Вы тут

Навум Гальпяровіч: Жанчына — неразгаданая загадка…


У яго вершах – захапленне жанчынай. Таямнічай незнаёмкай, чые вочы на старажытнай фрэсцы, «бы вечнасці вокны». Сучасніцай, якой прысвячаюцца словы кахання.  


Навум Гальпяровіч – аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы, публіцыст, журналіст. Нядаўна ён адзначыў 75-годдзе і працягвае заставацца ў выдатнай творчай форме. Што дапамагае майстру «жыць па-за ўзростам»? Ці канкурыруюць паміж сабой літаратура і журналістыка? Ці існуе каханне на ўсё жыццё, якія сакрэты дапамагаюць захаваць сямейную гармонію? Пра ўсё гэта ў шчырай размове з пісьменнікам.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Навум Гальпяровіч. Намеснік дырэктара – загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, тэле- і радыёвядучы, паэт, празаік, перакладчык, публіцыст. Вядучы аўтарскай культуралагiчнай праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3». За творчыя і грамадскія здабыткі адзначаны медалём Францыска Скарыны, званнем «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». 

«Ратаваннем ад нематы я свой лёс назаўжды прыдумаў»

– Паважаны Навум Якаўлевіч, прыміце віншаванне з юбілеем. Выйшла Ваша новая кніга паэзіі «Ветразь лёсу». Вы застаяцеся ў выдатнай творчай форме. Якія планы на найбліжэйшы час? 

– Дзякуй за віншаванне! Планы, напэўна, усё тыя ж – працаваць, ствараць, спасцігаць новае. Працягваць звыклы расклад, які быў і да юбілею.

– Як Вы з вышыні пражытых гадоў ставіцеся да паэзіі? Раіса Баравікова ў адным з вершаў напісала: «Паэт вядзе размовы з небам»...  

– Я толькі дадаў бы да гэтых слоў сваю фармулёўку «слухаць шэпт нябёсаў», што не пярэчыць, а ў нечым нават удакладняе выказванне паважанай Раісы Андрэеўны.

– Вы неяк сказалі, што паэзія – гэта кардыяграма душы. З цягам часу многія пераходзяць да прозы, бо захаваць ранейшую свежасць і энергію пачуццяў не кожнаму ўдаецца. Вы пранеслі вернасць паэзіі праз усё жыццё. У чым сакрэт маладосці пачуццяў? 

– У маладосці душы, магчыма. Хоць апошнім часам і да прозы цягне. Хочацца паспавядацца перад сабой і чытачом, бо шмат чаго адбылося ў жыцці. Неяк адзін мой старэйшы сябар – а было гэта ў часы маёй маладосці – параіў мне паехаць у экспедыцыю ці пайсці працаваць на вялікую новабудоўлю, каб «зарабіць» сабе біяграфію. Воляй лёсу я пабываў і грузчыкам, і карэктарам, і рэпарцёрам, і дырэктарам радыё, і шмат кім яшчэ... Галоўная перавага такой біяграфіі – жыццёвы вопыт. Але пэўны ўнутраны наіў, тая свежасць пачуццяў засталіся. Я па-ранейшаму ранімы і востра рэагую на ўсе праявы жыцця, хоць часам знешне і не паказваю гэтага.

– Ваш цыкл літаратурных партрэтаў «Сэлфі з часам» і іншая дакументальная проза наводзяць на думкі пра тое, колькі яшчэ цікавага назапашана ў Вашых нататніках. Ці плануеце напісаць грунтоўны твор «аб часе і аб сабе»?  

– Баюся сказаць «планую», каб не сурочыць. Але ўсё, што я раблю ў літаратуры, падпарадкавана гэтай мэце. Хапіла б толькі майстэрства і часу. Пэўны пачатак пакладзены – гэта аповесць «Горад». Яна была апублікавана ў часопісе «Маладосць» і дала назву кнізе прозы, якая толькі што выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці».    

– Журналістыка і літаратура ў Вашым жыцці падпітваюць адна адну або канкурыруюць за галоўны жыццёвы рэсурс – час? 

– Яны суіснуюць як два крылы, без якіх для мяне немагчымы паўнацэнны палёт. Хораша выказалася пра гэта Аксана Бязлепкіна ў нядаўнім артыкуле, прысвечаным мне, у часопісе «Роднае слова». Яна заўважыла, што журналістыка спрыяе пісьменніцкай кар’еры як фармальна, так і змястоўна, бо  актуальнасць і надзённасць паўплывалі на паэтычную творчасць з яе пазачасовасцю. Гэта той выпадак, калі літаратурны крытык дапамагае творцу зразумець сябе, за што ёй удзячны. Сапраўды, журналістыка спрыяла літаратуры, а літаратура – журналістыцы. Так мала ў каго бывае, а вось у мяне яны неяк ужыліся разам.

– Заўсёды звяртаю ўвагу на тое, як тактоўна, уважліва ставіцеся Вы да кожнага госця праграмы «Суразмоўцы», як беспамылкова знаходзіце патрэбную інтанацыю. Гэта натхненне? Або вопыт і належная падрыхтоўка? 

