Вы тут

Пошукі правільнага светапогляду. Памяці пісьменніка Ігара Хадановіча


У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку кніга Ігара Хадановіча «Чалавек з маёй біяграфіі». Шмат намаганняў дзеля нараджэння гэтай кнігі прыклаў, прыкладвае ветэран педагагічнай працы Вацлаў Матусевіч. Доўгія гады ён працаваў начальнікам аддзела адукацыі Дзяржынскага райвыканкама. Менавіта Вацлаў Іванавіч стаў ініцыятарам нараджэння новага выдання твораў Ігара Хадановіча...


Ігар Хадановіч. Фота з сайта vuchoba.org.

Так склалася, што кнігі выйшлі, выходзяць (усе!) пасля смерці пісьменніка і журналіста. Так склалася... Так, як не павінна было б складвацца. Ігар Хадановіч — яшчэ адзін няспраўджаны лёс у беларускім прыгожым пісьменстве, якое ва ўсе гады патрабуе шчырых, самаахвярных, сумленных і гарачых рупліўцаў. А іх заўсёды не стае... Сапраўдных — не стае. 

Перакладваю, перагортваю перад сабою кнігі трох аўтараў, якія рана, зусім рана былі пазбаўлены жыцця. Яны ў мяне побач, то на паліцы перад рабочыім сталом, то на самім стале ў адзін стосік выкладзены... Яны разам па асабістых чытацкіх зацікаўленнях розных гадоў — кніга магіляўчаніна Міхаіла Малочкі «Жыў-быў хлапец...» (аўтар зусім юным, студэнтам Маскоўскага Інстытута Філасофіі, Літаратуры і Мастацтва, загінуў на савецка-фінляндскай вайне), зборнік нарысаў, артыкулаў, творчых партрэтаў Міколы Дзяшкевіча «Ад вытокаў радаводных» (у 24 гады малады чалавек трагічна загінуў у 1971 годзе на Нёмане, калі ратаваў жанчыну з дзіцем), зборнік апавяданняў Ігара Хадановіча «За акном дождж» (трагічна загінуў ад рукі бандыта ў горадзе)... 

Ігару Хадановічу было ўсяго толькі 25 гадоў…

Росквіт чалавечага жыцця здараецца ў маладыя гады. Самыя таленавітыя, яркія асобы праяўляюць сябе вялікімі творцамі зусім юнымі. Памятаеце ўзрост Аркадзя Куляшова, калі ў яго склаліся легендарныя радкі: «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая./ Чаму так горка, не магу я зразумець./ Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае/ На ўсходзе дня майго, якому ружавець./ Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,/ Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,/ Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе/ На сцежках ростані мой адзінокі сум»... А Максім Багдановіч... Колькі іх юных, яркіх асоб, якія маглі б прайсці шырокімі дарогамі жыцця, зрабіць шмат болей, чым ім дазволіў лёс, чым дазволілі самыя ўсявышнія сілы!.. Мусіць, яны былі б самыя лепшыя сярод астатніх... Размова — і пра малавядомых сёння Мішу Малочку, Міколу Дзяшкевіча, Ігара Хадановіча.

Ужо ў другой кнізе «На досвітку» — перавыданні ранейшага зборніка «За акном дождж» з нарысамі, старонкамі запісных кніжак, пісьмамі да сяброў у якасці дадатку — чытаем у лісце Ігара Хадановіча да паэта, празаіка, сябра па ўніверсітэту Уладзіміра Паўлава: «... Ты пішаш „займаўся б ты літаратурнай працай“, а для мяне тут няма выбару, хоць, можа, я, па Чэхаву, ужо спісаўся, так нічога і не напісаўшы. Усе мае блуканні... — пошукі правільнага светапогляду, як асновы будучай літаратурнай працы. Такі ўжо мой дурны характар, што мне трэба спачатку даведацца, што больш стымулюе прагрэс грамадства — дух саперніцтва ці дух супрацоўніцтва, — тады я сяду за стол і буду разбірацца ў псіхалогіі сваіх герояў...» 

