Вы тут

У Косаўскім палацы павіншавалі працаўніц сельскай гаспадаркі Брэстчыны


Косаўскі палац пад прамянямі доўгачаканага сакавіцкага сонца быў велічным і крышачку таямнічым... Сваім рамантычна-загадкавым выглядам палацава-паркавы комплекс ствараў прысутным святочны настрой. Гераіні дня, большасць з якіх тут яшчэ не бывала, выглядалі крышачку разгубленымі — такая прыгажосць вакол, музыка, урачыстасць. Лагічна, што мерапрыемства пачалося з экскурсіі.


Жанчынам паказалі асноўныя памяшканні адноўленага палаца, а затым запрасілі ў Белую залу на ўрачыстасць. На гэты раз 45 жанчын — прадстаўніц сельгасарганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў усіх раёнаў вобласці — прымалі віншаванні. Гераінямі дня сталі аператары машыннага даення, супрацоўніцы свінагадоўчых комплексаў, садаводы і агародніцы, кіраўніцы сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісткі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі, прадстаўніцы іншых прафесій.

Сярод мэтраў у ліку першых па праву згадалі Надзею Ягораву, дырэктара ААТ «Сталовічы-Агра» Баранавіцкага раёна. Ветэран аграрнай вытворчасці, прафесіянал сваёй справы, Надзея Аляксандраўна высока трымае планку гаспадарання, шчодра дзеліцца вопытам з маладзейшымі спецыялістамі. Яе калега Юліяна Тунчык, наадварот, пачатковец. Нядаўна ўзначаліла даволі праблемнае прадпрыемства «Астромічы» Кобрынскага раёна, не спалохалася цяжкасцяў і за гэта ўдастоілася асаблівай пашаны.

Падчас мерапрыемства не раз добрым словам згадалі жывёлаводаў рэгіёна, якія летась прыбавілі практычна па ўсіх паказчыках эканамічнай эфектыўнасці. Сярод абласных лідараў — СВК «Узыходзячая зара» Кобрынскага раёна, якую ўзначальвае Таццяна Дземідзюк. Гаспадарка займае другую пазіцыю ў вобласці па паказчыках надояў малака. Летась ад каровы тут атрымалі па 10 145 кілаграмаў малака, пры гэтым гадавая прыбаўка склала па 805 кілаграмаў. Не дзіва, што прыгожыя кветкі і шчырыя словы віншавання прымала менавіта Таццяна Паўлаўна.

Пра абсалютнага рэкардсмена малочнай жывёлагадоўлі вобласці — «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна — таксама згадвалі не раз. Адзін з арганізатараў свята, выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў назваў дадзеную гаспадарку «нашым беларускім Ізраілем». Таму што паказчыкі, а дакладней, надоі ў 13 096 кілаграмаў малака ад каровы, абыходзяць еўрапейскія лічбы і параўнальныя з ізраільскімі. На свяце віталі і прадстаўніц УП «Моладава-Агра»: намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Людмілу Мельнік і аператара машыннага даення Валянціну Мокіч.

Іх, працаўніц фермы, якіх раней называлі даяркамі, а цяпер у адпаведнасці з узроўнем механізацыі і камп’ютарызацыі кваліфікуюць як аператараў, было нямала. З адной з іх — Зояй Ярошык — аўтар пагаварыла перад урачыстасцю. Зоя Уладзіміраўна працуе ў «АграНіве» Камянецкага раёна больш за чвэрць стагоддзя. Гаворыць, што іх жывёлагадоўчы комплекс новы, абсталяванне ў ім цалкам адпавядае сучасным тэхналогіям:

— Аднак работа даяркі ва ўсе часы была нялёгкай. Тры аператары ў нас абслугоўваюць 1200 галоў кароў. Рабочая змена пачынаецца ў 4.40 і доўжыцца да 11 гадзін. Потым перапынак, і ў 16.40 зноў распачынаем дойку, якая заканчваецца (самае ранняе) у 23 гадзіны. У гэты вялікі абедзенны перапынак трэба паспець справіцца з усімі хатнімі справамі, якіх у жанчыны нямала, асабліва ў вёсцы. Але ж работу сваю люблю, прывыкла да такога рытму жыцця, а яшчэ люблю свой дом, сваю вёску, словам, нікуды адсюль не з’ехала б.

