Уявіце, што «Залатое цяля» Ільфа і Пятрова заканчваецца тым, што Астап Бэндэр жэніцца з Зосяй Сініцкай — так, так, прыгажуня камсамолка ўсё-ткі выйшла замуж за вялікага камбінатара! Чытацкая фантазія? А менавіта такі фінал і напісалі першапачаткова аўтары. Пасля зразумелі, што такі хэпі-энд не пройдзе, трэба злачынцу караць, і пакінулі яго збітым, самотным і абрабаваным. Дарэчы, і пушкінская Таццяна ў канцы паэмы павінна была спачатку збегчы з закаханым Анегіным.
Выпадкі, калі аўтар па розных прычынах змяняе першапачаткова задуманы фінал, не рэдкасць. Было такое і ў беларускай літаратуры. Давайце разам успомнім.
Калі ў 1940 годзе ў БССР абіралі п'есу для Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, нечакана для многіх спыніліся на вострасатырычным спектаклі па п'есе «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы. Камедыя «Хто смяецца апошнім» была напісана ў 1939 годзе і па тым часе была надзвычай смелым творам. Нагадаю сюжэт: навуковым інстытутам кіруе нахабны і малапісьменны прыстасаванец. Ён хоча знішчыць таленавітага вучонага Чарнавуса. У інстытут выпадкова зайшоў чалавек у форме НКУС — і Гарлахвацкі пускае плётку, што «органы» зацікавіліся «ворагам народа» Чарнавусам... Імгненна ад навукоўца адварочваюцца ўсе. Адмаўляюцца дапускаць да лекцый, друкаваць яго кнігі... Другая ахвяра Гарлахвацкага — вучоны Туляга, пра яго распускаюцца чуткі, што быў дзянікінскім палкоўнікам. Гарлахвацкі прыўлашчвае працу запалоханага Тулягі... Праўда, той, каб выкрыць невуцтва Гарлахвацкага, падсоўвае яму фэйкавае адкрыццё «свінтуса грандыёзуса», альбо мамантавай свінні. У п'есы хэпі-энд — дзякуючы прынцыповай моладзі, пільнаму парторгу і пастанове ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі...» махляр пакараны.
Паколькі быў заказ паказаць у Маскве сучасную Беларусь, а бяззубая драматургія пачынала надакучваць, чыноўнікі рызыкнулі. Але начальнік упраўлення па справах мастацтваў пры СНК СССР Храпчанка, праслухаўшы п'есу ў нумары атэля «Еўропа», заявіў, што гэта злосны паклёп на савецкую навуковую інтэлігенцыю. Выручыў першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка, які прызначыў чытку ў дванаццаць ночы ў сваім кабінеце і ўхваліў твор, праўда, зрабіўшы дзве заўвагі.
П'еса выклікала фурор у Маскве, яна дасюль актуальная... І толькі адзінкі ведалі, што шчаслівы фінал у ёй быў не заўсёды. У першапачатковым варыянце, калі махляра Гарлахвацкага выкрываюць, прыходзіць вестка пра ягонае павышэнне. Магчыма, яго пераводзяць у Маскву на яшчэ больш важную пасаду. Так што аўтар празрыста намякаў — усё працягваецца, і Гарлахвацкія застаюцца пры ўладзе... Магчыма, менавіта гэтага і тычылася заўвага Панамарэнкі — каб памяняць песімістычны фінал.
Раман Івана Шамякіна «Вазьму твой боль», напісаны ў 1979 годзе, шукае адказ на пытанне «Ці ёcць aпpaўдaннe злy?» У сваю вёску пасля адбыцця пакарання вяртаецца былы пaліцaй Шышкoвіч пa мянyшцы Шышкa. Івaн Бaтpaк, кaлгacны мexaнізaтap, не можа забыць, як Шышкa калісь забіў на яго вачах усю ягоную сям'ю; цяжарную маці, маленькую сястрычку... Тым болей Шышка не змяніўся, ён гэткі ж эгаістычны, злосны, лжывы, небяспечны... Жонка Івана медсястра Таіса баіцца за сваю сям'ю. Аўтар доўга не мог напісаць канцоўку. Урэшце звярнуўся па параду да жонкі.
«Але пры стварэнні вобраза Таісы ў рамане «Вазьму твой боль» я мусіў зноў звярнуцца да Машы. З той толькі розніцай, што раман быў напісаны. Не было фіналу, нейкіх дзвюх старонак.
Маша прачытала, доўга думала, пасля сказала:
— Я яго забіла б.
Логіка сюжэта падводзіла да гэтага, але сацрэалізм не даваў мне права паслаць гераіню на злачынства.
Словы яе ашаламілі: мая Маша здольна на гэта?!
— Ды ты што? — расчаравана абурыўся я.
— А што? Каб ты пакутаваў так, як твой цёзка Іван Батрак? І каб гэты гад Шышка замахнуўся на цябе і асіраціў нашых дзяцей?..
Жаночая душа — вялікая таямніца.
Я пайшоў на гэты фінал: Тася робіць Шышку ўкол.
Рэдактар «Полымя», мой сябра Кастусь Кірэенка, схапіўся за галаву:
— Што ты робіш, вялікі гуманіст! Ды нас з табой разнясуць у пух, у шмаццё.
Разнеслі б, напэўна.
Мусіў перапісаць фінал: сачыніў нешта аморфнае, не зусім пераканаўчае.