– У першую чаргу гэта… хацеў сказаць – «любоў», але дакладней будзе –  прыязнасць. Да цікавых людзей, іх лёсаў, іх служэння любімай справе, высокім духоўным ідэалам. Я напаўняюся ад гэтых сустрэч стваральнай энергіяй, захапленнем. І, безумоўна, гэта падрыхтоўка. Перад кожнай праграмай разам з рэдактарам Алесем Мойскім стараемся адшукаць як мага больш звестак і фактаў пра будучага суразмоўцу. Вопыт журналісцкі таксама іграе не апошнюю ролю.    

«Душа сумуе па душы»  

– Той, хто выхаваны на літаратуры і яе ідэалах, часта складана перажывае сутыкненне з прозай жыцця. «Кніжнаму» чалавеку моцна пашанцавала, калі ў яго ёсць надзейны тыл – сям’я. Як складваюцца Вашы адносіны з самымі блізкімі людзьмі? 

– Часам няпроста, бо як «кніжны» чалавек, я ў многім ідэаліст. Але ўрэшце, знаходзіцца тое агульнае, дзякуючы чаму сям’я сапраўды застаецца для мяне надзейным тылам. Я цаню гэта і стараюся знайсці паразуменне, захаваць узаемную павагу, цёплыя пачуцці.

Я заўсёды любіў сваіх дзяцей, але раней не ўяўляў, якая можа быць  незвычайная пяшчота да ўнука. Ён у мяне адзін, яму восем гадоў, яго фотаздымак на маім рабочым стале. І я адчуваю прысутнасць унука ў сваім сэрцы пастаянна.

Дачка Оля і сын Максім таксама ў маім сэрцы, хоць яны ўжо даўно дарослыя людзі. Максім з сям’ёй жыве побач, на той жа вуліцы, так пашанцавала. Мы бачымся практычна кожны дзень. Максім стаў рэдактарам, ён выдатны спецыяліст, прафесіянал, гісторык, і я ганаруся, што з дзяцінства сын атрымаў добрае выхаванне і давёў да спеласці свае здольнасці.

А Оля вось ужо дзесяць год як жыве і працуе ў Пекіне на радыё. Мы з ёй на сувязі таксама амаль кожны дзень.

Я сучасны чалавек, але часам у душы шкадую, што сышоў той час, калі цэлыя пакаленні родных людзей жылі разам. Калі-нікалі так хочацца, каб блізкія заўсёды былі побач.

Жонка – выдатная гаспадыня, вельмі сумленны, шчыры і прыстойны чалавек.

– У адным з вершаў Вы арыгінальна і па-мастацку іранічна абараняеце права пісаць паводле традыцыйных канонаў: «Злятае традыцыйна ліст / З асенняй традыцыйнай кроны». А на якія непарушныя традыцыі абапіраецеся ў сямейным жыцці? 

– Павагі, прыстойнасці. Я не дарма ўжываю гэтыя словы. Не выношу абраз, брыдкаслоўя, падману. Не цярплю фарысейства, двудушнасці. Мая мама неяк сказала маёй будучай жонцы, што я вельмі гідлівы чалавек. Гэта так. Гідлівы да бруду маральнага і фізічнага, да хамства і нахабства.

– Праз мноства параўнанняў Вы ў сваёй паэзіі расказалі пра каханне: яно «салодкае, як мёд», «бясконцае, як свет»… Ці можна захаваць каханне на ўсё жыццё або гэта прыгожая ілюзія?

– Каханне – самае загадкавае і неспазнанае пачуццё. Шчаслівы чалавек, хто прайшоў праз каханне. Я не ведаю адназначнага адказу на гэта пытанне. Ведаю толькі, што без кахання не было б таго мяне, кім я ёсць. Шмат мог бы расказаць пра гэта, але хай гавораць мае вершы. Там – праўда. Каханне ўсё ж, напэўна, не прыгожая ілюзія, а глыбокае пачуццё, якое ўзнімае і апускае ў бездань, якое прыносіць шчасце і невыносныя пакуты...

– Мы прывыклі да стэрэатыпаў у вызначэнні жаноцкасці. Мужчыны – пісьменнікі мінулага часта стваралі ў сваіх творах рамантызаваныя вобразы, якім жывой жанчыне складана адпавядаць. А чым ёсць жаноцкасць для Вас?

– Яна таксама ў многім навеяна тым рамантызмам, хоць, пасталеўшы, стаў больш цвяроза ўсё ацэньваць. На жаль, было і расчараванне, і неразуменне, і крыўда. Але і па сённяшні дзень жаноцкасць для мяне – гэта прыгажосць, пяшчота, вернасць. Так, сёння няма рыцараў і свецкіх дам, я стараюся зразумець імкненне сучаснай жанчыны быць самастойнай, паспяховай, самадастатковай. Але што зробіш з «кніжным» чалавекам? Хачу прысвячаць ёй вершы як цудоўнаму стварэнню прыроды.

Урэшце, жанчыны для мяне і да гэтага часу ёсць неразгаданай загадкаю. 

– «Трэба жыць па-за ўзростам, дзень наступны любіць», – напісалі Вы. А што дапамагае Вам «жыць па-за ўзростам», захоўваць прафесійную і фізічную форму?

– Менавіта любоў. Да свайго роднага горада, да сяброў, да сям’і. Да мовы, якой адданы з юнацтва. Вера ў тое, што толькі справай, толькі служэннем высокаму, чыстаму і справядліваму можна пакінуць дастойны след на зямлі.

Алена БРАВА

Фота прадастаўлена суразмоўцам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?