Вы тут

Адзінаццаць медалёў заваявала беларуская каманда на Гульнях у Кузбасе


Дзевяць спаборніцкіх дзён, дзесяць відаў спорту, 57 камплектаў узнагарод, 850 юных спартсменаў з 12 краін — у Кемераве прайшлі Міжнародныя спартыўныя гульні «Дзеці Азіі». Свае здольнасці на турніры паказалі і 68 беларускіх спартсменаў, якія абаранялі гонар краіны ў спаборніцтвах па васьмі відах спорту. Дадому беларуская зборная прывезла 11 узнагарод — 1 залатую, 5 сярэбраных і 5 бронзавых. 


Чэмпіёнкай турніру стала канькабежка Паліна Сівец, якая перамагла ў забегу на дыстанцыі 3000 метраў. Паліна абвергла спартыўную прыкмету, што капітан каманды і знамяносец застаюцца без медалёў. Спачатку яна вынесла беларускі сцяг на арэну Лядовага палаца «Кузбас» на цырымоніі адкрыцця, а потым падняла яго пад столь Лядовага палаца пасля свайго выдатнага выступлення. Напярэдадні стартаў Паліна прызнавалася, што хвалюецца. Але, як відаць, хваляванне не перашкодзіла. Паліна таксама заняла другія месцы ў забегу на 1500 метраў і ў мас-старце. 

«Хваляванне перамясцілася на другі план. Думала пра тое, як тэхнічна правільна прабегчы дыстанцыю, як размеркаваць сілы. Задаволена, што атрымалася прабегчы так, як у Мінску, хоць у нас лёд значна „хутчэйшы“, чым тут», — падзялілася Паліна ў каментарыі прэс-службе НАК Беларусі. Вызначыліся і канькабежцы Раман Чарняўскі, Фёдар Данілаў і Радамір Мінін. У камандным спрынце хлопцы занялі трэцяе месца. 

Старшы трэнер юніёрскай каманды па канькабежным спорце Руслан Таболіч падкрэсліў, што план на Гульні яго вучні выканалі. Задачай мінімум было чатыры медалі. «Выступленне ўсёй каманды лічу годным, што пацвярджае і наяўнасць чацвёртых месцаў. Гэта значыць, яшчэ крыху пастарацца — і можна будзе заваёўваць больш медалёў. У сувязі з тым, што набор дзяцей ідзе не ў такой колькасці, як у Расіі, у нас няма магчымасці падзяляць праграмы на спрынтарскую і мнагаборскую. Мы стараемся рыхтаваць дзяцей на ўсе дыстанцыі. У хлопцаў у іх узросце пакуль атрымліваюцца сярэднія і доўгія», — адзначыў трэнер. 

Не засталіся без узнагарод і калегі канькабежцаў — шорт-трэкісты. Сярэбраныя медалі ў каманднай эстафеце заваявалі Матвей Магер, Данііл Бычкоў, Дар’я Сцяпанава і Ксенія Лукашэвіч. Данііл Бычкоў яшчэ стаў бронзавым прызёрам на дыстанцыі 500 метраў. Разам з таварышамі Матвеем Магерам, Раманам Зяленіным і Цімафеем Жуком Данііл заняў трэцяе месца ў эстафеце юнакоў. 

Ева Бедрыцкая заняла другое месца ў спаборніцтвах па скачках на лыжах з трампліна. «Я ўжо дастаткова вопытны спартсмен. І перад выступленнем я старалася не хвалявацца, спакойна сябе паводзіць, ні пра што не думаць. І палепшыла свой вынік. Я не разлічвала на тройку, думала, што буду ў пяцёрцы, а тут другое месца — гэта было вельмі нечакана. Я вельмі рада такому выніку, але разумею, што можна было б замахнуцца і на першае»«, — дзялілася Ева ў інтэрв’ю прэс-службе НАК Беларусі. 

Фігурыст Васіль Барахоўскі заняў трэцяе месца. Пасля кароткай праграмы спартсмен займаў пятае месца, але ў адвольнай праграме змог падняцца да трэцяга.

На трэцяй прыступцы п’едэстала па выніках эстафеты дружбы ў лыжных гонках размясцілася Вікторыя Жамкова

У медальным заліку зборная Беларусі заняла трэцяе месца пасля Расіі і Казахстана. 

Удзел нашых спартсменаў у Міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Азіі» — гэта не толькі пра спорт, але і пра сяброўства паміж краінамі. «Прыезд вашай каманды ў Кузбас выклікае высокую цікавасць у балельшчыкаў, звычайных сібіракоў, якія вельмі цёпла ставяцца да вашай краіны. Многія нашы спартсмены проста ўлюбляюцца ў Беларусь. Прыезд вашай дэлегацыі толькі ўмацаваў нас у меркаванні, што мы зрабілі правільна, і, упэўнены, у нас яшчэ будуць сумесныя праекты», — адзначыў кіраўнік міжнароднага камітэта «Дзеці Азіі» Уладзімір Максімаў на сустрэчы з прэзідэнтам НАК Беларусі Віктарам Лукашэнкам

«Паўнавартасны ўдзел у Гульнях «Дзеці Азіі» для юных беларускіх атлетаў — вялікі вопыт і неабходная практыка. У гэтым узросце яны вызначаюцца ў спорце, і вельмі важна для іх выступіць на такім узроўні. Калі вы бачыце і ў далейшым нашы каманды ў праекце «Дзеці Азіі», мы з задавальненнем разгледзім прапановы, — сказаў Віктар Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».