Вы тут

Каханне ці мільёны? Варыянт адказу паводле спектакля Бернарда Шоу


Прыгожая ды раз’юшаная кабета вельмі добра ведае, што ёй насамрэч патрэбна. Але няма шчасця, як ні стараўся яе клапатлівы і багаты бацька. Крыўда кіпіць у сэрцы Эпіфаніі, якая атрымала шматмільённую спадчыну і неабходную ўмову, каб знайсці надзейнага чалавека для сямейнага жыцця: жаніх павінен быў даказаць, што ўмее распараджацца грашыма і за паўгады ператварыць сто пяцьдзясят фунтаў у сто шэсцьдзесят тысяч. І такі знайшоўся, мала што вынаходлівы, дык яшчэ і паспяховы спартсмен, відны мужчына. А ў выніку — Эпіфанія ля крайняй мяжы і з думкамі: ці не кінуцца ў раку ад гора? Пра што і паведамляе свайму адвакату. Той, чалавек не без гумару, знаходзіць больш простае выйсце: прапануе атруту. І хто ведае, што было б далей, каб сюды ж не завітаў муж-здраднік? Ды яшчэ і не адзін...


Здаецца, усё банальна: жаданне кахання і няспраўджаныя надзеі адлюстраваныя ў спектаклі «Мільянерша» рэжысёры Таццяны Аксёнкінай, які прадставіў Дзяржаўны маладзёжны тэатр. А, між іншым, у аснове — п’еса знакамітага драматурга Бернарда Шоу. А гэта значыць, што ўсё павінна быць не надта проста і зусім не банальна. Прынамсі, што тычыцца жанчыны, то дакладна. Вялікі ірландзец закруціў сюжэт п’есы вакол галоўнай гераіні, у якой ёсць усё, але каб стаць шчаслівай, ёй давядзецца напружвацца і шмат папрацаваць дзеля гэтага. Камедыя згодна з вызначаным жанрам не толькі ў сюжэтных калізіях вакол Эпіфаніі (актрыса Наталля Анішчанка), яе нявернага мужа Алістэра (Аляксей Шутаў), Блендэрбланда (Дзмітрый Бойка), які заляцаецца да мільянершы, ды доктара-егіпцяніна (Яўген Іўковіч), які мае не толькі свае правілы жыцця, але і пэўнае патрабаванне да жанчыны. Камедыйнасць сітуацыі паводле драматургічнай завязкі яшчэ і ў тым, што багатая арыстакратка павінна спусціцца на зямлю і цалкам «абнуліцца» ў сваім статусе, каб даказаць, што можа прэтэндаваць на шчасце з чалавекам, які да яе мільёнаў абсалютна абыякавы, ён верыць у вышэйшую справядлівасць.

Cама п’еса Бернарда Шоу не абмяжоўваецца стасункамі па лініі «жаночае-мужчынскае»: гэта свайго роду падмурак, каб паразважаць на тэму «чалавек і грошы». Справа ў тым, што для Бернарда Шоу гэтыя дзве тэмы злучыліся ў яго ўласным жыцці, ён нават імкнуўся ў пэўны момант аддаліцца ад каханай жанчыны з багатай сям’і, якая пасля ўсё ж стала яго жонкай. Але ў сваіх светапоглядах драматург захоўваў вернасць прынцыпам (нават адмовіўся ад грашовай часткі Нобелеўскай прэміі) і быў актыўным прыхільнікам ідэі сацыяльнай справядлівасці. Нездарма яго віталі ў Савецкім Саюзе і ахвотна ставілі п’есы ў краіне, якая будавала камунізм. А некаторыя тэлегледачы яшчэ памятаюць фільм паводле «Мільянершы» са славутымі савецкім зоркамі, якія прадставілі не зусім звычайныя для таго часу і той краіны вобразы, — ім было што іграць.

У варыянце Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Беларусі той самы выпадак: сюжэт рэалізуецца праз пэўных герояў, якіх увасабляюць вядучыя артысты — і адчуваецца, што не ў малой ступені дзеля іх, хоць і глядацкі аспект важны. Наталля Анішчанка грае капрызлівую ды істэрычную напачатку жанчыну, якая неўзабаве ператвараецца ў моцную і дзелавую бізнеслэдзі дзеля таго, каб выканаць умову і прэтэндаваць на шчасце з доктарам. А ўсяго і трэба ёй паўгады пражыць на мізэрную суму грошай ды самой зарабляць на жыццё. Ведаў бы тата з яго мільёнамі, на што пойдзе дачка дзеля мужчыны...

Па логіцы павінна адбыцца яе пераўтварэнне. Знешне яно пазначана праз вопратку гераіні, якую спачатку мы бачым у гламурнай піжаме, а пасля ў эфектным, але ўсё ж летуценным строі. Мастачка па касцюмах Таццяна Лісавенка абазначыла род заняткаў і стыль жыцця герояў. Спартсмен, які існуе дзякуючы дастатку жонкі, выглядае элегантна-разняволеным (моцна здзівіць, калі ён пачне вязаць на спіцах нешта з чырвоных нітак, але ж гэта асаблівая місія па волі рэжысёра), яго каханка — какетка з дакладнай мэтай, а доктар — як егіпцянін, праўда, з крыху беларускім тэмпераментам. І што яна ў ім знайшла? Не багаты, не такі харызматычны як іншыя кавалеры, і без хоць бы якога намёку на захапленне. Цяжка бывае зразумець гэтых жанчын. І пасля спектаклю — не зразумееце, ды і навошта?

«Мільянерша» ў маладзёжным тэатры ў пастаноўцы Таццяны Аксенкінай — спектакль для лёгкага прагляду, калі трэба правесці вечар з выхадам у людзі і пры гэтым адпачыць без сур’ёзных думак. Водар сацыяльнага падтэксту быццам бы выветрыўся, ён хутчэй існуе як неардынарныя абставіны, у якія трапляе гераіня, а глядач сочыць за высвятленнем адносін. Але сам тэкст Бернарда Шоу, нават калі проста яго прамаўляць, прыцягвае некаторымі іранічнымі, часам парадаксальнымі выслоўямі — для цаніцеляў тонкага англійскага гумару. Але не чакайце ўбачыць Брытанію 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Час тут — умоўны, паводле сцэнаграфічнага рашэння (мастачка Таццяна Мацэвіч). Ды і сама гісторыя, калі разабрацца, — пра моцную жанчыну, здольную пры неабходнасці зварочваць горы. Разумную пры гэтым: дабіваецца, каб ёй належалі і грошы, і каханы. І тое праўда, навошта адмаўляцца ад розных праяў шчасця? Ці хоць бы памарыць у тэатры — простае задавальненне для гледачоў з напружаным жыццём. Аказваецца, можна і так...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».