску такі ўжо ёсць. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу стварыць аналагічныя навучальныя ўстановы ў кожным рэгіёне краіны.

Першы рэгіянальны ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў з’явіцца ў Магілёве. Па словах кіраўніка ведамства, ужо падабраны будынак, у цяперашні час ідуць праектныя работы. Плануецца, што ў 2024 годзе ліцэй адчыніць свае дзверы для першых выхаванцаў. Іван Кубракоў адзначыў, што як толькі прайшла інфармацыя аб стварэнні ліцэяў ва ўсёй краіне, паступіла вялікая колькасць заявак на навучанне ў іх. Міністр не хавае: у ліцэі рыхтуюцца будучыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Але, па яго словах, калі яны і не пажадаюць паступаць у любую ВНУ сілавога профілю, то тое, што яны будуць выхаваны сапраўднымі патрыётамі, — ужо добры вынік.

Педафілам — жорсткі адказ

Адказваючы на пытанні журналістаў, Іван Кубракоў адзначыў, што, на жаль, у грамадстве ёсць праблема педафіліі. Органы ўнутраных спраў — адны з першых, хто ўзняў гэтую тэму, аб якой доўгі час не прынята было гаварыць. «Мы пачалі шчыльна працаваць з педагогамі, з медыцынскімі супрацоўнікамі, у тым ліку з псіхолагамі, ад якіх паступае інфармацыя, — удакладніў міністр. — Выяўляем тыя сем’і, дзе ёсць праблемы».

Аднак знаходзіць такіх злачынцаў у інтэрнэце, па яго словах, няпроста. «З’явіліся новыя падраздзяленні, у прыватнасці, падраздзяленні інтэрнэт-разведкі, якія манітораць гэтую сітуацыю ў інтэрнэце, — расказаў Іван Кубракоў. — Мы не проста блакіруем сайт — мы даходзім да кожнага чалавека, які здзяйсняе такога роду злачынствы, прыцягваем іх да адказнасці».

У нагу з часам

Кажучы аб тэхнічным развіцці міліцыі, Іван Кубракоў спыніўся на відэаназіранні, якое актыўна развіваецца не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах краіны. Ён паведаміў, што толькі ў сталіцы ў маніторынгу грамадскай бяспекі налічваецца каля пяці тысяч камер. Пры гэтым ёсць відэакамеры, якія распазнаюць твары. Расказаў Іван Кубракоў і пра новыя падраздзяленні, якія з’яўляюцца ў органах унутраных спраў. У прыватнасці, інтэрнэт-разведка, якая, па яго словах, сёння неабходная для любой службы. У мінулым годзе на базе ўнутраных войскаў былі створаны і такія два новыя спецыяльныя падраздзяленні, як «Рысь» і «Смерч». Спецпадраздзяленне «Рысь» можа працаваць у любых умовах, на любой тэрыторыі, але перш за ўсё яно створана для супрацьдзеяння дыверсійна-разведвальным групам. У «Рысь» уваходзяць ваеннаслужачыя ўнутраных войск. Яшчэ адно спецпадраздзяленне — «Смерч» — складаецца з добраахвотнікаў. Як правіла, гэта маладыя людзі, якія раней праходзілі службу ў спецпадраздзяленнях, ва ўнутраных войсках. «Гэтыя людзі гатовы ў любы час прыбыць у воінскую часць і стаць у баявыя рады, абараняючы сваю Радзіму», — падкрэсліў міністр унутраных спраў. Па яго словах, у далейшым ёсць неабходнасць стварэння такіх спецпадраздзяленняў ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.