Вы тут

Лукашэнка: Быў затрыманы ўкраінскі тэрарыст


Пра гэта Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў падчас цырымоніі ўзнагароджання. Прэзідэнт адзначыў, што на святочнае мерапрыемства мужчыны ў пагонах прыйшлі не з пустымі рукамі, а з падарункам, які ён назваў неверагодным.


Фота: БелТА.

«Яшчэ раз прашу прабачэння, што я адыходжу ад афіцыёзу і проста напярэдадні свята расказваю вам не як Прэзідэнт, а як звычайны чалавек аб гэтым выключным падарунку, імя якому „неверагоднае“», — падкрэсліў ён.

Як усё пачыналася

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пачатак усяму быў пакладзены восем месяцаў ці паўгода таму, дакладна яшчэ будзе высветлена. Месца падзей — Кіеў. «Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ ці то збоку, ці то за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіянін, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме, сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014, здаецца, годзе. Айцішнік ці добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», — падзяліўся падрабязнасцямі ён. 

Прэзідэнт нагадаў аб тэракце супраць расійскіх самалётаў на аэрадроме ў Энгельсе, які быў здзейснены некалькі месяцаў таму. Былі пашкоджаныя расійскія самалёты стратэгічнага прызначэння. «Гэта было даручана не яму (дыверсанту, закінутаму ў Беларусь.- заўв). Гэта было даручана іншым групам, якія былі старанна падрыхтаваны разам з нашым так званым тэрарыстам на тэрыторыі Украіны. Рыхтавалі дыверсанта прадстаўнікі СБУ, выкарыстоўваліся самыя высокія тэхналогіі. Тое, што мы ўбачылі, рэалізуючы аперацыю ў Беларусі, — гэта сапраўды было нешта неверагоднае. Былі задзейнічаны самыя высокія тэхналогіі. Ён быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц. Пасля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так гавораць у КДБ) на нашу тэрыторыю», — расказаў Прэзідэнт.

«У Беларусі так не бывае»

Патрапіць у Беларусь праз мяжу з Украінай дыверсант не мог, яна зачынена. Таму быў абраны маршрут Варшава — Брэст, Варшава — Лодзь — Рыга — Пскоў і затым Мінск. Прэзідэнт даручыў старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатолю Лапо знайсці беларускага пагранічніка, які не прапусціў тэрарыста на тэрыторыю Беларусі пад Брэстам. «Пад рознымі выкрутамі, слязамі і плачам, што, калі ён яго не прапусціць, — бяда будзе з ім ва Украіне. Але наш хлопец малайчына. І хоць па-чалавечы можна было яго зразумець, ён яму сказаў, што ў Беларусі так не бывае: „Вы калі праедзеце ў Беларусь па ўкраінскім пашпарце (у яго два пашпарты: расійскі і ўкраінскі), то я вымушаны вас зафіксаваць тут“. Яму гэта не трэба было. Ён вярнуўся ў Варшаву. Яму з Украіны далі запасны маршрут. Як я ўжо сказаў, Варшава — Лодзь — Рыга. І там ён перасек латвійска-расійскую мяжу. Пагранічнікі расійскія, на жаль, прапусцілі яго. Хоць не павінны былі гэта зрабіць. Ён перамяшчаўся па ўнутраным расійскім пашпарце. У іх ёсць замежны пашпарт. Ён не меў права перамяшчацца праз граніцу. Але тым не менш перамясціўся ў Пскоў, затым прыехаў на аўтобусе ў Мінск», — расказаў беларускі лідар.

Пра беспілотнік і самалёт

Прэзідэнт не стаў у дэталях раскрываць, як перадаваліся прылады злачынства, гэтыя беспілотнікі. Арганізатары няўдалага тэракта абралі маленькі беспілотнік. «Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Але маленькі гэты беспілотнік кітайскай вытворчасці, які прадаецца і ў нашых крамах, мы ўстанавілі, — ён быў прададзены ў ЗША (гэты кітайскі беспілотнік), а потым вярнуўся ва Украіну. І ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што пра тое, як гэтыя беспілотнікі былі задзейнічаны ва Украіне, будзе расказана пазней. 

«Быў падрыхтаваны гэты тэракт. Вынікі вы ведаеце. На шчасце, самалёт не зведаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая ваеннаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі. Мы вам паказвалі гэты самалёт. Як мне паведамілі, ён нават Прэзідэнта сустракаў, калі я вяртаўся з Пекіна. Тым не менш мы папрасілі расіян, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўванне і даслалі нам іншы. Так і адбылося», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, якія задачы самалёт А-50 выконваў у Беларусі. Беларускі лідар папрасіў Прэзідэнта Расіі накіраваць у Беларусь паветраную групоўку для таго, каб ажыццяўляць кантроль па перыметры беларускіх граніц і сумеснай расійска-беларускай групоўцы адпрацоўваць пэўныя навыкі. «Гэты самалёт ніколі не залятаў на тэрыторыю Украіны. Нават не набліжаўся да мяжы Польшчы, Літвы, усіх гэтых нягоднікаў, якія сёння працуюць супраць Беларусі. Мы вельмі акуратна працавалі, нікому не давалі нагоды для гэтага», — сказаў ён. «Пасля здзяйснення тэракту і спробы ўзарваць самалёт (самалёт дарагі, самалёт-разведчык) былі створаны маршруты вываду яго (тэрарыста) з тэрыторыі Беларусі, для іх гэта быў вельмі каштоўны чалавек», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Як узялі тэрарыста

