Кожна бацька, асабліва калі ён афіцэр, адчувае найвялікшы гонар, калі яго дынастыя мае працяг. Прадстаўнікі афіцэрскіх дынастый — асаблівыя людзі, для якіх пераемнасць традыцый, маральныя каштоўнасці, а таксама павышанае пачуццё адказнасці не толькі за сваю сям’ю, але і за народ, краіну — не пустыя словы. Здолець усё гэта перадаць сваім нашчадкам, улюбіць іх у сваю прафесію можа далёка не кожны. Палкоўнік міліцыі Максім Русак перакананы: у яго атрымаецца. Нягледзячы на тое, што сын яшчэ толькі вучыцца ў Спецыялізаваным ліцэі МУС, матывацыя ў маладога чалавека настолькі моцная, што няма сумненняў — чацвёртаму пакаленню супрацоўнікаў міліцыі ў іх сям’і быць!
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з бацькам і сынам Русакамі. Максім Паўлавіч расказаў, хто паўплываў на яго прафесійны выбар, які шлях удалося прайсці да палкоўніцкіх пагон і чаму важна любіць справу, якой займаешся. Аб асаблівасцях навучання ў Спецыялізаваным ліцэі МУС расказаў яго сын Глеб, які ўжо не можа дачакацца, калі апране на сябе сапраўдны міліцэйскі кіцель. Цяпер жа — набліжаны варыянт: форма адзення ліцэіста вельмі падобная на сувораўскую.
Пачынальнік міліцэйскай дынастыі — дзядуля Максіма Русака. Уладзімір Еўдакімаў праходзіў службу ў Міністэрстве ўнутраных спраў СССР — сваю службовую дзейнасць палкоўнік унутранай службы заканчваў начальнікам аддзела «Заходняе» акружнога ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага і ваеннага забеспячэння. Бацька, Павел Русак, прыйшоў у міліцыю не адразу. Перад тым, як звязаць сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў, ён узначальваў камсамольскую арганізацыю Мінскага мясакамбіната. Атрымаўшы пагоны і першае афіцэрскае званне, паступіў на службу ў 7-е ўпраўленне МУС БССР — цяпер гэта Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці. Службу скончыў у званні падпалкоўніка міліцыі.
— Бацька сышоў на пенсію ў сакавіку 1997 года, а я прыйшоў на службу праз шэсць месяцаў — у верасні 1997 года, — заўважае Максім Русак. — Можна сказаць, што наш афіцэрскі шлях практычна не перарываўся.
Тое, што ён пойдзе па слядах свайго дзеда і бацькі, было прадказальным. Як прызнаецца Максім Русак, іншыя варыянты нават не разглядаў. З самага дзяцінства выхоўваўся ў афіцэрскім асяроддзі, бачыў, што ўяўляе сабой міліцэйская служба, таму марыў стаць у адзін строй з дарагімі яму людзьмі. На жаль, дзядуля гэтага важнага моманту не дачакаўся. Ён вельмі хацеў убачыць свайго старэйшага ўнука ў форме, пабываць на яго прысязе, аднак лёс распарадзіўся інакш — Уладзімір Еўдакімаў памёр у 1990 годзе, калі Максім яшчэ толькі заканчваў школу.
Падвесці свайго дзеда ён не мог, а таму пайшоў вучыцца ў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (цяпер БНТУ) — па накіраванні ад ГУУС Мінгарвыканкама ў інтарэсах службы ДАІ. Заканчваў аўтатрактарны факультэт па спецыяльнасці «Арганізацыя бяспекі дарожнага руху». Аднак ні аднаго дня ў Дзяржаўтаінспекцыі Максім Русак не працаваў. Спачатку аднакласнік, які служыў у крымінальным вышуку Савецкага РАУС г. Мінска, пераканаў яго ісці ў аператыўную службу. А потым бацькавы сябры-афіцэры, з якімі неаднойчы гулялі ў футбол, парэкамендавалі звязаць жыццё са службай, якую яны прыгожа называлі «белымі каўнерыкамі». Так паміж сабой міліцыянеры называлі аддзел па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці, цяпер гэта аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Менавіта ў гэтай сферы пачынаў свой міліцэйскі шлях у Маскоўскім РАУС сталіцы. На дадзены момант Максім Русак з’яўляецца першым намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў. За плячыма — 25 гадоў службы.
