Вы тут

«Абеліскі параненай зямлі». Незагойная рана


Ішоў шаснаццаты год, як у аддаленай вёсцы Маладуша на мяжы Рэчыцкага і Хойніцкага раёнаў Гомельшчыны сціхлі вызваленчыя баі Вялікай Айчыннай. Здавалася, адпакутавала, адхварэла тутэйшая зямля. Прыняла на вечны спакой савецкіх салдат, якія загінулі, выбіваючы з мясцовасці фашыстаў. Даніну памяці загінулым воінам плацілі мясцовыя жыхары — даглядалі вялікае брацкае пахаванне і памятны абеліск. Так можна апісаць эмоцыі і пачуцці ўсіх мясцовых жыхароў, школьнікаў, іх педагогаў без малога 65 гадоў назад.


Я, ты, ён, яна… Назаўжды вучні чацвёртага класа

26 кастрычніка 1959 года падчас суботніка на тэрыторыі таго самага воінскага пахавання загінуў амаль увесь чацвёрты клас Маладушскай школы: нямецкая супрацьтанкавая міна, якая праляжала ў зямлі 16 гадоў, забрала жыцці 13 вучняў і іх класнага кіраўніка. Імёны не салдат, а мірных людзей — педагога Марыі Піліпаўны Герус, васьмі дзяўчынак і пяці хлопчыкаў выбіты на гранітнай пліце воінскага пахавання.

Гэты памятны знак стаіць на тым жа месцы — уздоўж трасы ад Рэчыцы на Хойнікі, на краі поля каля дарогі.

Помнік каля воінскага пахавання на месцы гібелі 13 вучняў і настаўніцы ў Рэчыцкім раёне

Асаблівасць скульптурнай кампазіцыі — постаць савецкага салдата па-бацькоўску прыўздымае дзяўчынку ў школьнай форме з піянерскім гальштукам. Яна як быццам прыйшла наведаць яго, прынесла кветкі, ды так і засталася побач. Помнік усе гэтыя гады стаіць сярод трох старых таполяў — равеснікаў трагічнай падзеі восенню 1959 года.

Салдат і школьніца на пастаменце, здаецца, кружацца ў адкрытай прасторы чыстага поля.

Не захавалася ніякай інфармацыі і фота, якім быў першапачаткова памятны знак на месцы брацкай магілы. У той час, як правіла, на ўсіх воінскіх пахаваннях — абеліскі з розных матэрыялаў: металічныя і абтынкаваныя цагляныя. Сёння брацкая магіла каля аддаленай вёскі — аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Памятныя таблічкі на мануменце пералічваюць кожнага са 108 савецкіх воінаў, што тут пахаваны ў канцы Вялікай Айчыннай вайны, і кожнага з вучняў пачатковай школы, якія засталіся назаўжды з салдатамі ў полі ўжо ў мірны час.

Гэты помнік не толькі воінам і дзецям, што загінулі ў тым полі, але і тым, хто выжыў, хто прымусіў сябе працягваць жыць, перажыўшы смерць сваіх дзяцей, тым траім дзецям, што засталіся сіротамі пасля гібелі маці-настаўніцы, — у гэтым упэўнены старажылы Маладушы. Але цяпер падрабязнасці таго фатальнага восеньскага дня 1959 гады памятаюць лічаныя людзі.

Горыч вайны

Вялікую Айчынную вайну вёска Маладуша сустрэла ў складзе Хойніцкага раёна. Жыло тут амаль паўтары тысячы чалавек. Большасць вяскоўцаў працавалі ў мясцовым калгасе «Непераможны» (пазней «Перамога»). У жніўні 1941 года, калі вёску занялі фашысты, былі, на жаль, і такія, хто сустрэў ворагаў хлебам-соллю. Мясцовы жыхар, немец па нацыянальнасці, Аляксандр Маер, да вайны спраўна працаваў у калгасе, а потым першым добраахвотна перайшоў служыць акупантам, арганізаваў мясцова-паліцэйскі гарнізон, які наводзіў жах на жыхароў не толькі ўсіх найбліжэйшых вёсак, але і раённых цэнтраў — Хойнікаў, Рэчыцы.

