Вы тут

Чым прываблівае ткацтва ў цэнтры рамёстваў Старадарожскага раёна


Што вы робіце, калі вам трэба вырашыць важную жыццёвую праблему, а рашэнне ніяк не знаходзіцца? Сучасны чалавек будзе пакутліва ламаць галаву, пралічваючы варыянты і так, і гэтак. Магчыма, звернецца да сяброў або да спецыяліста — напрыклад, псіхолага. А ў даўнія часы жанчыны проста... садзіліся за ткацкі станок. Гэтая старажытная магія працуе і сёння.


Дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Старадарожскі цэнтр рамёстваў» Вольга Давыдкіна дэманструе сумкі ад майстрых Старых Дарог: сплаў традыцый і моды.

— У нас даўно заўважана: хочаш знайсці рашэнне нейкай праблемы — ідзі за ткацкі станок, сядай і пачынай ткаць. Рашэнне прыйдзе само сабой, — распавядае дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Старадарожскі цэнтр рамёстваў» Вольга Давыдкіна.

Гэта як медытацыя. Працэс настолькі заспакаяльны, кажуць майстрыхі, што нават «растрапаныя» думкі і пачуцці паступова прыходзяць у парадак, і мозг генерыруе адзіна правільны адказ на любое пытанне, якое перад ім ставіць жыццё. Але гэта, вядома, датычыцца прафесіяналаў. Спачатку за ткацкім станком даводзіцца быць у пастаяннай разумовай напрузе — ты сочыш за ўзорам, каб не зрабіць памылку. А ўжо калі запраўляеш станок, трэба быць асабліва ўважлівым, каб кожная нітачка знайшла сваё месца, інакш усё прыйдзецца рабіць спачатку. Але калі вучыцца ткаць з дзесяці—дванаццаці гадоў, як спакон веку і да пачатку мінулага стагоддзя было заведзена ў Старадарожскім раёне, усе гэтыя найскладанейшыя працэсы даводзяцца да аўтаматызму, і вось тады праца за ткацкім станком становіцца свайго роду спосабам дасягнуць унутранай гармоніі...

Аб старадаўніх станках і «генетычнай памяці»

У Цэнтры рамёстваў Старых Дарог сабраны старажытныя ручнікі — многім больш за сто гадоў. Збіралі калекцыю па вёсках, людзі самі прыносілі сямейныя рэліквіі, каб не захоўваць іх у шафе, а паказаць іншым і разам захапіцца майстэрствам старадарожскіх ткачых. Ёсць у цэнтры і станкі, створаныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Яны да гэтага часу ў працоўным стане, на іх па-ранейшаму ствараюцца ручнікі, посцілкі і ходнікі па старадаўніх тэхналогіях.

— Старых ткацкіх станкоў у нас два: адзін — на калодках, другі — на ставах, — тлумачыць Вольга Міхайлаўна.

Ставы — гэта рамы, а калодкі выразаны з пянькоў. Гэтыя, старадаўнія, цяжкія і грувасткія (такі станок зойме як мінімум траціну, а то і палову пакоя ў сучаснай кватэры) — самыя зручныя, кажуць майстрыхі. Калісьці яго дэталямі традыцыйна станавіліся ў тым ліку... курыныя костачкі. На адным, самым старым, костачкі захаваліся. На другім зламаліся ад часу, і іх замянілі больш сучаснымі дэталямі.

Сучасныя ткацкія станкі хоць і захоўваюць старажытныя прынцыпы дзейнасці, усё ж майстры імкнуцца зрабіць іх лягчэйшымі і кампактнейшымі. У гэтым ёсць і плюсы, і мінусы.

— Наш старадарожскі ўмелец, Міхаіл Адамавіч Басякоў, стварае на заказ па ўласным эскізе ткацкія станкі, — распавядае народны майстар Рэспублікі Беларусь па ткацтве Жанна Паўлава. — Ідэя ў тым, каб станок не займаў шмат месца і змясціўся ў сучасных інтэр'ерах.

Ткацтва — шырока вядомы брэнд Старых Дарог, яго візітка. Калісьці (з глыбокай старажытнасці і аж да 1980-х) ткацкі станок быў абавязковым атрыбутам любога дома ў раёне. Але паступова даматканыя рэчы выцясняліся фабрычнай прадукцыяй, а ткацкія станкі адправіліся «дажываць» на гарышчы і ў склепы.