Максім Русак не выключае, што карані афіцэрскай дынастыі вядуць яшчэ глыбей. Вывучаючы гісторыю свайго роду, ён адшукаў вельмі цікавы факт. Яго прадзед па матчынай лініі, Рыгор Еўдакімаў, таксама быў звязаны з воінскай службай. Чым канкрэтна ён займаўся, сказаць складана, але добра вядома, што прадзед служыў у Крамлі. У 1944 годзе ён загінуў на фронце.
— Мой дзядуля, яго сын, таксама прайшоў Вялікую Айчынную вайну, — расказвае Максім Русак. — Пачынаў партызанам, потым служыў у рэгулярных войсках. Быў сувязістам. На адным з заданняў міна трапіла яму ў спіну, і калі б ён не цягнуў за сабой на спіне катушку, якая размотвала тэлефонны провад, то мяне не было б на гэтым свеце... Сляды ад асколкаў міны засталіся на дзедавай спіне на ўсё жыццё. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені. Пасля заканчэння вайны працягнуў службу ў сістэме органаў унутраных спраў. Дарэчы, пачынаў сваю дзейнасць у пажарнай службе, якая раней з’яўлялася падраздзяленнем МУС.
Яшчэ адзін цікавы факт з біяграфіі сям’і Русак-Еўдакімавых. Прабабуля Максіма Паўлавіча па лініі маці — Сцефаніда Фёдараўна — з’яўлялася маці-гераіняй. Жанчына нарадзіла 11 дзяцей, дзевяць з якіх, нягледзячы на высокую па тым часе дзіцячую смяротнасць, выжылі. Ордэн «Маці-гераіня», уручаны жанчыне ў 1953 годзе, захоўваецца ў сям’і як самая каштоўная рэліквія. Даследуючы гісторыю свайго роду, Максім Паўлавіч зрабіў выснову, што практычна ўсе сваякі па лініі мамы з’яўляюцца прадстаўнікамі дзвюх прафесій: або ўрачамі, або супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.
За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Дачка палкоўніка міліцыі вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай — Лізавета з’яўляецца студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сын Глеб марыць быць міліцыянерам: ужо трэці год ён навучаецца ў Спецыялізаваным ліцэі МУС.
— Дачку не падштурхоўвалі, сама вырашыла быць урачом, — заўважае Максім Русак.
— А сына? — не магу не пацікавіцца ў суразмоўцаў.
Глеб Русак расказвае, што з самага дзяцінства ён хацеў пайсці вучыцца ў ліцэй. «У гэтую навучальную ўстанову мы з бацькам упершыню паехалі, калі я вучыўся ў другім класе звычайнай школы, — згадвае юнак. — Тады ліцэй яшчэ знаходзіўся ў піянерскім лагеры ў Астрашыцкім Гарадку. Мне там вельмі спадабалася. Я таксама захацеў насіць такую форму, як яго выхаванцы. Было відаць, што яны вельмі дружныя, адна каманда. А яшчэ спадабалася, як хлопцы нясуць службу ў нарадах, стаяць на пасту».
Калі праз некалькі гадоў пасля гэтай паездкі бацька спытаў у сына, ці хацеў бы ён паспрабаваць паступіць у Спецыялізаваны ліцэй МУС, Глеб быў узрадаваны. Ужо ў шостым класе ён усур’ёз задумаўся аб міліцэйскай прафесіі, разумеў, што навучанне ў ведамаснай установе аблегчыць яму задачу ў будучыні.
— Выхаванне, безумоўна, мае вялікае значэнне, але многае залежыць і ад асяроддзя, — уступае ў размову бацька. — З самага дзяцінства Глеб бачыў, як праходзяць міліцэйскія святы, у якіх мы прымаем удзел усёй сям’ёй, ведаў, з чым звязана мая служба. А ў якой атмасферы жывеш, да таго і прызвычайваешся. Таму тое, што сын вырашыў звязаць свой лёс з органамі ўнутраных спраў, — цалкам заканамерна.
У любым выпадку, як лічыць глава сям’і, апошняе рашэнне будзе за сынам. Цяпер жа, па яго словах, варта сканцэнтравацца на вучобе. «Мяне радуе, што ў ліцэі вельмі высокі ўзровень адукацыі, — лічыць Максім Паўлавіч. — Школьнік прыйшоў раніцай у школу і ў дзве гадзіны дня ён вольны. І калі настаўнік не зацікаўлены ў далейшым выхаванні дзіцяці, то яно, як правіла, застаецца сам-насам. Выхаванцы ліцэя ўвесь час занятыя справай».