Жыхарка вёскі Маладуша Таццяна Лыгуз (Новік)

І ўсё ж гісторыя аднаго здрадніка не прыніжае гонар жыхароў вёскі Маладуша за сваіх землякоў, хто пайшоў на фронт ці дапамагаў змагацца тут, у тыле ў партызанскім руху.

«Нямецкі парадак» Маладуша спаўна спазнала 11 верасня 1941 года: жыхароў вёскі і пасёлка Грабянёў сагналі на гаспадарчы двор калгаса «Непераможны», прысуджаных расстралялі. Па-сапраўднаму чорнымі днямі сталі 2 і 9 жніўня 1942 года. Населены пункт расстрэльваўся і карнікамі, і нямецкай авіяцыяй. Палалі хаты і гаспадарчыя будынкі... Большасць ахвяр таго жніўня вядомыя. Сярод іх нямала сем’яў з маленькімі дзецьмі.

Лічыцца: за час варожай акупацыі ў раёне Маладушы карнікі знішчылі не менш як 500 чалавек мірнага насельніцтва. І гэта не лічачы вяскоўцаў. Сюды акупанты прыганялі і прывозілі ў асноўным жыхароў гарадскога пасёлка Хойнікі. У Маладушы прынялі жудасную смерць сакратар Хойніцкага РКП(б)Б і камісар партызанскага атрада Павел Пракопавіч Домнікаў, а таксама адзін з арганізатараў хойніцкага знішчальнага батальёна і партызанскага атрада Аляксандр Пятровіч Драздзецкі. На франтах Вялікай Айчыннай вайны склалі галовы звыш 100 ураджэнцаў вёскі. Іх імёны зараз можна ўбачыць на памятным стэндзе ў сельскім Доме культуры.

Гэты бясцэнны матэрыял па ваеннай памяці сваёй роднай вёскі Маладуша ў свой час пакінуў герой — партызан Рэчыцкай брыгады «Мсцівец» Аркадзь Данілавіча Кударэнка. Ужо пасля вайны ён стаў педагогам, быў адным з пазаштатных аўтараў рэчыцкай раённай газеты. Наведвалі вёску і збіралі звесткі пра ваенную гісторыю Маладушшы з першых вуснаў і рэдактары — укладальнікі кнігі «ПАМЯЦЬ. Рэчыцкі раён».

На мемарыяле каля вёскі Маладуша старшыня Вышамірскага сельвыканкама Рэчыцкага раёна Вольга Кавальчук

З матэрыялаў вядома, што ў лістападзе 1943 года, падчас Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі, пры вызваленні Рэчыцы і населеных пунктаў раёна, загінулі больш за пяць тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Разлютаваныя баі ішлі ў Маладушы і ў вёсцы Каравацічы. Па ўмацаваннях немцаў у Маладушы давала залпы «Кацюша» з Перавалокі. У раёне вёскі немцы, калі адступалі, пакінулі вельмі шмат мін. Работы па размініраванні пачалі адразу пасля вайны.

Жалобы ды туга

У 1955 годзе сыны і дачкі салдат, якія вярнуліся з вайны, пайшлі ў першы клас. З 1941 да 1945-га ў зямлянцы ў Маладушы жыла з мамай адна з вясковых старажылаў Вольга Масціцкая. Праз некалькі месяцаў Вользе Рыгораўне споўніцца 90 год. Усё сваё жыццё яна пражыла ў роднай вёсцы. Памятае добра і як хавалі ў брацкай магіле каля ўезду ў вёску савецкіх салдат. Не забудзе, кажа, і жалобу, у якую паглыбілася ўся вёска ў 1959 годзе, калі хавалі дзяцей і ўсімі любімую ў вёсцы настаўніцу.