— У мяне ткалі і мама, і бабуля, — расказвае Жанна Мікалаеўна. — У памяць запала: мая бабуля не прызнавала купленыя нацельныя кашулі, казала — «іскраць», не любіла і купленую пасцельную бялізну. Палатно па старадаўняй тэхналогіі — па-іншаму да цела: зімой у такой вопратцы або на такіх прасцінах не холадна, летам — не горача. Але калі неўзабаве пасля майго нараджэння наша сям'я пераехала ў новы дом, ткацкі станок у яго ўжо не ўзялі. Тады лічылася, трэба жыць па-новаму, па-сучаснаму. Цяпер старадаўнія рамёствы вяртаюцца, яны зноў цэняцца і запатрабаваныя. І гэта вельмі добра.

Сама Жанна Мікалаеўна ў маладосці ткацтву не вучылася. Гэта прыйшло пазней, ужо на пенсіі.

Народны майстар Рэспублікі Беларусь па ткацтве Жанна Паўлава.

— Асвоіла станок толькі ва ўзросце за пяцьдзясят, — усміхаецца яна. — А да гэтага ўсё жыццё прапрацавала на швейнай фабрыцы.

Як нараджаецца ўзор

Непаўторную тканую спадчыну старадарожскіх майстрых мастацтвазнаўцы класіфікуюць як чатырохнітавае двухуточнае ткацтва. Бывае двухнітавае, бывае — васьмінітавае, а старадарожскія ўзоры ствараюцца на чатырох нітах (гэта дэталі станка, якія адказваюць за папярочнае нацяжэнне ніткі). Чатыры ніты, чатыры понажы — «педалі», што падымаюць патрэбныя ніткі... Каб усё атрымалася, станок трэба правільна заправіць, зыходзячы з таго ўзору, які вырашыла выткаць майстрыца: тканы геаметрычны ўзор нараджаецца на гэтым, самым першым, этапе.

— Каб заправіць станок, трэба тры чалавекі, — гаворыць Жанна Мікалаеўна. — І вакол станка, запраўляючы яго, мы прабягаем, напэўна, кіламетры тры, а то і ўсе пяць.

Спачатку на сноўніцы снуецца аснова, якая сплятаецца ў касу, тлумачыць яна, потым ніткі навяваюць на навойку і працягваюць праз ніты. Так ствараюцца «паркі» — іх можа быць 320, 360 і больш — гледзячы які ўзор. Паркі, дарэчы, запраўляюцца па адной нітачцы. Каб заправіць ткацкі станок утрох, трэба гадзіны тры. У адзіночку — пракорпаешся, напэўна, разы ў тры даўжэй. У пачатку мінулага стагоддзя ткаць у Старых Дарогах і ваколіцах умела кожная жанчына. Але і тады далёка не кожная ткачыха магла заправіць станок...

Сучасныя майстрыхі ўзор распісваюць у выглядзе схем (накшталт вязальных). І па гэтых схемах запраўляюць станок. Пажылыя вопытныя ткачыхі і сёння могуць абысціся без усялякіх схем. І, зразумела, ніякіх схем у даўніну не рабілі. Жанчыне дастаткова было разгледзець палатно, каб зразумець, як менавіта створаны ўзор і як заправіць станок, каб яго паўтарыць. Калі ў пачатку стагоддзя ткачысе спадабалася праца «калегі», яна часам была гатовая прайсці дзясяткі кіламетраў, з адной вёскі ў другую, каб разгледзець узор больш уважліва і, магчыма, перамаляваць.

— Раней, калі нашы бабулі хадзілі на вячоркі, яны садзіліся побач са старэйшымі майстрыхамі, глядзелі, як рабілі тыя, і паўтаралі за імі, — кажа дырэктар Старадарожскага цэнтра рамёстваў. — І такой была тэхналогія навучання — з маленства і на працягу ўсяго жыцця.

На этапе запраўкі станка, як ужо гаварылася, нараджаецца геаметрычны ўзор. Вольга Міхайлаўна распавядае, што ў Старадарожскім раёне гэта часцей за ўсё кругі або ромбы. Але знакаміты быў раён і бранай тэхнікай ткацтва.

— Гэта калі па палатне матузочкамі выкладваюцца розныя арнаменты, — тлумачыць яна. — У нас майстрыхі любілі раслінныя арнаменты («агурочкі», «яблычкі», кветкі), а таксама зааморфныя матывы (коцікі, птушкі). Посцілкі ткалі як на белым, так і на чорным фоне. І гэта маглі быць як
«выкладанкі», так і «закладанкі» — гэта значыць, аднабаковая або двухбаковая тэхніка выкладання, калі ўзор з аднаго боку дубліраваўся на другі, як негатыў фатаграфіі.

