Вы тут

Вясновае абуджэнне: камедыя-сюрпрыз у Музычным тэатры


Пачатак сакавіка: тэатры натхняюцца вясной, а творцы жывуць гісторыямі пра каханне. Разумеюць, што запыт будзе. На гэта і разлічвалі ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, калі планавалі прэм’еру спектакля «Гульня кахання» на 8-е і 9-е сакавіка.


Музычная камедыя ў дзвюх дзеях створаная паводле п’есы французскага драматурга XVIII стагоддзя П’ера дэ Марыво, які ў свой час быў вельмі папулярным і запатрабаваным аўтарам. Яго «Гульня кахання і выпадку» — камедыя палажэнняў, жанр ненавязлівы і любімы шырокімі коламі публікі. А тут яшчэ і ў музычнай «аправе» — цікава? Тым больш што ў спектаклі выкарыстаныя песні вядомага савецкага і расійскага барда Юлія Кіма, лаўрэата дзяржаўнай прэміі імя Булата Акуджавы. У свой час Кім пісаў песні для тэатраў і кіно. Быў перыяд, што пад псеўданімам. Шмат якія яго песні сталі сапраўднымі хітамі. У спектаклі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра твор прагучыць у аркестроўцы дырыжора Юрыя Галяса, які імкнуўся злучыць яго з жанрам камедыі дэль артэ, альбо камедыі масак. Сапраўды, у гэтым жа сутнасць п’есы — адна пара мяняецца месцамі з іншай, не разумеючы, што насамрэч адбываецца. А ўсё проста. Сільвію вырашылі аддаць замуж. А яна падсылае сваю служку, каб тая замест гаспадыні пазнаёмілася з жаніхом. Ён у той жа час вырашае «праверыць» нявесту і накіроўвае да яе свайго слугу Арлекіна... Весела? А калі на сцэне, з адпаведным акцёрскім імпэтам, зададзеным пастаноўшчыкамі...

Тут частка беларускіх гледачоў зверне ўвагу на яшчэ адну інтрыгу: рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля пра каханне стаў... запрошаны расійскі акцёр Марат Башараў, заслужаны артыст Рэспублікі Татарстан. Вядома, тэатру цікава ствараць сумесныя праекты, каб на афішах значыліся імёны, якія на слыху. І калі Башарава як рэжысёра мы пакуль не ведаем, то ўсё, канешне, можа змяніцца ў адзін дзень. Людзі ж могуць удасканальвацца і здзіўляць, у тым ліку і ў прафесійным плане. Над прэм’ерай яму дапамагаў працаваць як харэограф-пастаноўшчык Андрэй Карх, вядомы як артыст расійскіх мюзіклаў. Праўда, беларускія артысты маглі ўносіць свае фарбы ў танцавальны малюнак, які б характарызаваў і дапаўняў увасобленых імі персанажаў. Ну і музыка, вядома, у гэтым павінна дапамагаць. Дырыжорам-пастаноўшчыкам спектакля выступіла Марына Траццякова. Мастацкае афармленне забяспечваў Андрэй Меранкоў. Але ўсё залежыць у выніку ад беларускіх артыстаў. Бо вытрымаць ўмоўнасці жанра камедыі дэль артэ да канца і стварыць лёгкасць, якая яму ўласцівая, — справа майстэрства. А тут жа яшчэ замешана каханне, у якое глядач павінен паверыць нягледзячы на ўсе хітрыкі, інтрыгі і заблытанасць сітуацыі (узроставая катэгорыя гледачоў, дарэчы, мае абмежаванне16+). Застаецца спадзявацца, што маладыя людзі разбяруцца са сваім каханнем. Каб мары ў герояў не аказаліся разбітымі няшчырасцю, падманам і фальшывымі пачуццямі, а ў зале ніхто не застаўся з думкамі пра разбітыя сэрцы, бо каханне «накрывае» як гаспадароў, так і іх служак, усё павінна скончыцца добра. Зрэшты, згодна з законамі жанру. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?