Вы тут

Часопіс «Мастацтва» адзначае 40-гадовы юбілей


Сорак год таму, у студзені 1983 года, выйшаў першы нумар часопіса «Мастацтва Беларусі». У 1992-м ён памяняў назву, стаў называцца проста «Мастацтва», потым зрабіўся часткай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва». Але па-ранейшаму выходзіць, дае слова творцам і крытыкам, распавядае пра гісторыю беларускага мастацтва і яго сучасны працэс. З нагоды юбілею выдання мы папрасілі выказацца пра яго вядомых дзеячоў культурнай прасторы. 


Фота: pixabay.com

Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: «Перагледзеўшы спіс сваіх публікацый за 40 гадоў, я высветліла, што пачала друкавацца ў часопісе з 1990-га года. Як гісторык мастацтва я прапанавала рэдакцыі цыкл прац па гісторыі беларускага мастацтва канца XIX — пачатка ХХ ст. І першы мой артыкул быў пра мастака Аркадзя Астаповіча, які трагічна загінуў у першы год вайны. За прамінулы час у часопісе было надрукавана каля 50 маіх артыкулаў. А паколькі ў Беларусі не існавала да апошняга часу музейнага часопіса, «Мастацтва» заставалася адзіным выданнем, якое сумяшчала ў сабе ўсе функцыі. Часопіс рабіў публікацыі па гісторыі беларускага мастацтва, друкаваў творы народных мастакоў і іх успаміны (вельмі цікавыя Сергіевіча, Грамыкі, Кашкурэвіча), а таксама адлюстроўваў сучасныя праекты, і ўяўляў з сябе своеасаблівую хроніку мастацккага жыцця не толькі Мінска, але і ўсёй Беларусі. Напэўна, не было юбілейнай выставы заўважнага мастака, на якую ў часопісе не з’явілася б рэцэнзіі. Нейкі час выданне нават было ВАКаўскім, публікацыі ўлічваліся пры абароне дысертацый. Часопіс заўсёды выпускаў рэпрадукцыі ў колеры, і зараз, перагортваючы старыя нумары, бачыш, як паступова мяняецца гісторыя беларускага мастацтва, і мяняецца якасць саміх рэпрадукцый — напачатку яны друкаваліся на не вельмі добрай паперы, не ў вельмі добрай якасці, як паступова становяцца ўсё больш яркімі, выразнымі. Часопіс робіцца сучасным, еўрапейскага дызайну. Ён трапляў не толькі ў беларускія бібліятэкі, але як адзіны беларускі прафесійны часопіс па мастацтве стаяў і на паліцах бібліятэк іншых краін. Самая знакамітыя творы нашага часу былі прадстаўленыя ў гэтым часопісе. Напрыклад, «Габелену века» народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі прысвечаны вялізны артыкул з публікацыяй фрагментаў твора. Запомнілася вялікая публікацыя пра выставу Язэпа Драздовіча, асобны нумар быў прысвечаны пашырэнню плошчаў Нацыянальнага мастацкага музея. Многія мастакі лічылі гонарам з’явіцца ў гэтым часопісе. Ведаю, што выкладчыкі сусветнай мастацкай культуры выкарыстоўваюць часопіс «Мастацтва» — ён мае і вялікую адукацыйную функцыю. Часопіс ёсць у інтэрнеце, ён алічбаваны, зрабіўся даступным, і гэта вельмі важна, бо гэта папулярызацыя беларускага мастацтва, і класічнага, і сучаснага.

Іван Міско, народны мастак Беларусі: «Сёння вельмі важна, каб часцей выступалі мастацтвазнаўцы. Але вельмі важна, і каб яны не варыліся ў сваім катле, каб той жа часопіс „Мастацтва“ запрашаў скульптараў на круглыя сталы, на нейкія абмеркаванні. Бо гаварыць пра мастацтва павінны прафесіяналы. Вось абмяркоўваем скульптуру... Даем слова аднаму, другому, трэцяму... А асноўнае не сказана. Пра што трэба казаць? Пра кампазіцыйнае рашэнне, пластыку, прапорцыі, пастаноўку, прывязку да месца... Усе гэта трэба добра ведаць. Таму што былі выпадкі, калі нават Май Данцыг, выдатны жывапісец, прыходзіў да нас на аддзяленне скульптуры, мы давалі яму гліну, ён спрабаваў ляпіць, і нічога не выходзіла. Ён бачыў плоскасць. Разумення аб’ёму не было. Ці вось даеш архітэктару заданне: распрацаваць праект помніка. Яго навучылі, як ставіць вакно, як ставіць дзверы. А што такое — вырашыць пластыку ў прасторы, яго не вучылі. Таму мы, скульптары, мала з кім супрацоўнічаем. І вельмі мала бачым прафесійных артыкулаў пра скульптуру. Абмяркоўваць помнік, які толькі што адкрыўся ў бронзе, позна. Трэба яго абмяркоўваць у момант праекта рашэння, у мяккім матэрыяле. Крытыка патрэбная ў час. Кепска, калі яна сыходзіць ад людзей, якія не маюць адносін да мастацтва. Таму заўсёды чакаем увагі да скульптуры ад часопіса „Мастацтва“, які прадназначаны для выказванняў прафесіянальных мастацтвазнаўцаў — такая крытыка нам вельмі патрэбная». 