Нашу размову падтрымала адзіная прадстаўніца Ганцавіцкага раёна, таксама жывёлавод — загадчыца вытворчага ўчастка сельскагаспадарчага філіяла «БН-АграБРЭСТ» РДУП «Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт» Людміла Міцкевіч. Людміла Анатолеўна выказала заклапочанасць тым, што моладзь не вельмі ахвотна выбірае прафесію сельскага працаўніка:

— А вось я за 15 гадоў ні разу не расчаравалася ў сваім выбары. Трэба ж некаму вырошчваць хлеб, забяспечваць краіну малаком і мясам. Я сама тутэйшая, дзе нарадзілася, там жыву і працую, з’язджала з малой радзімы толькі на час вучобы ў ВНУ. А сёння, калі гаспадарку ўзяў на баланс моцны вытворца, справы прыкметна пайшлі ўгару, зарплаты выраслі, у нас шмат будуюць, — як той казаў, працуй і радуйся.

Было відавочна, што ў гэтай аўдыторыі кожная жанчына сапраўды — гераіня. Некаторыя маюць стаж работы 30 і больш гадоў, іншыя не так многа, але ўжо дасягнулі пэўных поспехаў. Скажам, Алена Малаткова прыехала ў ААТ «Пачапава» Пінскага раёна па размеркаванні: думала, на адпрацоўку. Прайшло два гады, вырашыла яшчэ трошкі папрацаваць. І вось ужо дзясяты год шчыруе вядучым аграномам-садаводам. На палетках гаспадаркі вырошчваюць садавіну, ягады — цікавая работа. А малады аграном атрымала дом, прыжылася ў вёсцы і нікуды ўжо не збіраецца.

Віншаванні прымаюць Кацярына Цішко і Тамара Рапінчук.

Падчас урачыстасці не абышлі ўвагай і прадстаўніц прадпрыемстваў-перапрацоўшчыкаў. Іх прадстаўлялі работніцы ААТ «Савушкін прадукт» Таццяна Каташук і Брэсцкага мясакамбіната Ларыса Лычук. Добрым словам згадалі супрацоўніц кіруючых органаў галіны, напрыклад, намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Ляхавіцкага райвыканкама Таццяну Кацубу. Пералік дасягненняў раёна заняў пэўны час, і ў гэтым пераліку, несумненна, ёсць частка работы Таццяны Міхайлаўны. Асабліва кранальным стаў момант, калі для ўручэння падарункаў запрасілі супрацоўніц з прыстаўкай «экс-». Такім чынам аддалі даніну павагі ветэранам галіны — пенсіянерам: былому начальніку аддзела эканомікі і планавання камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Кацярыне Цішко і былому начальніку аддзела фінансавання і крэдытавання арганізацый АПК названага камітэта Тамары Рапінчук.

У адным з прыгажэйшых палацаў краіны ў гэты дзень было шмат кветак, віншаванняў, музыкі. На добрыя словы не скупіліся арганізатары — выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў, старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. Гаспадар імпрэзы —старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук зрабіў невялікі экскурс у гісторыю адраджэння Косаўскага палаца, расказаў пра асобныя экспанаты гэтага музейнага комплексу. Паводле яго слоў, у Белай зале, дзе праходзіла ўрачыстасць, стаіць люстэрка ХІХ стагоддзя, самае вялікае, што маецца ў нашай краіне з той эпохі. Старшыня прапанаваў кожнай з удзельніц ў канцы мерапрыемства паглядзецца ў яго і загадаць жаданне, якое абавязкова мае збыцца. Бо павінны ж на свята здарацца прыемныя рэчы, адбывацца дзівосы і цуды, а ў такіх раскошных месцах, і пагатоў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».