Вы тут

Лукашэнка: Радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі АЭС — прыярытэты


Рабочы тыдзень у Палацы Незалежнасці пачаўся з нарады па пытаннях Беларускай АЭС, якую правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы назваў будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі адным з найбольш маштабных і тэхналагічных праектаў, якія беларусы выконвалі сумесна з расіянамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для яго рэалізацыі зроблена ўжо нямала: «Уведзены ў эксплуатацыю і функцыянуе, выдаючы электраэнергію ў сетку, першы энергаблок. З моманту ўключэння ён выпрацаваў ужо больш за 12 з паловай мільярдаў кілаватгадзін. Гэта дазволіла замясціць звыш 3 мільярдаў кубаметраў газу і зэканоміць для краіны больш за 400 мільёнаў долараў». Па ацэнцы Прэзідэнта, гэта нядрэнны вынік для пачатку. На другім энергаблоку ідуць мерапрыемствы этапа фізічнага пуску. У красавіку запланавана ўключэнне ў сетку.


У сувязі з гэтым беларускі лідар звярнуў увагу на надзвычай важны аспект — бяспеку. «Я неаднаразова падкрэсліваў, што радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі АЭС — гэта прыярытэт з прыярытэтаў. Мы доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні на этапе прыняцця найсур’ёзнага рашэння аб будаўніцтве станцыі, улічылі ўвесь сусветны досвед. Тут выкарыстоўваюцца найвышэйшыя тэхналогіі. Гэты здабытак нашага народа. Таму ўсе пытанні будаўніцтва і дзейнасці атамнай станцыі патрабуюць асаблівай увагі і ўзважанага падыходу», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, якое было супрацьстаянне будаўніцтву гэтай станцыі, асабліва ў 2020 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі. «Альтэрнатыўшчыкі, цяпер збеглыя, абяцалі ў выпадку прыходу да ўлады закрыць атамную станцыю, хаця ўжо мільярды былі ўкладзены ў яе будаўніцтва. Да гэтага іх падштурхоўвалі нашы канкурэнты, перш за ўсё, на жаль, бліжэйшыя суседзі Польшча і Літва. І што сёння? Польшча запланавала будаўніцтва дзвюх атамных станцый, а можа, і трох. Літва таксама заяўляе аб будаўніцтве сваёй атамнай станцыі. А зараз прыкіньце, калі б мы, загуляўшыся ў палітычныя гульні, спынілі будаўніцтва і закрылі атамную станцыю або яны прыйшлі да ўлады і закрылі гэтую станцыю, калі туды ўжо было ўкладзена каля 5 мільярдаў долараў. Вось іх твар, на ўсялякі выпадак», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што з эканамічнага пункту гледжання для энергетычнай бяспекі вельмі важна забяспечыць эфектыўную працу ўсёй станцыі, яе найхутчэйшы выхад на поўную магутнасць. Ён пацікавіўся, як гарантавана бяспека, ці выконваюцца ўсе нормы і прадпісанні пры будаўніцтве і эксплуатацыі станцыі? «Я ведаю, што расіяне часам енчаць, што мы прад’яўляем ім завышаныя патрабаванні па бяспецы. Але яны павінны разумець — мы чарнобыльская рэспубліка. Мы пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Таму бяспека — пытанне нумар адзін, і мы будзем вельмі жорстка патрабаваць бяспекі і захавання нормаў пры будаўніцтве», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўніка дзяржавы цікавіла, якія часавыя перспектывы ўводу другога энергаблока Беларускай АЭС у эксплуатацыю. «Мы нічога не хавалі і хаваць не маем намеру, што былі пэўныя недахопы пры будаўніцтве атамнай станцыі, якія аператыўна ліквідаваліся нашымі і расійскімі будаўнікамі. Зацягванне тэрмінаў звязана яшчэ і з тым, што мы сапраўды прад’яўляем вельмі высокія патрабаванні да бяспекі. Лепш на паўгода год пазней, чым недзе нешта недапрацаваць», — растлумачыў ён. Прэзідэнт запытаў, якія меры прымаюцца для паскарэння рэалізацыі праекта. Ён звярнуў увагу, што аснова, рэактар, ужо створаны, даведзены да розуму. Засталіся 1,5-2 працэнта недаробак па будаўнічай частцы. «Калі мы скончым цалкам і сыдзем з гэтай пляцоўкі?» — спытаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што адкрыты для ўсіх абгрунтаваных прапаноў і, калі патрэбна дапамога Прэзідэнта, гатовы адразу ж прыняць неабходныя рашэнні.

Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у сваім дакладзе нагадаў, што першы энергаблок быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года. У 2022 годзе ён прайшоў першы планава-папераджальны рамонт і цяпер працуе на намінальнай магутнасці. Агульная будаўнічая і тэхналагічная гатоўнасць другога энергаблока складае каля 98 працэнтаў. Вядуцца падрыхтоўчыя работы на завяршальнай стадыі для запуску ланцуговай рэакцыі і вываду рэактарнай устаноўкі на мінімальна кантралюемы ўзровень — гэта 1 працэнт магутнасці рэактара.

«У красавіку запланавана першае пробнае ўключэнне ў сетку другога энергаблока. Пры гэтым магутнасць рэактарнай устаноўкі будзе ўзнята да 40 працэнтаў. У красавіку — верасні будуць паслядоўна ажыццяўляцца работы па асваенні магутнасці рэактарнай устаноўкі да намінальнай з правядзеннем выпрабаванняў у рамках доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гатоўнасць да здачы АЭС у цэлым у адпаведнасці з праграмамі ўводу ў эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года», — расказаў Віктар Каранкевіч. Ён падкрэсліў, што гатоўнасць да здачы АЭС у цэлым адпавядае праграмам уводу ў эксплантацыю і прагназуецца ў кастрычніку 2023 года.

Задача нумар адзін — бяспека

У размове з журналістамі міністр энергетыкі Віктар Каранекевіч расказаў, што падчас планава-папераджальнага рамонта першага энергаблока была праведзена работа па перагрузцы часткі ядзернага паліва, гэта рэгламентная работа пры такіх плыўных папераджальных рамонтах. Ён таксама расказаў, аб чым ішла гаворка на нарадзе ў Прэзідэнта. 

«На красавік 2023 года намечаны першы пробны пуск турбагенератара другога энергаблока ў сетку. Гэта будзе ўключэнне ў сетку і выдача першых кілават-гадзін у энергасістэму на 40 працэнтах магутнасці рэактарнай устаноўкі. Затым будзе асваенне магутнасці рэактарнай устаноўкі да намінальнай і правядзенне неабходных мерапрыемстваў і выпрабаванняў у рамках этапа доследна-прамысловай эксплуатацыі. І ўвод у эксплуатацыю другога энергаблока намечаны на другое паўгоддзе 2023 года.

Былі закрануты пытанні і рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на павелічэнне электраспажывання ў краіне. Гэта датычыцца рэалізацыі міжгаліновага комплексу мер па рэальным сектары эканомікі — гэта і будаўніцтва новых аб’ектаў, мадэрнізацыя дзеючых вытворчасцей, павелічэнне электраспажывання насельніцтвам. Таксама пастаўлены задачы прааналізаваць, як пастаўлена работа па ўсіх гэтых напрамках і як выкарыстоўваецца гэты патэнцыял», — сказаў Віктар Каранкевіч.

Міністр падкрэсліў, што работа на Беларускай АЭС вядзецца ў адпаведнасці з планамі работ: «Ёсць этапная праграма, якая прадугледжвае пэўную колькасць выпрабаванняў і адпаведных мерапрыемстваў. Пераход на наступны этап немагчымы без якаснага і дакладнага выканання выпрабаванняў папярэдняга этапа. Графікам прадугледжана правядзенне ўсіх этапаў: фізічны пуск, энергетычны пуск, доследна-прамысловая эксплуатацыя, комплекснае апрабаванне на працягу 15 сутак на намінальнай магутнасці. Самае галоўнае, што ўсе гэтыя пытанні былі вырашаны якасна, усе праектныя параметры павінны быць пацверджаны. І задача нумар адзін — гэта ядзерная і радыяцыйная бяспека на аб’екце». 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.