— У той самай старой драўлянай школе, дзе і дзеці, што загінулі, вучыліся, я скончыла чатыры класы, нягледзячы на ўзрост, ужо пасля вайны. Дарэчы, школу тады адкрылі ў будынку, які цудам не пацярпеў. Дзяцей было так шмат, што не змяшчаліся ў адным месцы і яшчэ два дамы ў людзей займалі, каб класы размясціць. Памятаю добра, як дзеці нашы да помніка, дзе брацкая магіла, хадзілі строем піянерскім, неслі кветкі. Гэта было свята для нас. Памятаю настаўніцу, якая ўзарвалася. У Марыі Піліпаўны тады дзве дачкі і сын засталіся сіротамі. Калі выбух прагрымеў, усе вельмі спалохаліся. (Вользе Рыгораўне тады было 26 гадоў. — Аўт.). Мой муж хутка коніка запрог і паехаў глядзець, што здарылася. Я моцна хвалявалася, а пайсці не магла ў поле, таму што ў самай грудное дзіця было на руках, зусім маленькі сын... Потым была жалоба. Добра ведала бацькоў, якія дзяцей страцілі. Бурачонак Валюшку, напрыклад. Бацька і маці яе ўжо памерлі.

На жаль, з таго пакалення маладушынскіх Вольга Рыгораўна Масціцкая засталася адзіная.

Асколкі памяці і сіла духу

Таццяна Іванаўна Лыгуз (дзявочае прозвішча Новік) нарадзілася ў Маладушы ў 1948 годзе і ўсё жыццё пражыла тут. Для мясцовых яна знакамітасць — адна з тых, хто выжыў з вучняў чацвёртага класа Марыі Піліпаўны Герус. Таццяне Іванаўне цяжка ўспамінаць дзень гібелі амаль усіх яе аднакласнікаў. Падчас выбуху фізічна яна не пацярпела. Аб псіхалагічнай дапамозе ў той час ніхто не ведаў. Жанчына прыгадвае, што цудам не загінула, бо пайшла на іншы бок дарогі ад помніка. Яна не адразу зразумела, што адбылося. Пасля выбуху, кажа, ад гуку і крыкаў аслупянела, потым без думак і пачуццяў узяла сваю рыдлёўку і паплялася ўздоўж дарогі.

— Пасля гэтага сапёры прыязджалі і шмат мін узарвалі каля помніка і ў полі. Магло загінуць і куды больш дзяцей, бо яшчэ адзін клас быў недалёка. Можа, і я б загінула, але не паспела падбегчы. Цяпер стала забываць імёны і прозвішчы аднакласнікаў, — кажа Таццяна Іванаўна Лыгуз і дадае, што памятае, як па-вясковаму на вуліцы клікалі яе аднагодкаў. Падводзяць жанчыну вочы, не можа пазнаць сваіх аднакласнікаў на фота, якое захавалася.

Загадчыца Маладушскага дома сацыяльна-культурных паслуг  Людміла Мажэйка і старшыня Вышамірскага сельвыканкама Рэчыцкага раёна Вольга Кавальчук на месцы былой школы каля буслянкі

— Я вельмі добра памятаю нашу настаўніцу Марыю Піліпаўну. Вельмі-вельмі добрая і харошая была, — з цеплынёй усміхаецца жанчына.

Таццяна Іванаўна падзялілася, што пасля выпадку дзяцей не пускалі блізка да поля. Але вясковыя хлапчукі гарэзнічалі, бегалі глядзець, як размінірваюць снарады.

— Побач з помнікам, што мы тады прыбіралі, прыкладна за кіламетр, ёсць другі. Сапёры пасля выбуху ўсю мясцовасць прачэсвалі і знайшлі яшчэ некалькі супрацьтанкавых мін, у тым ліку і каля другога помніка. Але яны не ўзарваліся раней, хоць там таксама іншы клас наводзіў парадак, — працягвае Таццяна Іванаўна.

Той страшны дзень урэзаўся ў памяць яшчэ аднаго былога вучня чацвёртага класа — Мікалая Шапавалава. З усіх шасці (згодна з данымі Мікалая. — Аўт.) дзяцей, якія засталіся жывыя пасля выбуху міны, ён найбольш пацярпеў.

