Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Пужаная варона куста баіцца»


Цётачка Анюта збіралася ў госці да школьнай сяброўкі ў Бахрэйн. Тая даўно запрашала, толькі цётачка не рашалася — далёка ехаць. А тут пайшла на пенсію і рашылася — з сяброўкай пабачуся і свет пагляджу. Як метэор, насілася яна па кватэры, укладваючы чамадан і, не ўпісаўшыся ў дзвярны праём, пасадзіла сіняк на руцэ. Улічваючы пару сінякоў на назе, якія «падхапіла», прабягаючы міма стала, — дарога пачыналася з дробных непрыемнасцяў.


Запхнуўшы ў чамадан апошні падарунак, перакрыўшы вентылі і зачыніўшы дзверы, цётачка ўвайшла ў ліфт, які гучна бразгатаў. Дзверы з віскатам зачыніліся. «Можа, лепш было б пешшу?» — падумала Анюта, прыслухоўваючыся да кожнага рыпення ліфта. Нейкія знакі не вельмі добрыя перад дарогай.

У цётачкі Анюты заўсёды нелады з электрычнасцю. Электрапрыборы ў яе «замыкаюць», перагараюць, згараюць і наогул ламаюцца, ледзь дацягнуўшы да гарантыйнага тэрміну. Яна з асцярогай ставіцца да ўсяго, звязанага з токам. Навальніцы баіцца да жаху, хаваецца ад яе ў ваннай. Усё гэта наводзіць яе на думкі: «Ці не нарадзілася яна з нейкім „антымагнетызмам“, які яшчэ не адкрылі?»

У школе па фізіцы, у Інстытуце па электратэхніцы ў яе былі пяцёркі, тэхніку бяспекі на працы здала, а на практыцы адны пытальнікі і клічнікі атрымліваліся. «Практыкаваць» з электрычнасцю яна пачала ў трохгадовым узросце, усунуўшы ў разетку мамчыну шпільку. След ад гарачага дроту прачарціў пару дадатковых «ліній жыцця» на яе далоні і захаваўся да гэтага часу.

У дзесяцігадовым узросце яна паспрабавала паправіць падраную гірлянду з электрычнымі лямпачкамі, сціснуўшы канцы двух правадоў зубамі. Пры гэтым не дастала штэпсель з разеткі... У восьмым класе Анюта па вушы ўтрэскалася ў аднакласніка Генку. Папрасіла яго зайсці пасля ўрокаў і ўкруціць электрычную лямпачку ў яе пакоі. Гена зайшоў і спытаў: «Куды лямпачку ўкруціць?» Анюта так расхвалявалася, што ў адказ, для нагляднасці, падняла руку і тыцнула пальцам у патрон, патрапіўшы адразу на кантакт пры ўключаным выключальніку. Электрычны разрад заварушыў валасы, працяў іголкамі і ладна страсянуў, пакінуўшы прысмак металу ў роце.

Прыехаўшы да сяброўкі, цётачка дарэмна паспадзявалася, што яе «антымагнетызм» застаўся дома. На наступны дзень яна сапсавала DVD. Па звычцы паклала касету, куды прывыкла, і падштурхнула пальцам. А механізм DVD аказаўся «разумным». Касета, супраціўляючыся, увайшла, але выцягнуць яе назад не ўдалося нават з дапамогай нажа. Пагасцявала, называецца!

Зусім «закіснуўшы», яна з сумам глядзела з балкона 14 паверха, як купаюцца ў басейне. Ісці туды пры дзённым святле было нязручна — сінякі. «Пайду перад закрыццём, калі сцямнее, а DVD куплю новы», — прыняла яна рашэнне, і на душы адразу палягчэла.

З балкона Анюта бачыла, як птушкі пілі ваду, стоячы на краі басейна, не звяртаючы ўвагі на людзей. Чым не рай? Як толькі сонца схавалася за верхавінамі хмарачосаў і змярканне затушавала прадметы, хаваючы іх заганы, Анюта спусцілася ў басейн.

Басейн з зіхатлівай падсветкай, з пальмамі ля вады з’яўляўся неад’емнай часткай гэтага дома і размяшчаўся на даху пяціпавярховай яго часткі. Бірузовая вада ідэальнай празрыстасці прыцягвала. Дзякуючы падводнай падсветцы, на вадзе трымцелі блікі, пранізвалі цемру і рассейвалiся дзесьці ў вышыні. А вакол нікога, акрамя выратавальніка на лавачцы пад пальмай.