— Выкладанне — складаны спосаб стварэння ўзору, — распавядае спецыяліст. — Пры бранай, пераборнай тэхніцы мы ствараем узор непасрэдна ў працэсе (а не механічна, як пры геаметрычным узоры, калі ўся творчая праца ў асноўным датычыцца этапу запраўкі станка). А тут праз пэўную колькасць парак падымаецца па адной нітцы, і потым пры дапамозе матузкоў па аснове з паднятымі ніткамі выкладаем пэўны малюнак. Гэта чыстая творчасць, якая патрабуе і ўвагі, і натхнення.

І прыгажосць, і абярэг

Каб выткаць ручнік, трэба, у залежнасці ад складанасці працы, у сярэднім ад двух тыдняў да месяца. На вялікае палатно — напрыклад, посцілкі на ложак (яно тчэцца з дзвюх полак, якія потым сшываюцца) спатрэбіцца часу больш. Гэта доўгая карпатлівая праца. І ўлічым яшчэ, што да яе пачатку трэба спрасці ніткі, а яшчэ раней — вырасціць лён. Таму кожны кавалачак тканіны, кожная нітачка ў старажытнасці лічыліся каштоўнасцю. І менавіта таму краілася старадаўняе адзенне квадратамі і прастакутнікамі: бо вытачкі і «пасадка па постаці» мае на ўвазе адходы тканіны, а гэтага большасць дазволіць сабе не магла. Нават «хвасты» нітак не адразалі, а расчэсвалі і выкарыстоўвалі на кутасы.

Сучасныя майстрыхі Старадарожскага цэнтра рамёстваў ствараюць на ткацкіх станках як сучасныя стылізацыі, так і цалкам аўтэнтычныя рэчы — з нітак, якія атрыманы з дапамогай прадзення. Хоць і сучасныя, крамныя ваўняныя і напаўваўняныя ніткі таксама выкарыстоўваюцца — напрыклад, у вучнёўскіх работах. Набыць унікальны, амаль музейны прадмет адзення або інтэр'ера тут можна па цалкам умеранай цане. Ручнік, напрыклад, каштуе ад 60 да 80 рублёў, стыльныя льняныя сумкі (кросбодзі і шоперы — зразумела, гэта ўжо стылізацыя) — ад 30 рублёў. Кошт сукенак і кашуль — таксама ад 60—70 рублёў. Калекцыя адзення аздоблена ручной вышыўкай — і прыгажосць, і старадаўні абярэг.

Старыя Дарогі знакамітыя і бранай тэхнікай ткацтва.

У даўніну, распавяла Вольга Міхайлаўна, вышытым было толькі святочнае адзенне, паўсядзённае не ўпрыгожвалі вышыўкай — папросту не хапала часу. Бо працы для рук было вельмі шмат. Праўда, тады людзі не спалі так доўга, як мы прывыклі цяпер, не адцягваліся на гаджэты і серыялы. І ткацтва, як і вышыўка, лічыліся хутчэй спосабам з карысцю правесці вольны час, чым працай.

Прызабытае ў сярэдзіне мінулага стагоддзя старадаўняе мастацтва ў Старых Дарогах адраджацца пачало каля 25 гадоў таму. Тады і з'явіўся тут Цэнтр рамёстваў. Каля яго вытокаў стаяла першы народны майстар па ткацтве Марыя Волкава. Разам з ёй на Старадарожчыне старадаўнія мясцовыя тэхнікі захоўвалі Таццяна Міхалькевіч, Аляксандра Праташчык, у сучасныя часы — Валянціна Спадар, Жанна Паўлава, Вольга Давыдкіна.

— Хацелася знайсці сваю, старадарожскую «разыначку», — распавядае Вольга Міхайлаўна. — Па фота і старадаўніх узорах мы сталі рабіць копіі вырабаў, захоўваючы колеры і асаблівасці тэхнікі выканання. І паступова старадарожскае ткацтва стала вядомым у Беларусі.

У Старых Дарогах удалося захаваць індывідуальнасць менавіта мясцовага ткацтва, падкрэслівае субяседніца. Зараз у Старадарожскім раёне пяць майстроў маюць статус «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Ёсць і маладое пакаленне, прычым вучыцца ткацтву прыходзяць не толькі дзяўчынкі.

— Ёсць і хлопчыкі, прыкладна чвэрць ад агульнай колькасці вучняў, — распавядае дырэктар Цэнтра рамёстваў. — І часам яны дасягаюць выдатных вынікаў. Напрыклад, наш вучань Дзяніс Рудык у 2021 годзе заняў першае месца на абласным свяце-конкурсе «Матчыны кросны». Цяпер ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры: акрамя ткацтва, Дзяніс з дзяцінства захапляўся футболам. Але спартыўная кар'ера, спадзяёмся, не перашкодзіць яму час ад часу вяртацца да мастацкай творчасці.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».