Моцна пацярпеў ад выбуху і цудам застаўся ў жывых у 1959 годзе Мікалай Шапавалаў

Мікалай Васільевіч жыве ў Мазыры, але кожнае лета разам з жонкай прыязджае ў Маладушу, у свой бацькоўскі дом па вуліцы Савецкай, дзе ён нарадзіўся і вырас. І праз 64 гады, прызнаецца, усё яшчэ не можа спакойна праязджаць міма месца выбуху. Але традыцыі не здраджвае і абавязкова два разы на год — у гадавіну і на 9 Мая — прыходзіць ушанаваць памяць не толькі сваіх аднакласнікаў, але і савецкіх салдат. У кожнай мясцовай сям’і былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

— Круціць у памяці тую раніцу. Добрую, ясную, хаця ўжо і падмарозіла. Сабраліся мы класам. Наогул, шмат класаў выйшлі на суботнік. Нас як малодшых адправілі капаць ямкі для дрэў, а іншыя вучні з настаўнікамі пайшлі ў лес выкопваць дрэўцы, каб перасадзіць іх. Вакол помніка хацелі пасадзіць бярозы і рабіны. Я не памятаю, хто першым знайшоў міну. Яна была падобная на кавалак бетону, называлі «трохступеністай». Усе вакол сабраліся, і дзяўчынкі і хлопчыкі, крычаць: «Золата! Золата!». Хтосьці стукнуў па вечку рыдлёўкай... — успамінае Мікалай Васільевіч.

Вучні трагічна вядомага 4 класа Маладушскай школы і іх настаўнік Марыя Герус

Кажа: дзіўна, што рэзкай дэталлю ўрэзалася ў памяць яго старая целагрэйка, у якой быў тады.

— Як міна выбухнула, мяне выбухной хваляй адкінула на агароджу помніка, зачапіўся і павіс на тканіне целагрэйкі. Была на мне і шапка. Так яе адкінула вельмі далёка... Некаторых так разарвала, што не было чаго збіраць. Пасля выбуху, расказвалі, нас, параненых — на падводы і ў вёску ў бальніцу, каб аказаць першую дапамогу. Мяне тэрмінова пераправілі на аперацыю ў Рэчыцу. Былі множныя асколачныя раненні жывата, ног, галовы. Адну нагу доўга збіралі. Чатыры гадзіны ішла аперацыя толькі на брушыне — 19 дзірак мне прабіла ў жываце аскепкамі. Чатыры месяцы пасля аперацыі не хадзіў. Далі спачатку інваліднасць, а потым ужо знялі. Нага дрэнна працавала. Каб распрацоўваць яе, бацька купіў мне ровар, і я навучыўся ездзіць, — расказвае Мікалай Васільевіч.

Наогул, падчас знаёмства высвятляецца, што тая злашчасная міна пашкадавала чалавека дзіўнага лёсу.

— У нас пры школе было ўсё. Далі некалькі гектараў для вядзення дапаможнай гаспадаркі. Быў трактар свой школьны, можна было вывучыцца і атрымаць «корачку» палявода-механіка. Пасля школы паступіў у Мазыр вучыцца ў геалагічнае вучылішча. Працаваў на свідравіне. Пасля аварыі на ЧАЭС быў ліквідатарам, працаваў у 30-кіламетровай зоне, як тады казалі. А ўвогуле ўсё жыццё звязаў са здабычай нафты, — дапаўняе аповед пра сябе Мікалай Шапавалаў.

Траўма, атрыманая ім у дзяцінстве, пакінула след на ўсё жыццё. Цяпер Мікалай Васільевіч перамяшчаецца на калясцы: некалькі гадоў таму страціў адну нагу, потым — ступню другой. Нягледзячы на гэта, з ранняй вясны разам з жонкай з гарадской кватэры перабіраецца на цёплы сезон у родную Маладушу.

— Калісьці распрацоўваў нагу на ровары, зараз кручу колы на калясцы, — не маркоціцца мужчына.