Спецыялізаваны ліцэй МУС — закрытая навучальная ўстанова. Вядома, гэта не армія, але дысцыпліна тут не апошняе слова. У выхаванцаў — дакладны распарадак дня, якога яны прытрымліваюцца. Вядома, ёсць і вольны час, але гэта не значыць, што яны сядзяць у тэлефонах і нічога не робяць. Для рознабаковага развіцця дзіцяці ў ліцэі створана многае: тут ёсць свой басейн, трэнажорная і спартыўная залы, бібліятэка, харэаграфічная зала.
«Мы бегаем на лыжах, гуляем у валейбол, баскетбол, займаемся плаваннем, — пералічвае сферу сваіх інтарэсаў Глеб. — Рэгулярна ліцэй арганізоўвае экскурсіі ў розныя гарады краіны: мы наведваем і гістарычныя мясціны, і спартыўныя мерапрыемствы, прымаем актыўны ўдзел і ў святах міліцэйскага ведамства».
Глеб Русак прызнаецца: прызвычаіцца да рэжыму, характэрнага для закрытай навучальнай установы, было цяжка толькі першы месяц. Пасля самастойнае жыццё пачало прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі.
— Гэта этапы станаўлення асобы, праз якія пажадана прайсці кожнаму мужчыну, — звяртае ўвагу бацька ліцэіста. — Адназначна, Спецыялізаваны ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў — гэта школа сталення. Калі ўпершыню ўбачыў, як сын падшывае каўнерыкі, шчыра кажучы, быў уражаны. Ніколі дагэтуль Глеб не трымаў у руках іголку з ніткай. Дома ёсць мама і ў лепшым выпадку старэйшая сястра, якая, калі спатрэбіцца, і гузік прышые, і ў іншым дапаможа. За перыяд часу, які ён правёў у ліцэі, Глеб навучыўся многаму. Цяпер без праблем адзенне памые і сам папрасуе. Я, напрыклад, не вучыў яго трымаць у руках лобзік ці дрыль. Навыкі элементарнай мужчынскай справы ён засвоіў менавіта ў ліцэі.
Нягледзячы на тое, што Глеб мінчанін, дома ён бывае не так часта, як хацелася б. «Мне лягчэй, чым бацькам, якія жывуць не ў Мінску, — кажа Максім Паўлавіч. — Калі спатрэбіцца, у любы момант я магу прыехаць. Напрыклад, прывезці перадачу, хоць у гэтым часта няма неабходнасці — у ліцэі дзеці атрымліваюць пяціразовае харчаванне».
Пасля заканчэння Спецыялізаванага ліцэя МУС Глеб Русак плануе паступіць у Акадэмію МУС. На пытанне, якой дзейнасцю хацеў бы займацца па заканчэнні ВНУ, малады чалавек ненадоўга задумаўся і, відаць, нечакана для бацькі заявіў, што бачыць сябе ў Галоўным упраўленні ўласнай бяспекі МУС.
— Калі б мяне спыталі, куды я хацеў бы, каб пайшоў служыць мой сын, то на цяперашні момант схіляюся да службы ва ўнутраных войсках, — адзначае Максім Русак. — Больш мужную прафесію прыдумаць вельмі складана. Гэта той жа ваеннаслужачы, але ў сістэме органаў унутраных спраў. Аднак кім бы Глеб ні служыў у міліцыі, ды ўвогуле ў жыцці, яму абавязкова спатрэбяцца такія рысы характару, як сумленнасць і цярплівасць. Калі ты сумленны сам з сабой — гэта ўжо паўсправы. А калі ты яшчэ і цярплівы ва ўсіх сэнсах, то ўсё атрымаецца. Часта не варта прыспешваць падзеі. Ва ўсяго — свой тэрмін. Але калі ты яшчэ прыкладзеш намаганні, то рух наперад будзе больш хуткі і эфектыўны. Калі ж чалавек жыве па прынцыпе, што нехта яму штосьці павінен, то нічога не атрымаецца.
Як прызнаецца Глеб Русак, нават калі б у сям’і ніхто не быў міліцыянерам, ён усё роўна пайшоў бы служыць у органы ўнутраных спраў. У свае 14 гадоў малады чалавек разумее, што форма — не толькі прыгожа. Гэта яшчэ і вельмі адказна: форма — і няважна да якога сілавога ведамства яна адносіцца — шмат да чаго абавязвае. «Звязваючы свой лёс з Радзімай, чалавек робіць правільны выбар — служыць дзяржаве, народу, — перакананы Глебаў бацька. — І гэта, паверце, самая найлепшая прафесія».
Вераніка КАНЮТА
Фота з асабістага архіва герояў
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.