Здараецца ў аўтара так, што логіка характараў, развіцця сюжэта заводзіць у такія цянёты, адкуль не знаеш, як выбрацца. Я і дагэтуль не прыдумаў іншага фіналу, які праўдзіва завяршыў бы вельмі складаныя адносіны людзей, што завязаліся яшчэ ў вайну і былі паліты крывёю».
У выніку Таіса, якая прыходзіць да захварэлага Шышкі, не ўкалола яму замест лекаў атруту. Бо жонка Шышкі Марына расказвае медсястры, што яе муж учыніў чарговае злачынства.
«Паліцай падхапіўся з ложка, кінуўся да печы, схапіў сякеру. Ды не паспеў ён замахнуцца, як да яго кінулася Таіса Міхайлаўна і... выхапіла з рук яго сякеру...»
Дарэчы, сюжэт рамана ўзяты з рэальнага жыцця: у адной вёсцы жанчыны закалолі віламі паліцая, які вярнуўся пасля адбыцця турэмнага тэрміну.
27 кастрычніка 1956 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны верш Пімена Панчанкі «Прыстасаванцы», вельмі з'едлівы:
«Станкоў не знаюць, араць не ўмеюць,
Да воза з гноем не йдуць і блізка.
Разумнае, вечнае, добрае сеюць
Між мас працоўных амаль з калыскі.
Закончаць нешта з тугой нацяжкай,
Запас прыдбаюць цытатаў розных.
Дзяцей у школе вучыць ім цяжка,
Лягчэй, выгодней вучыць дарослых...
Ідуць насустрач грашовай справе,
На пафас голы яны не клюнуць.
Маліцца будуць, калі ты ў славе,
Калі ты ў горы — з насмешкай плюнуць».
Верш быў такі востры, што рэдакцыя запатрабавала ад паэта скараціць апошнія дзве страфы. Гучалі яны так:
«А хто памкнецца іх быт парушыць,
Адразу трапіць у іх засаду —
Яны аблаюць, яны заглушаць
Яны задушаць салідным задам.
Я знаў на фронце, што вораг — вораг.
А як жа стукнуць
па гэтых мордах?
Між нас прыжыўся,
зашыўся ў норы
Прыстасаванцаў
агідны ордэн».
Панчанку давялося пісаць новую канцоўку верша, у якой сітуацыя змякчылася:
«Сярод народа
такіх не многа,
Ды вельмі ж хітра
яны нам шкодзяць.
Нам замінае
вось гэта погань,
Як пыл дарожны
ў цяжкім паходзе».
У Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад польскай акупацыяй, самым улюбёным паэтам у простых беларусаў быў Міхась Васілёк. Ягоныя вершы чыталіся, завучваліся на памяць, перапісваліся... Літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік расказваў гісторыю верша Васілька «Як я пана перанёс», які ў першай рэдакцыі называўся «Як я трапіў у камуністы»: «Паэт Міхаіл Ісакоўскі пачуў яго ад насельніцтва ў часе вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе і пераклаў на рускую мову як твор народны». У вершы польскі паліцэйскі патрабуе ад беларускага селяніна, каб той перанёс яго праз рэчку на ўласным карку.
У першай рэдакцыі селянін пакорліва нёс паліцэйскага, пакуль не заўважыў каля вуха рэвальвер: «Гэткай штукі, далібог, // Я не бачыў зроду: // Сеў ад страху, а панок — // Ды бултых у воду!» У выніку паліцэйскі арыштаваў мужыка як бунтаўшчыка-камуніста за замах на ўласную персону.
Калеснік расказвае: «Васілёк палічыў патрэбным «перапісаць» гэты вобраз. Ён стварыў другую рэдакцыю верша, у якой селянін з напалоханага небаракі стаў дасціпным і смелым чалавекам, патрыётам і грамадзянінам. Знарок бултыхнуўшы паліцэйскага ў ваду, ён з гордасцю заяўляе: «Вось як вам на мужыку // Ездзіць ды глуміцца: // Давядзецца ездаку // Урэшце і ўтапіцца!» Канчатковы тэкст верша мог паўстаць толькі пасля вайны, калі Міхась Васілёк збавіўся ад уціску панскай цэнзуры і бачыў падзеі твора ў новай перспектыве часу».
Верш Аркадзя Куляшова «Бывай», які зрабіўся знакамітай песняй, быў напісаны ў 1928-м годзе, калі аўтару споўнілася ўсяго чатырнаццаць. Твор быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў маі таго ж года з падзагалоўкам «З блёкноту таварыша». Але пазней паэт вярнуўся да гэтага верша і істотна яго перарабіў, прыбраўшы не толькі свае юнацкія хібы, але і ўладную рэдактарскую руку Тодара Кляшторнага. У другім варыянце мы гэты твор і ведаем. Калі прааналізаваць змены, дык ад першапачатковай версіі застаўся няпраўленым толькі адзін радок, першы. Давайце ж параўнаем канцоўкі знакамітага твора. Вось апошняя страфа варыянта 1928 года:
«Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая,
А мне так хочацца юнацтва сыпаць квець, —
На сэрцы палкае імкненьне расьцьвітае,
А ў словах звонкая, заранкавая медзь!..»
А вось канцоўка верша, якая на сёння лічыцца кананічнай:
«Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці».
Згадзіцеся, у другім варыянце чуюцца інтанацыі сталага чалавека, які азіраецца на сваё жыццё. Звонкая, заранкавая медзь слоў юнага паэта ператвараецца ў заранку, якая дагарае на ўсходзе дня, каб узысці на захадзе ўвечары. Сімвал неўміручага кахання, святло якога суправаджае ўсё жыццё.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.