Напрыканцы мінулага года ў гродзенскім выдавецтве «ЮрСаПрынт», якое пераважна арыентавана на выпуск літаратуры па гісторыі і культуры Гродна, свет пабачыў зборнік лірыкі пад назвай «Памяць — бяссмерце народа».
Выданне ў цвёрдай вокладцы ўяўляе своеасаблівае паэтычнае развітанне з Годам гістарычнай памяці і складаецца з вершаваных рэфлексій членаў Саюза пісьменнікаў з нагоды тых ці іншых гістарычных падзей. Укладальнікамі зборніка выступілі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Кавальчук.
Паводле меркавання Міхася Пазнякова, святы абавязак паэтаў і пісьменнікаў — надаць належную ўвагу «нашай гісторыі, як далёкай, так і нядаўняй — дзеля знітавання грамадства, міру і далейшага росквіту». Зрэшты, акцэнт у кнізе робіцца менавіта на падзеях, якія мелі месца не так даўно. Не абмінулі аўтары і тэму Вялікай Айчыннай вайны, укладу беларусаў у Вялікую Перамогу. На вызначальнай ролі гераічнага подзвігу народа Беларусі настойвае і аўтар прадмовы Міхась Пазнякоў: «І нават пасля развалу былой вялікай савецкай краіны Днём незалежнасці, Днём Рэспублікі Беларусь у нас мудра абвешчана велічная дата — 3 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе наша слаўная сталіца была вызвалена савецкімі войскамі ад фашысцкіх захопнікаў».
У зборнік увайшлі творы трыццаці шасці паэтаў, напісаныя на рускай і беларускай мовах у розныя гады. Вершам кожнага з аўтараў папярэднічае кароткая біяграфічная даведка. Адкрывае кнігу Алег Ананьеў з сюррэалістычнай элегіяй «Общаясь с памятью, как с Богом…». Творца пераказвае кашмар, атрыманы ім у спадчыну ад продкаў: лірычны герой бачыць страшны сон пра вайну, якой сам не зазнаў, але якую перажыла яго маці. Выснова напрошваецца сама сабой: «А сон этот вовсе не странный: // Пусть не был я в адском огне, // Но память в крови моей мамы, // А значит — она и во мне…» Звяртаюць на сябе ўвагу некаторыя недасканаласці. Так, першы ў кнізе верш заканчваецца, як ні дзіўна, працяжнікам, а са слоў «Общаясь с памятью, как с Богом…» пачынаецца другі твор (хоць назвы не мае і аддзяляецца ад папярэдняга знакам ***).
Пераважна ў зборнік трапілі творы класічных форм і жанраў. Адысці ад канонаў адважыліся нямногія. Прыкметна на агульным фоне вылучаецца, напрыклад, Таццяна Жылінская. Верш «Сон» аўтарства пісьменніцы выяўляе дзіўныя перакліканні са згаданым вышэй творам Алега Ананьева. «Что-то часто мне женщина эта снится. // Страшный год сорок первый // И крепость Брест», — завяршае споведзь паэтэса. Без блытаніны не абышлося і тут: памылковая вёрстка сказіла сэнс твора. Разнастайнасцю парадавалі вершы Віктара Шніпа, чыя падборка «невымоўных» прысвячэнняў («Сонца Франціша Скарыны», «Невымоўнае Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча», «Зямля Фердынанда Рушчыца») бясстрашна абвяргае прымат рыфмы.
У новым зборніку таксама можна знайсці вершы Лёлі Багдановіч, Дар’і Дарошкі, Зінаіды Дудзюк, Андрэя Душачкіна, Тамары Кавальчук, Людмілы Кебіч, Міхаіла Кулеша, Міхася Пазнякова, Лізаветы Палеес, Валянціны Паліканінай, Надзеі Парчук, Генрыха Тарасевіча і многіх іншых.
Каміла НАВІНКІНА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.