Скінуўшы на першы ж тапчан вопратку, Анюта накіравалася да басейна. Але... у апошні момант паднятая нага завісла над воднай роўняддзю. Анюта пачула характэрны гук — як быццам бы прабівае ізаляцыю электрычнасці, так манатонна гудзе высокае напружанне. Няўжо і тут спрацаваў яе «антымагнетызм»? Замкнула падсветку на бакавой сценцы басейна, ля пальмы? Вада дзірачку заўсёды знойдзе. Не вытрымала гідраізаляцыя?

У паніцы цётачка ліхаманкава пралічвала магчымыя варыянты. Яна застыла ў позе чаплі. Веды фізіка выстройваліся ў сістэму: да вады дакранацца нельга, бераг можа быць пад напружаннем, трэба перасоўвацца скачкамі. Як гэта мяне да гэтага часу не ударыла? Напэўна, толькі цяпер усё здарылася, і я адразу пачула.

Стоячы ў позе чаплі, неймаверна выгнуўшыся і разгойдваючыся, яна бессістэмна махала рукамі, імкнучыся ўтрымаць раўнавагу на краі басейна. Сабраўшыся, адскочыла назад, імкнучыся паставіць ногі як мага бліжэй адну да адной. У выніку не ўтрымала раўнавагу і прызямлілася на пятую кропку, пасадзіўшы яшчэ сіняк. Электрычнага ўдару не было. Пашанцавала!

Яна адправілася з прэтэнзіяй да выратавальніка — індуса, які з непрыхаванай цікаўнасцю назіраў за яе дзіўнымі рухамі і фігурамі. Акрамя іх дваіх, у басейне нікога не было. Цётачка Анюта была абураная: яе толькі што ледзь не забіла токам. Яна выказала ўсё, што думае пра тэхніку бяспекі ў гэтым басейне і пра стаўленне выратавальніка да працы. Добра, што індус не ведаў рускай мовы, вельмі здзівіўся б выказванням гэтай «мэм».

Выратавальнік усміхаўся белымі зубамі на смуглым твары і ветліва адказваў: «О’кей, мэм». Анюта прыгразіла паліцыяй, калі ён неадкладна не закрые басейн як небяспечны для жыцця. Выратавальнік, зноў усміхаючыся, адказаў: «О’кей, мэм», але слова «паліцыя» падзейнічала. Ён падняўся з крэсла і спыніўся ў нерашучасці.

Анюце стала ясна — ён не разумее, чаго ад яго хочуць, і паказаўшы рукой у бок гуку, які яе напалохаў, адлюстравала, наколькі ў яе хапіла артыстызму, прычыну сваёй турботы: «Ж-ж-ж...». Падобна на тое, індус здагадаўся, што турбуе «мэм». Ён павольна ўзяў палку, якая стаяла побач, паглядзеў яшчэ раз на цётачку і пайшоў у паказаным Анютай кірунку.

Цётачка жахнулася: «Які некваліфікаваны! Ні дыэлектрычных пальчатак, ні гумовых ботаў! Зараз шарахне!» «Стойце, нельга!» — рынулася яна ўслед за выратавальнікам. Можа, ён не зразумеў яе «ж-ж-ж...»? Выратавальнік здзіўлена паглядзеў на яе. Словы «о’кей, мэм» застылі на яго вуснах.

Яна патлумачыла яму небяспеку паражэння электрычным токам, імкнучыся ўжыць усе жэсты, якія магла прыдумаць. І... яе здзівіла дзікунства ўчынку мужчыны. Выратавальнік сказаў: «О’кей, мэм» і стаў біць палкай па галінах пальмы. Анюта застыла ў шоку. Біццё галінак пальмы палкай працягвалася хвілін пяць, і гудзенне спынілася.

У басейн прыйшла маладая пара, і Анюта кінулася іх спыняць. Балазе, яны гаварылі па-руску. Малады чалавек усміхнуўся і растлумачыў ёй, што гэта гудзела казурка, гудзенне якой вельмі гучнае. А выратавальнік сагнаў казурку з пальмы, і яна паляцела.

Маладая пара нырнула ў басейн, а Анюта пайшла прасіць прабачэння і падумала: «Лухта ўвесь гэты „антымагнетызм“, трэба схадзіць у музей, пазнаёміцца з мясцовай флорай і фаўнай». Выратавальнік усміхаўся белымі зубамі на смуглым твары і адказваў на яе прабачэнні: «О’кей, мэм». Так, дакладная прымаўка: «пужаная варона куста баіцца».

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.