Вы тут

Алена Брава: Пішу пра бацькоў і дзяцей, мужчыну і жанчыну


 «Якая карысная для мяне кніга — нібы з добрай сяброўкай пагаварыла пра тое, што баліць. Гэта наша пакаленне савецкіх недалюбленых дзяцей... Мы ж не дзелімся гэтым болем у «Інстаграме» і іншых сацсетках — там мы ўсе паспяховыя і шчаслівыя. Няма ў гэтай кнізе рэцэптаў, як стаць шчаслівай, але кожная гісторыя прымушае думаць, самой шукаць выйсце з ценю ў святло», — вось так на маё пытанне: «Цікавая кніга?» адказала жанчына, якая апынулася побач са мной у бібліятэцы.

Кнігу Алены Брава «Імя Ценю — Святло» я прачытала даўно, але меркаванне іншага чытача мне было асабліва цікавае перад сустрэчай з аўтарам.


— На адным з форумаў пішуць: «У Алены Брава няма збітых гісторый «пра Папялушак», але ёсць свой арыгінальны стыль і паказана наша сучаснае жыццё так, як яно ёсць. У яе няма саладжава-прыкрых ці надуманых герояў, а адчуваецца, што гэта людзі з плоці і крыві, і іх перажыванні рэалістычныя». У вашых герояў ёсць прататыпы ці ўсё ж гэта нейкія сканструяваныя пісьменнікам вобразы?

— Наяўнасць канкрэтнага прататыпа, няхай нават з цікавай гісторыяй, зусім не гарантуе, што герой атрымаецца «з плоці і крыві». А сканструяваны пісьменнікам вобраз можа прымусіць чытача ўсклікнуць: дык гэта ж пра мяне (сяброўку, знаёмую)! Калі пачынала пісаць прозу, брала за аснову досвед жанчын з майго роду і свой уласны, але і тады шмат прыдумвала. Персанажам, якія з'яўляюцца плодам уяўлення, і зараз дару свае звычкі, біяграфічныя дэталі. Шмат чаго патрэбна, каб герой і яго/яе гісторыя ўспрымаліся чытачом як рэалістычныя. Важна знайсці дакладную інтанацыю. Ведаць, у які момант даць волю эмоцыі, а калі трэба быць проста назіральнікам. Ну і гэтак
далей.

— Кожны, хто піша, думае аб тым, для каго ён гэта робіць. Ці супадае ваша ўяўленне пра свайго чытача з тымі, хто прыходзіць на сустрэчы з пісьменнікам?

— Я стаўлюся з павагай да сваіх чытачоў. Пісьменніцтва для мяне — спроба разабрацца ў пытаннях, якія хвалююць, спосаб не стаяць на месцы, самарэфлексія і самаразвіццё. Ёсць людзі, якім цікава сачыць за гэтым. Думаю, іх таксама хвалююць тэмы, пра якія я пішу: аб бацьках і дзецях, мужчыне і жанчыне, аб самапазнанні, гарманізацыі ўласнага «я». Чытачкі часам даволі эмацыянальна разважаюць пра маіх гераінь, як гаварылі б пра сваю сяброўку, якой можна вось зараз нешта падказаць ці адгаварыць ад нейкага ўчынку. Мяне гэта, вядома, цешыць.

— Чаму гісторыі вашых герояў часта заканчваюцца вельмі сумна?

— Гэта як паглядзець. Што б ні здаралася з маімі героямі, у фінале яны выходзяць на новы ўзровень, паспяваюць пераацаніць сваё жыццё. У адной аповесці гераіня выказваецца ў тым сэнсе, што яе душа, відавочна, яшчэ да нараджэння выбрала сабе бацькоў, — каб прайсці, дзеля ўласнага развіцця, праз балючы вопыт. Хэпі-энд — гэта, вядома, выдатна, але ў жыцці не заўсёды так бывае. Жыццё трагічнае і цудоўнае адначасова. Людзі сутыкаюцца з крызісамі, складанымі абставінамі, і лагічна, што літаратура адлюстроўвае гэтыя станы. Важна дакапацца, адкуль бяруцца ў стасунках паміж людзьмі тыя ці іншыя хібы, каб іх выправіць. Такое мастацтва мае гуманістычны пасыл. Акрамя таго, фінал твора пішацца ў адпаведнасці з логікай развіцця персанажа і павінен быць як успышка, у святле якой герой, а разам з ім чытач, убачаць і зразумеюць нешта важнае.

— Калі б вас папрасілі ў кнігарні ці бібліятэцы: парэкамендуйце ваш найлепшы твор — гэта быў бы...

— Не стараюся вызначыць свой найлепшы твор. Калі казаць пра любімы, у розныя гады гэта былі розныя тэксты.

— А мне вельмі падабаецца аповесць «Дараванне». Гэта такі шматслойны пірог, у якім кожнага нешта зачэпіць. Пры ўсіх складаных і нават трагічных перыпетыях сюжэта для мяне яна вельмі светлая, таму што ў ёй ёсць героі, якія ў самых цяжкіх абставінах не пахіснуліся, засталіся людзьмі.