Яшчэ да камандзіроўкі ў Кітай Прэзідэнт аддаў самыя цвёрдыя распараджэнні сілавікам. «Там я лаяўся на вас, і мацюкамі казаў. Гэта абнуляецца сёння. Але не забывайце» , - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Былі перакрыты граніцы Беларусі. Але асноўнай праблемай была беларуска-расійская мяжа, дзе няма воінскіх падраздзяленняў, ды і граніцы няма паміж Расіяй і Беларуссю. «І галоўнай нашай задачай было не дапусціць пранікнення яго ў Расію. Таму што ў вялізнай, бяздоннай. Расіі знайсці яго было б вельмі складана. Мы гэта разумелі, а таму былі ўзняты сотні, а можа, і тысячы людзей — ваенных усіх падраздзяленняў, каб закрыць Беларусь», — расказаў кіраўнік дзяржавы. 

Былі выкананы пэўныя дзеянні, разгорнуты антытэрарыстычны штаб пад кіраўніцтвам старшыні КДБ Беларусі Івана Тэртэля. «Правакавалі ўкраінцаў, паказваючы ім, што мы там праводзім нейкія аперацыі. Яны паддаліся на нашы рухі і паказалі фактычна сваімі дзеяннямі, куды і дзе яны хочуць выводзіць гэтага тэрарыста. Натуральна, Лапо прыкрыў граніцу. Яны заўважылі, што праз мяжу ім не прайсці. І пачалі выкарыстоўваць запасны варыянт вываду яго адсюль. Але перш чым выводзіць, трэба было стварыць новы канал», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзяліўся, што больш за ўсё ў гэтай аперацыі яго ўразіла выкарыстанне найвышэйшых тэхналогій: «Яны стварылі яму спецыяльную праграму (хутчэй за ўсё, ЦРУшнікі — амерыканцы), уручылі спецыяльныя тэлефоны, па якіх яны адлежвалі кожны яго крок у аўдыё- і відэарэжыме. Яны бачылі, куды ён перамяшчаецца, з кім ён сустракаецца і размаўляе і гэтак далей. Потым паралельны тэлефон. Гэта вельмі важна — другое, што мяне здзівіла. Там мы крышку пракалоліся, калі ён пакінуў гэты тэлефон (нам гэта было невядома) у кватэры, узяў паралельны тэлефон, і ўжо яны ім кіравалі па гэтым тэлефоне. Гэта загад быў СБУшнікаў: калі мы зойдзем у гэтую кватэру па слядах — яны адразу нас убачаць. Так і адбылося. У гэты момант я ўжо, шчыра кажучы, быўшы ў Кітаі, пачаў сумнявацца пасля вашага дакладу, што мы яго хутка знойдзем», — расказаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што другім неверагодным здзіўленнем для яго стала, што беларускія спецслужбы, аналізуючы тысячы званкоў, перагавораў, сустрэч і размоваў рознага кшатлту мярзотнікаў за межамі і ўнутры нашай краіны, вылічылі яго. «Вось проста вылічылі ў кабінеце дзве кропкі. Калі вы зайшлі ў гэтую кропку, калі ён лёг на дно і чакаў новага маршруту, вы яго ўзялі ў першай жа гэтай кватэры — пад Бараўлянамі ў нейкім там асабняку садовага таварыства. У падвале — друкарня з рознага роду анучамі бэчэбэшнымі і іншай літаратурай. З усяго трэба рабіць выснову. Пра што я заўсёды казаў — што нам ніколі нельга супакойвацца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

«Мы іх вылічым усіх і вычысцім з нашага грамадства»