Глеб Отчык, старшыня Саюза беларускіх мастакоў: «Гэта той адзіны часопіс, які сапраўды прафесійна гаворыць пра мастацтва. Вельмі якаснае выданне, якое сёння годна адлюстроўвае адметнасць нашай культуры. Усе нумары «Мастацтва», якія сёння захоўваю — гэта не проста панарама нашай культуры, гэта яе алтар — бо на старонках адзначана лепшае, адметнае. Каштоўна, што ў нас ёсць выданне, якое па якасці сваёй уражвае нашых калег з Расіі, з іншых краін. Прыемна, што яны высока ацэньваюць і дызайн часопіса, і напоўненасць. Безумоўна, такое выданне, прафесійнае, прэзентабельнае, неабходна.

Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі: «Падумалася, што не кожная дзяржава дазваляе сабе раскошу ўтрымліваць такое прэзентабельнае выданне як часопіс „Мастацтва“. Часопіс, прастора старонак якога адмыслова прысвечана менавіта толькі нацыянальнаму мастацкаму кантэнту. А на Беларусі такі, дзякуй Богу, быў, ёсць і, не сумняваюся, будзе!

Памятаю, як з’явіўся ў продажы першы нумар „Мастацтва Беларусі“ — пад гэтай назвай ён сорак гадоў таму выходзіў у свет. Для нашага мастакоўскага асяроддзя гэта быў сапраўдны падарунак! З таго часу я, вядома ж, сачу за няспыннай творчай трансфармацыяй часопіса, гэтага сапраўды жывога арганізма.

І свае першыя публікацыі ў гэтым выданні таксама памятаю. Рэдагаваў тады часопіс мой калега, мастацтвазнаўца Міхась Раманюк. Я на той час працаваў у Саюзе мастакоў БССР аргсакратаром. І, зразумела, трымаў, як кажуць, руку на пульсе падзей у выставачнай дзейнасці нашай творчай арганізацыі. Міхась Фёдаравіч неяк звярнуўся да мяне з прапановай узяць разгорнутае інтэрв’ю ў народнага мастака Беларусі Андрэя Ануфрыевіча Бембеля, які ўзначальваў напачатку 80-х Саюз мастакоў. 

Так пачалося маё ўваходжанне ў выяўленчую прастору выдання. Усе гэтыя сорак гадоў і да сёння я, можна сказаць, рэгулярна друкаваўся ў часопісе: пісаў аналітычныя мастацтвазнаўчыя артыкулы пра выставачную дзейнасць, распавядаў пра творчыя лёсы мастакоў не толькі беларускіх, але і знакамітых творцаў розных эпох і розных краін. Часопіс, які ў 1992-м годзе стаў называцца проста словам „Мастацтва“, выйшаў тады за тэматычныя межы, так бы мовіць, нацыянальнай „тутэйшасці“. А яшчэ больш цесныя кантакты з гэтым выданнем пачаліся ў мяне на старце новага, XXI стагоддзя…

...Так сталася, што рэдакцыя газеты „Культура“, у якой я тады працаваў, размяшчалася разам з рэдакцыяй „Мастацтва“ на чацвёртым паверсе будынка па вуліцы Чычэрына, 1. Гэта быў вучэбны корпус Акадэміі мастацтваў. Выданні існавалі паасобку, але потым, у 2002 годзе, на іх базе быў створаны медыя-холдынг „Культура і мастацтва“, заснавальнікам якога з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Менавіта ў той час „Мастацтва“ змяніла сваё вонкавае аблічча: пачало выходзіць да чытача ў поўнакаляровым варыянце на мелаванай паперы. Выйгралі ад таго ўсе — і чытачы, і мы, аўтары: якасць ілюстрацыйнага выяўленчага матэрыяла стала нашмат вышэйшай. Асабіста мяне цяпер не засмучалі выявы надрукаваных твораў, якія раней былі надта далёкія ад арыгіналаў.

Сёлета ў юбілейным, лютаўскім, нумары часопіса „Мастацтва“ ёсць таксама мой артыкул — пачатак серыі матэрыялаў пра жыццё і лёс народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. Інфармацыйная падстава — 90-годдзе з дня нараджэння выбітнага творцы сучаснасці, якое будзе адзначацца ў маі месяцы.

Што б хацелася пажадаць сённяшняму калектыву часопіса-юбіляра? Найперш здаровага творчага настрою на шляху да залатога юбілею! Няхай і надалей „Мастацтва“ напаўняе духоўную нішу грамадства нязгасным святлом нацыянальнай Культурнай Спадчыны!»

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».