Вы тут

У НББ на круглым стале абмеркавалі работу часопіса «Роднае слова»


Людзі, якія сабраліся днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны на круглы стол, прысвечаны рабоце часопіса «Роднае слова», у большасці сваёй ведаюць адзін аднаго. Бо яны — або аўтары, або члены рэдакцыйнага савета, або дасведчаныя чытачы гэтага выдання на працягу многіх гадоў. Мовазнавец, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў, літаратуразнавец, крытык, перакладчык, доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша, літаратуразнавец, празаік, доктар філалагічных навук Алесь Бельскі, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка...


І кожнаму было што сказаць. Часопіс «Роднае слова», які адзначае сваё 35-годдзе, — унікальная з'ява не толькі ў гісторыі айчынных адукацыйных медыя, але вялікая асветніцкая, культурная з'ява ў гісторыі сучаснай Беларусі. Пачатак выданню ў свой час даў апантаны беларусіст Міхась Шавыркін, які доўгія гады ўзначальваў рэдакцыю выдання. І сённяшні галоўны рэдактар Наталля Шапран, і дачка Міхася Мікалаевіча — Міраслава Шавыркіна, якая працуе ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне», гаварылі пра выключную ролю гэтага яркага чалавека ў станаўленні «Роднага слова», дзе поруч з літаратуразнаўствам, методыкай выкладання беларускай мовы і літаратуры сышліся шырокія тэматычныя абсягі, звязаныя з беларускай нацыянальнай культурай, зносінамі нацыянальнай культуры, нацыянальнага мастацтва з усім светам. Менавіта гэтае памкненне і зрабіла часопіс запатрабаваным рознымі катэгорыямі чытачоў. Са старонак выдання за апошнія гады можна было зрабіць нямала адкрыццяў у галіне выяўленчага мастацтва, айчыннага кінематографа, беларускага тэатра... А колькі публікацый, якія паказваюць адрасы літаратурнага краязнаўства, мясціны, адкуль пісьменнікі чэрпалі альбо чэрпаюць натхненне!..

Павіншаваць «Роднае слова» з юбілеем у Нацыянальную бібліятэку прыйшлі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Валянцін Навагродскі (выдаўцом і адным з заснавальнікаў часопіса якраз і з'яўляецца сёння гэтае аўтарытэтнае выдавецтва) і шмат хто яшчэ... Усе яны былі аднадушнымі ў галоўным пажаданні — новых чытачоў і доўгага веку «Роднаму слову»!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.