У класе Мікалай Шапавалаў больш за ўсіх сябраваў з Паўлам Мядзведзевым — сябар дзяцінства таксама выжыў пры выбуху міны. Ёсць і яго ўспаміны аб трагедыі. Так ён апісваў той страшны дзень, калі прыйшла бяда ў сем’і аднакласнікаў — Клімавіч, Герусаў, Блішчаў, Арцюшэнкаў:

«Прыбіраць на помнік загінулым байцам непадалёк ад вёскі хадзілі кожны год. Практычна ва ўсіх бацькі і дзяды ваявалі, таму тлумачыць, навошта шанаваць памяць, было не трэба. Вось і гэтым разам акультурваць помнік пайшоў амаль увесь чацвёрты клас, пад 20 чалавек, і класная кіраўніца. Размеркавалі, што хто будзе рабіць, перакопваць зямлю каля стэлы, дзе планавалі высадзіць бярозы і рабіны. Праца кіпела на ўсю моц, як раптам адзін з хлапчукоў знайшоў у зямлі нешта незвычайнае і паклікаў усіх паглядзець. Я таксама падышоў, убачыў нейкае вечка з ручкамі, а пасярэдзіне — нешта бліскучае. Але я па нейкай прычыне ў коле хлопцаў не застаўся, пайшоў на свой участак далей працаваць. Чуў, як хлопцы крычалі, што гэта, можа, скарб знайшлі. „Не чапаць“, — толькі паспела закрычаць настаўніца. І тут выбух. Мяне адкінула. Паглядзеў на неба — а на электраправадах астанкі аднакласнікаў віселі... Бачыў яшчэ некалькі хвілін жывой і настаўніцу Марыю Піліпаўну — яна так і засталася ляжаць на клумбе, якую да гэтага праполвала. На шум і крыкі збегліся жыхары вёскі. Памятаю, як мама прыціснула мяне да грудзей. Я ў яе адзінае дзіця. Уяўляю, што яна перажыла, пакуль не ведала, жывы я ці не».

Самымі страшнымі днямі ў вёсцы да гэтага часу называюць пахаванне загінулых дзяцей. Глядзець на гэта было немагчыма. Тыя, хто выжыў у трагедыі 26 кастрычніка, амаль кожны год збіраюцца на вясковых могілках, каб успомніць сваіх былых аднакласнікаў.

Пасля трагедыі з Мінска на верталёце прылятаў тады сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Была выдзелена матэрыяльная дапамога сем’ям загінулых дзяцей і настаўніцы.

У гэтых месцах яшчэ доўгі час знаходзілі міны. За некалькі гадоў да трагедыі 1959 года на такой жа міне падарвалася сям’я мясцовых жыхароў. Муж з жонкай везлі на быках лес для будаўніцтва дома. Сіратой засталася малалетняя дачка. Малую гадавала бабуля. Праз некалькі гадоў яна разам са сваім класам падзяліла страшную долю бацькоў.

Яшчэ адна вучаніца — Таня Герус — прыехала ў Маладушу толькі напярэдадні першага верасня. Яе бацьку прызначылі старшынёй сельсавета, і сям’я пераехала з Раманаўкі ў Маладушу як буйнейшы населены пункт. У сваім новым класе дзяўчынка не паспела адвучыцца і адну чвэрць.

Дзецям пра вайну

Пасля прыезду журналіста ў Маладушскім доме сацыяльна-культурных паслуг для дзяцей прайшоў вечар памяці, прысвечаны гісторыі роднага краю.

— У нас у вёсцы 17 дзяцей да 18 гадоў. Займацца ў клуб усе ходзяць з вялікім задавальненнем, — распавяла загадчыца Маладушскага дома сацыяльна-культурных паслуг Людміла Мажэйка. — У клубе ёсць стэнд з імёнамі ўраджэнцаў Маладушы, якія загінулі на фронце ў Вялікую Айчынную вайну. Педагогі прапанавалі дзецям распытаць сваіх бацькоў, бабуль, дзядуль аб тым, дзе іх прапрадзеды ваявалі. Расказваю дзецям і аб трагедыі, якая, як водгалас вайны, ужо ў мірны час забрала жыцці такіх жа школьнікаў.

