Вы тут

Б’ецца «сэрца» міліцыі. Як працуе дзяжурная часць Віцебскага УУС, якая штодня прымае 300 званкоў


Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і любое падраздзяленне органа ўнутраных спраў пачынаецца з аператыўна-дзяжурнай часці. Менавіта сюды спяшаюцца грамадзяне, калі сутыкаюцца з непрыемнасцямі і няшчасцямі, калі імкнуцца атрымаць адказы на многія жыццёвыя пытанні. Людзі ў пагонах штодзень няспынна прыходзяць на дапамогу кожнаму, хто трапіў у бяду, трымаюць пад пільным кантролем грамадскі парадак, каб мы спалі спакойна.


Ужо на працягу 106 гадоў стаяць на варце бяспекі беларускія праваахоўнікі, столькі ж б’ецца «сэрца» міліцыі — аператыўна-дзяжурная часць. Ад яе супрацоўнікаў, якія першымі сустракаюцца тварам у твар з бядой, залежыць вынік якаснай работы ўсяго калектыву, а значыць — і аўтарытэт ведамства ў грамадстве.

Тэхнік сувязі Анастасія Кавалёва.

Бесперапыннае сачэнне за аператыўнай абстаноўкай на тэрыторыі вобласці і рэспублікі, своечасовае рэагаванне на заявы і паведамленні пра злачынствы і здарэнні, забеспячэнне пастаяннай высокай гатоўнасці да работы ў складаных абставінах — гэтыя і яшчэ шэраг іншых функцый у паўночным рэгіёне выконвае аператыўна-дзяжурная служба ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. А штурвал гэтага «карабля» грамадскай бяспекі знаходзіцца ў надзейных руках прафесійнага тандэма начальніка аддзела АДС міліцыі грамадскай бяспекі Андрэя Шчаглова і начальніка службы міліцыі 102 Дзяніса Лагавога. Менавіта тандэма, бо раз’яднаць два падраздзяленні немагчыма. Андрэй Сяргеевіч і Дзяніс Васільевіч надзейныя сябры і па-за межамі работы. Па іншаму ніяк: суровасць бліскучых зорак на пагонах — нішто без узаемадапамогі і паразумення. Нават лёсы ў двух начальнікаў падобныя — абраць сцяжыну аховы правапарадку і служэння народу вырашылі па прыкладзе сваіх сямей: у Андрэя Шчаглова служылі ў міліцыі бацька і дзед, а жыццёвым маяком Дзяніса Лагавога стаў бацька — ваенны лётчык. Абодва маюць за плячыма больш за 20 гадоў выслугі, абодва ахвяруючы асабістымі справамі гатовыя стаць на ахову бяспекі па-за межамі працоўнага дня.

За дзень у дзяжурную часць Віцебскага УУС на лінію 102 паступае каля 300 званкоў: аператары прымаюць паведамленні не толькі з горада, але і з Віцебскага раёна, Полацка і Наваполацка. Жыхары астатніх раёнаў паўночнага рэгіёна, набраўшы нумар службы выратавання, трапляюць у дзяжурныя часці тэрытарыяльных аддзелаў. Па нумары тэлефона, з якога паступае званок, на камп’ютарах адлюстроўваецца імя і прозвішча, адрас прапіскі, пашпартныя дадзеныя і нават наяўнасць зарэгістраванай зброі — таму за некалькі секунд чалавека «перадаюць» супрацоўнікам міліцыі па месцы знаходжання. Тэхнікам сувязі, — так называюць аператараў лініі, — неабходна ад 2 да 5 хвілін, каб прыняць паведамленне, удакладніць неабходныя дэталі. Праз 10 хвілін (у межах горада) на месца здарэння прыбудзе дзяжурны нарад, у раёне на адлегласці да 30 кіламетраў ад абласнога або раённага цэнтра час чакання складае паўгадзіны, максімальны тэрмін прыбыцця міліцыянераў у аддаленыя населеныя пункты — 50 хвілін.

Здараецца, што грамадзяне просяць падказаць нумары тэлефонаў розных устаноў і арганізацый; як прайсці да таго ці іншага месца; хтосьці скардзіцца на жыццё, а некаторыя нават спяваюць песні і дэкламуюць вершы. Здаецца, такія званкі крадуць у тэхнікаў каштоўны час на аказанне дапамогі ў рэальнай бядзе, аднак кожнаму на лініі аказваецца ўвага. Існуе правіла: пакласці трубку напрыканцы размовы павінен тэлефануючы. «Прыемна, што з агульнай колькасці зваротаў ёсць працэнт званкоў са словамі падзякі за своечасовую дапамогу канкрэтным аператарам і дзяжурным супрацоўнікам, калектыву ўпраўлення ў цэлым. Мы рэагуем на кожнае паведамленне, няважных праблем не бывае», — адзначае Дзяніс Лагавой.