Па яго словах, каманды ішлі ад СБУ збеглым за мяжой (у дадзеным выпадку — у Польшчы), адтуль яны звязваліся (у дадзеным выпадку гэта быў урач) з мярзотнікамі тут і дапамагалі яму хавацца. Прытым і на пачатковым, і на канчатковым этапе аперацыі. «Добра нашым богам дапамог і здарыўся цуд. Дзякуючы нашым аператыўнікам — Камітэта дзяржбяспекі, МУС і пагранічнікам — мы яго вылічылі і затрымалі. На сёння затрыманы больш як 20 саўдзельнікаў, якія на тэрыторыі Беларусі. Астатнія хаваюцца там за мяжой», — падзяліўся падрабязнасцямі кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што распарадзіўся па ўсёй краіне правесці жорсткую зачыстку — каб не было размоў. «Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць, нечага чакаюць. Будзе як у 1941 годзе, калі фашысты прыйшлі сюды, ячэйкі гэтыя былі, памагатыя, а потым павязку на руку і дзейнічалі разам з гэтымі фашыстамі. Нічога не змянілася. Таму мы іх мусім знайсці. А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо ідзем. Нашы хлопцы ўжо на парозе, няхай рыхтуюцца. Лепшы варыянт, калі яны прыйдуць самі і здадуцца. Гэта для іх будзе найлепшы варыянт. Мы іх вылічым усіх і вычысцім з нашага грамадства. Яны за гэтыя два з паловай гады так нічога і не зразумелі. Яны не зразумелі, што мы да іх па-людску: калі адумаліся — вяртайцеся. І гэта нічога не адмяняе, ёсць там ачмурэлыя адурманеныя — няхай вяртаюцца. Заявы ўжо паступаюць. Тыя, хто асабліва зараз здзяйсняюць такія правапарушэнні, з’яўляюцца памагатымі тэрарыстаў — мы іх знойдзем», — папярэдзіў Прэзідэнт. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, спробы падарваць самалёт не мае ніякага ваеннага значэння. І нават калі б нешта здарылася з гэтым самалётам, — ён не адзіны. Усё было разлічана на сродкі масавай інфармацыі. «Усё было ўвязана як звёны аднаго ланцуга: ў нас тэракт у Мачулішчах і ў Бранскай вобласці, каля 40, а можа, больш, мярзотнікаў — зайшлі, расстралялі мірных грамадзян, паранілі дзіця. Гэта былі звёны аднаго ланцуга, каб прадэманстраваць Захаду, на што яны яшчэ здольныя. Грошы патрэбны. А нашы збеглыя разлічвалі атрымаць за гэта фінансаванне», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы даручыў расказаць пра ўсе падрабязнасці ў СМІ: «Пакажыце гэта ўсё ў дэталях, пакажыце агідных гэтых, якія сядзяць у Польшчы і Украіне, якія за пернікі гатовыя знішчаць. Не здраджваць Радзіме, а знішчаць нашых людзей. Мы павінны ў дынаміцы паказаць, як яны крычалі, што „ўсё, ужо тыя, хто ўчыніў у Мачулішчах тэракт, яны ўжо за мяжой“. Гэтым самым яны ў нас умацавалі веру ў тое, што яны тут. Калі б былі за мяжой, яны б іх паказалі. Тады я сілавікам сказаў: „Глядзіце, ён тут!“. Яны проста пракалоліся, як мудакі апошнія. І мы актыўна пачалі пошукі тут», — заявіў ён.

«Выклік кінуты»

Прэзідэнт канстатаваў, што з усяго павінны быць зроблены вывады. Гэту аперацыю ён назваў добрай, бліскуча праведзенай. «Здзейснена неверагоднае, каб за нейкія 4-5 дзён знайсці памагатых і затрымаць. Знайсці іголку ў стозе сена. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. Выснова адна. Я яшчэ думаў, што Украіне патрэбны мір, што Зяленскі клапоціцца пра свой народ. Прэзідэнт Зяленскі проста гніда, такія аперацыі не праводзяцца без узгаднення з кіраўніком краіны, з галоўнакамандуючым. Гніда, бо ён бегае вакол Беларусі. Дасылае да нас людзей і просіць: „Давайце заключым пакт аб ненападзе, давайце дамовімся, у нас з вамі няма ніякіх праблем“. На што я казаў: „Мы не збіраемся нападаць“. — „Не, давайце падпішам дамову пад заступніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, што вы на нас не нападзе“. Вы чулі мае ўсе гэтыя заявы. І ў гэты час...», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Выклік кінуты. Я ж ведаю, што яны жадаюць нас уцягнуць у вайну па камандзе амерыканцаў. І калі вы думаеце, што кінуўшы гэты выклік, вы ўцягнеце нас у вайну заўтра, якая сёння ідзе па ўсёй Еўропе — вы памыляецеся. Я не настолькі дурны і не першы год працую Прэзідэнтам. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, асабліва для мясцовых мярзотнікаў і тых, хто ўцёк. Мы ўсіх знойдзем. А беглым паўтараю: рыхтуйцеся, мы да вас ужо прыйшлі. І не выйце, і не посціцеся ў гэтых месэнджарах. У нас нервы моцныя, мы ведаем, што трэба рабіць», — заявіў ён.

Гэта ўвойдзе ў падручнікі

Па выніках правядзення контртэрарыстычнай аперацыі Прэзідэнт прыняў рашэнне ўганараваць дзяржаўнымі ўзнагародамі галоўных дзейных асоб. Старшыня КДБ Іван Церцель узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» І ступені, старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў — ордэнам «За службу Радзіме» ІІ ступені.

Прэзідэнт даручыў усіх, хто ўдзельнічаў у гэтай аперацыі, няхай іх будуць тыясчы, прадставіць да дзяржаўнай узнагарод: «Каго трэба падтрымаць матэрыяльна, маральна — як заўгодна. Гэтыя хлопцы не павінны быць забытыя. Вы здзейснілі неверагоднае. Гэта ўвойдзе ў падручнікі. Мы не павінны забывацца на такіх людзей».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.