Вы тут

Схадзілі на «Спатканне з Бразіліяй» — новую выставу сучаснага мастацтва


Пасольства Бразіліі зноў здзіўляе. Тым, хто адчайна шукае вясну ў сакавіцкіх сумётах, варта завітаць у сталічны Палац мастацтваў. Тут адкрылася незвычайная выстава «Спатканне з Бразіліяй». Ініцыятар — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Бразіліі ў Беларусі Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. Паўгода таму ён узначаліў дыпламатычную місію і за гэты час арганізаваў шэраг крэатыўных праектаў. Тут былі чароўная бразільская музыка, гарачы футбол, духмяная кава. А цяпер Бразілію можна пабачыць на свае вочы. Дакладней, вачыма 16 беларускіх мастакоў.


— Гэтая падзея нарадзілася з вялікага жадання наблізіць бразільскую і беларускую культуры, — прызнаўся карэспандэнту «Звязды» Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — Я ўбачыў, з якім пазітывам у Беларусі ставяцца да Бразіліі. І вельмі захацелася ўвасобіць гэты погляд, каб пабачыць, што ў выніку атрымаецца і паказаць усім. Мастакі, якія ўдзельнічаюць у праекце, ніколі не былі ў Бразіліі. Але яны здолелі адлюстраваць душу далёкай краіны. Я проста ў захапленні ад выніка. Ён цудоўны як з пункту гледжання тэхнічнага выканання, так і з пункту гледжання разнастайнасці закранутых тэм. Я ганаруся тым, што магу прадставіць маім шаноўным беларускім сябрам магчымасць адчуць смак маёй краіны.

Куратар праекта «Спатканне з Бразіліяй» Надзея Хмыль запрасіла атрымліваць задавальненне ад мастацва і ад выяў Бразіліі. 

— Наша выстава — пра аб’яднанне дзвюх краін, а таксама 16 мастакоў. Мы стварылі калектыўны партрэт Бразіліі, якім чынам можам яе ўявіць, ніколі не наведваючы, — заўважыла Надзея Хмыль. — Выстава разнапланавая, прысутнічаюць розныя віды мастацтва. Спадзяюся, у нас атрымалася распаліць у вас цікавасць да экзатычнай, далёкай, рамантычнай Бразіліі.

На выставе прадстаўлены традыцыйныя жывапіс, графіка, а таксама арт-аб’екты, інсталяцыі, лічбавае мастацва і нават анімацыя. Тут каго толькі не адшукаеш. Нават... русалку Сэрэю. Аб’ект стварыла Настасся Акулава. Яе зацікавілі міфы і казкі Бразіліі. Так і «нарадзілася» русалка. 

У Вікторыі Богуш — іншая тэма. Яна імкнецца, каб мы прасякнуліся чыстымі формамі, якія сабраныя з архітэктурных формаў геніяльнага Оскара Німеера. «Мяне не прывабліваюць ні прамы вугал, ні прамая, жорсткая лінія, якая не гнецца. Мяне ваніць лінія, якая свабодна выгнутая, пачуццёвая лінія. Тая лінія, якая нагадвае мне горы маёй краіны, мудрагелістыя выгіны рэк, высокія аблокі, цела каханай жанчыны», — сказаў некалі Оскар Німеер. 

Графічная серыя Паўля Булвы пераклікаецца з раманам «Сцежкі па вялікім сертане» бразільскага пісьменніка Жуана Гімарайнса Розы. Гэта своеасаблівая філасофская рэфлексія аб сучасным і гістарычным кантэксце далёкай Бразіліі. А ў Надзеі Хмыль жанчына на пляжы літаральна рассыпаецца на пікселі. Гэта пра стэрэатыпы, з якіх многія з нас падсілкоўваюць уяўленне пра экзатычную краіну.

Так што абавязкова завітайце на спатканне з Бразіліяй. На пляцоўцы выставы адбудуцца прэзентацыі самбы, капаэйры, батукады, бразільскай паэзіі, дэгустацыя кавы, разнастайныя тэматычныя майстар-класы.

— Галоўная мэта — збліжэнне бразільскага і беларускага народаў — дасягнута, — лічыць Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — Пасля Мінска, магчыма, правязем выставу па ўсёй Беларусі.

Гэта насамрэч варта пабачыць. І сустрэць вясну разам з гарачай Бразіліяй. Сакавік — час рамантычных спатканняў.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.