Начальнік службы міліцыі 102 Дзяніс Лагавой.

Зараз у штаце 16 тэхнікаў сувязі, на змену штодзённа выходзяць 5 чалавек. Пераважна — мужчыны, але ёсць і прадстаўніцы прыгожага полу. Работа з людзьмі на працягу 12 гадзін — справа нялёгкая, а калі прыходзіцца прымаць званкі, у якіх фігуруе смерць, — складаная. Нягледзячы на прафесійную ўстаноўку «не прапускаць усё праз асабістую псіхалагічна-эмацыйную прызму», з перажываннямі спраўляюцца не ўсе. У сумесі патоку слоў і зачастую слёз трэба не толькі ўдакладніць дэталі, але і супакоіць нябачнага суразмоўцу на тым канцы проваду. Улічваючы спецыфіку работы ў аддзеле аператыўна-дзяжурнай службы, трапіць сюды можна толькі праз тры гады службы ў іншых падраздзяленнях, перад гэтым прайсці курсы павышэння кваліфікацыі, наведаць заняткі з псіхолагам і іншымі спецыялістамі.

У мінулым годзе ў дзяжурную часць паступіла каля 100 тысяч званкоў, асабліва іх колькасць павялічваецца ў святочныя і выхадныя дні. Пачынаючы з вечара пятніцы суседзі наракаюць на суседзяў за зацягнутую вечарыну, адбываюцца сваркі паміж таварышамі ў стане алкагольнага ап’янення. Спад адзначаюць увечары нядзелі, а ў будні па дапамогу звяртаюцца раніцай і пасля заканчэння працоўнага дня, які для людзей у пагонах не заканчваецца ніколі.

Пасля прыёму паведамлення на адрас выязджае дзяжурны нарад. У падпарадкаванні аддзела АДС УУС Віцебскага аблвыканкама знаходзяцца 26 дзяжурных часцей тэрытарыяльных упраўленняў, а гэта значыць, што толькі на Віцебшчыне штодзень на варту грамадскай бяспекі заступаюць звыш 200 супрацоўнікаў міліцыі. «Гэтага хапае для своечасовага рэагавання незалежна ад месца здарэння: на дарозе, у жыллёвым фондзе, на аб’ектах аховы. Аддзел — гэта мазгавы цэнтр усіх тэрытарыяльных часцей вобласці, адсюль ажыццяўляецца кіраванне сіламі і сродкамі, выпрацоўваецца механізм рэагавання на злачынствы, акумулюецца інфармацыя пра стан аператыўнай абстаноўкі ў вобласці і рэспубліцы. Сэрца міліцыі б’ецца тут», — з любоўю да справы расказвае Андрэй Шчаглоў.

Начальнік аддзела аператыўна-дзяжурнай службы Андрэй Шчаглоў.

У здарэнняў, заўважае начальнік, ёсць свая сезоннасць: на парозе вясна — пачнуцца крадзяжы ў дачных кааператывах, следам — крадзеж веласіпедаў і самакатаў, падчас складаных умоў надвор’я павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў. Апошнім часам распаўсюдзіліся кіберзлачынствы, якія з кожным днём набываюць новыя формы: калі раней грамадзяне прасілі ўзяць крэдыт і знікалі з атрыманымі ад даверлівых блізкіх грашыма, то зараз на тэлефоны паступаюць званкі з нумароў, падобных да тэлефонаў МУС. Павялічылася колькасць ілжывых паведамленняў пра мініраванне, аўтары якіх, як паказвае практыка, знаходзяцца ў суседніх краінах. Аднак на кожны такі званок усё роўна рэагуе нарад міліцыі.

На працягу апошніх гадоў работа віцебскіх ахоўнікаў грамадскага парадку характарызуецца зніжэннем колькасці цяжкіх злачынстваў.

Прафесія міліцыянера нездарма стаіць у адным радзе з такімі важнымі прафесіямі, як урач і настаўнік, бо дэвіз праваахоўнікаў — служым Закону, Народу, Айчыне!

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара і прэс-службы УУС Віцебскага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.