— Так, гэта аповесць пра гістарычную, асабістую памяць. Пра каханне і смерць, старасць і суперажыванне. Кніга выйшла ў 2013 годзе ў ВД «Звязда» тыражом 1418 экзэмпляраў — столькі дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна. Крытыкі адзначалі, што сярод людзей, па сутнасці, беспамятных — Ральфа, Лады, Светы — толькі хворы Ганс і яго сядзелка Ларыса жывуць памяццю аб той вайне. Ганс у сваіх упартых блуканнях па ўладаннях Мнемазіны пытаецца выправіць падзеі 1944-га года і адпомсціць за смерць беларускай дзяўчыны Зосі, а Ларыса перажывае трагедыю спаленай фашыстамі вёскі і сваёй сям'і. Чаму Ганс так упарта шукае забойцу Зосі, чаму бачыць яго ў люстэрку? Таму што ўсё жыццё пражыў з пачуццём віны, хоць і зрабіў усё, што мог, у тых абставінах — з рызыкай для жыцця папярэдзіў жыхароў беларускай вёскі аб аблаве, якую рыхтавалі карнікі. Ці зможа стары Ганс дараваць сябе і спакойна памерці? Цяпер гэта залежыць ад таго, ці даруе Гансу Ларыса.

— Памятаеце, герой Рычарда Гіра ў фільме «Збеглая нявеста» кажа, што журналіст — гэта пісьменнік у спешцы. У вас быў перыяд, калі займаліся толькі пісьменніцкай працай ці заўсёды сумяшчалі з журналістыкай?

— Днём праца, па вечарах і выхадных — пісьменніцтва — так і жыву. Калісьці баялася з-за загружанасці ў журналістыцы не паспець напісаць тое, што хацелася. Бо проза — гэта аб'ём, а я доўга працую над тэкстам, шліфую, стараюся дабіцца найлепшага выніку. Цяпер бачу, што ўсё ўдалося, хапіла сіл і здароўя. Кніг магло быць, напэўна, больш, але ж справа не ў колькасці.

— У часопісе «Алеся» вы ініцыявалі літаратурны конкурс. Не баіцеся выгадаваць канкурэнтак?

— Конкурс, і не адзін, ініцыявалі рэдакцыя часопіса і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Летась прайшоў літаратурны конкурс, прысвечаны беларускай жанчыне «Вы — пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына». А цяпер працягваецца прыём заявак на конкурс «Старэйшыя мае, мне з вамі добра», прысвечаны сям'і, з яго ўмовамі можна пазнаёміцца ў № 1 часопіса «Алеся» за гэты год. Чытачы дасылаюць свае творчыя працы, і гэта здорава. Я буду толькі рада, калі нашы конкурсы дапамогуць адкрыць новыя імёны ў літаратуры.


Цытаты з твораў Алены Брава

«У дакуменце дакладна прапісаны межы сыноўняй любові: Ральф прадастаўляе бацьку гарачае харчаванне адзін раз на дзень. Спецыяльным пунктам агаворана, хто менавіта высаджвае кветкі на магіле маці: гэта прадпісваецца рабіць Ральфу, а калі кветкі раптам уздумаецца пасадзіць сёстрам, ён абавязаны аплаціць гэтую паслугу. Цяпер кветкі на магіле (а таксама іх кампазіцыі, прыкладам, на Вялікдзень) садзіць Ларыса, жонка Ральфа».

****


«Што ж паробіш, калі кожнае новае пакаленне імкнецца пазбавіцца ад памяці пра мінулае... Асабістая памяць, якая ёсць, па сутнасці, набор вопытаў, у маладых пустая, як незапоўнены лазерны дыск. Наколькі больш прадукцыйна чалавек пражываў бы сваё жыццё, калі б нараджаўся by default — менавіта па змоўчанні — з запісанымі ў розуме копіямі файлаў з рэсурсу калектыўнай памяці! Калі б гэта было магчыма, чалавецтву хапіла б адной вайны, якая сталася б апошняй. На жаль, ніхто не можа пакарыстацца чужой памяццю».

****


«Я прыехала да Ганса Краўза». — «Зараз час не для наведванняў, фрау Краўз. Вы можаце пабачыць спадара ўдзень, і доктар павінен...» — «Я мушу ўпэўніцца, што з ім усё добра! Прапусціце мяне!» — «Руская эмацыянальнасць...» — «Я з Беларусі! Гэта іншая краіна!» — «Прабачэнні...»

«Дараванне»


«Яна жыла дзеля сына... Не сунічнае марожанае, між іншым, былі ўсе гэтыя гады: цягалася па польскіх ды расійскіх рынках, валакла на сабе цяжэнныя сумкі, нажыла радыкуліт — затое ў сына яшчэ ў школе было ўсё: і відзік, і джынсы, і камп'ютар з інтэрнэтам, і юркі, як серабрыстая рыбка, мабільнік з каляровымі карцінкамі».

«Сон піянеркі»


Будучы ў добрым настроі, яна пераказвала Вікторыі вычытаныя ў газетах гісторыі пра хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў трынаццаць гадоў перамагалі ў чэмпіянатах, а ў шаснаццаць абаранялі дыпломы па навуковым камунізме. «Ёсць жа шчаслівыя бацькі, — крывадушна-лагодна ўздыхала яна, — а ў мяне дачка — нікчэмнасць».

****


«Абдымі ж тую дзяўчынку, якая жыве ў табе, палюбі яе, бо ніхто, акрамя цябе, не можа гэта зрабіць.

І яшчэ... даруй маме. Яна таксама — ахвяра, бо пражыла не сваё жыццё».

«Імя Ценю — Святло»


P.S. Набыць кнігі Алены Брава па спецыяльным кошце (без гандлёвай нацэнкі) можна ў ВД «Звязда», даведкі па тэл.: +375 17 271-12-94, +375 17 271-79-65 

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістага архіва Алены БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?