Сучасным дзецям складана паверыць, што ў савецкі час іх Маладуша была вялікай вёскай з клубам, бальніцай, школай-дзесяцігодкай. Сюды прыходзілі вучыцца з Раманаўкі, Сяргееўкі, Ляснога. Сёння ні школы, ні дзіцячага сада ў Маладушы няма, а дзяцей возяць ва ўстановы адукацыі ў аграгарадках Вышамір і Новы Барсук.

Мясцовыя жыхары паказалі мне стары цагляны комін і трубу школьнай кацельні — усё, што засталося ад былой школы. Некалькі апошніх дзесяцігоддзяў на коміне той самай школы, дзе вучыліся чацвёртакласнікі, якія ніколі не перайшлі ў пяты, ладзяць гняздо і вырошчваюць патомства буслы.

Пра гэта мне расказала загадчыца Маладушскага дома сацыяльна-культурных паслуг Людміла Мажэйка. Разам са сваім мужам Уладзімірам і старшынёй Вышамірскага сельвыканкама Рэчыцкага раёна Вольгай Кавальчук яны дапамагалі адшукаць сведкаў трагедыі.

Пра гібель класа напісана няшмат, і з кожным годам застаецца ўсё менш тых, хто гэта памятае, заўважае Вольга Кавальчук. Сама яна на службе толькі некалькі месяцаў і адкрывала трагічную старонку гісторыю вёскі падчас дапамогі ў зборы матэрыялу журналістам «Звязды».

— Я па адукацыі педагог. Доўгі час працавала таксама на вёсцы — завучам па вучэбнай рабоце ў Ровенска-Слабадской школе на тэрыторыі іншага сельскага Савета. Разумею, наколькі важна для сельскай моладзі і дзяцей ведаць гісторыю роднай мясцовасці, захоўваць яе. Для дзяцей, калі яны вырастуць, гэта дадатковы стымул ганарыцца роднай вёскай, аберагаць яе, хацець працягваць жыць у сельскай мясцовасці, не забываць, дзе вучыўся і адкуль пайшоў у дарослае жыццё.

Старшы навуковы супрацоўнік Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталля Сярнова пераканана, што памяць аб трагедыі класа ў вёсцы Маладуша варта захоўваць

Сярод усіх раёнаў Гомельскай вобласці Рэчыцкі мае найбольшую колькасць улічаных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр воінаў — усяго 125, з іх 115 адносяцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

— Пры гэтым амаль штогод рэгіструецца прырост пахаванняў, якія ставяцца на ўлік. З’яўляецца інфармацыя, што ў тых ці іншых вёсках ёсць пахаванні салдат альбо мірных жыхароў, якія загінулі ад рук фашыстаў. Абапіраючыся на апавяданні мясцовых жыхароў, Рэчыцкі краязнаўчы музей складае інфармацыйныя лісты і накіроўвае іх спецыялістам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны для ўключэння ў план пошукавых работ на месцах, дзе, як мяркуецца, пахаваны воіны і ахвяры вайны, — звяртае ўвагу старшы навуковы супрацоўнік Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталля СЯРНОВА. — Адна з найбольш наведваных экспазіцый дзецьмі нашага раёна — экспазіцыя, прысвечаная юным героям-антыфашыстам. Звяртаюцца да нас з просьбамі правесці экскурсіі па гэтай тэме педагогі з самых розных навучальных устаноў горада і раёна. Магу адзначыць, што падчас такіх сустрэч дзеці сапраўды прасякаюцца гісторыямі жыцця юнакоў і дзяўчат, якія былі крыху старэйшыя за іх, але здзяйснялі гераічныя ўчынкі, былі падпольшчыкамі, сувязнымі ці байцамі партызанскіх атрадаў. Здзіўляе і не пакідае нікога абыякавым гісторыя дзевяцігадовага Толі Захаранкі — жыхара Рэчыцы, сына сувязной партызанскага атрада, які падарваў на адной з вуліц горада нямецкі танк. Пасля вызвалення Рэчыцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хлопчык быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.