І ў зборніка «За акном дождж», які выйшаў у 1967 годзе (выдадзена па свежых слядах — памёр пасля бойкі малады пісьменнік 9 студзеня 1966 года), і ў кнігі «На досвітку», якая выйшла ў 1986 годзе, — аднолькавыя тыражы: 6 000 экзэмпляраў. І ў гэтым праявілася не проста тагачасная сітуацыя з цікаўнасцю да папяровай кнігі ўвогуле. Ігар Хадановіч і тады быў, і цяпер застаецца мастацкай, грамадзянскай з’явай. Вы толькі ўчытайцеся ў яго апавяданні і нават нарысы. Пра сваю настаўніцу напісаў вось гэты тэкст — нарыс «Чалавек з маёй біяграфіі»... «Беглы кароткі сон дзяцінства: зачараваныя дзяўчынкі, прыціхлыя хлапчукі — мой клас, і яна, казачна недасяжная, але такая блізкая і зразумелая, — мая настаўніца, Яўгенія Васільеўна, выкладчыца літаратуры. Выкладчыца?.. Якое чэрствае, непрывабнае слова. Тое, што прыходзіла ў клас разам з ёю — прыгожай, абаяльнай, тады маладзейшай на адзінаццаць гадоў, з адухоўленым тварам і трошкі велікаватымі жвавымі вачыма — нячутна ўваходзілі бадзёра-іранічны, а часам сентыментальны Пушкін, ледзь-ледзь маркотны і самотны Лермантаў...

Паэзія не стукалася ў дзіцячыя сэрцы, яна ішла туды плынню, прымушала заміраць і трапятаць, і мы адчувалі, што на нейкай не вядомай нам хвалі нашы сэрцы пачыналі біцца суладна з сэрцам яе і сэрцамі тых, каго яна ўводзіла ў клас». 

Варлен Бечык так выказаўся пра прозу Ігара Хадановіча: «Чытаем апавяданні Ігара Хадановіча — і адчуваем яго захапленне духоўна прыгожымі людзьмі, усхваляванавасць „матэрыялам“, асаблівую ўвагу да ўнутранага жыцця, „псіхалогіі“ чалавека, непрыняцце жыццёвых і творчых шаблонаў. Бачым: аўтар вядзе пошук на розных кірунках, паядноўвае лірызм і аб’ектывізаваны паказ, з поспехам выкарыстоўвае гумар, псіхалагічна насычае пейзажны малюнак, адкрывае стоены сэнс штодзённага побыту, паэтычна паказвае працу і каханне, не цураецца сатырычных сродкаў». І далей: «Героі апавяданняў Хадановіча ледзь не заўсёды паказваюцца ў пераадоленні нейкіх маральных ускладненняў, калі ім даводзіцца адстойваць сваю жыццёвую пазіцыю. Іхні роздум, унутраны клопат і з’яўляецца, уласна кажучы, сюжэтным стрыжнем твора, да якога пачуццём героя (ці аўтара) прыцягваюцца ў меру неабходнасці знешнія падзеі. Так напісаны, у прыватнасці, апавяданні „На досвітку“, „За акном дождж“, „Полем ідзе чалавек...“

„Высакароднае аблічча“ — вось што служыла магнетызуючым прыцягненнем у выбары герояў, тых жыццёвых вобразаў, якія малады літаратар імкнуўся ўзвесці на вышыні мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. У яго быў выключны пісьменніцкі і чытацкі слых. Якімі сімпатычнымі падаюцца думкі аб прачытаным, выкладзеныя Ігарам Хадановічам у лістах да жонкі — М. Марозавай, 9 студзеня 1965 г.: »... Ну, кніг у мяне зараз па горла і нават трохі вышэй. Сёння 7-е, значыць, па 15-17 ніякай літаратуры насіць не трэба. Толькі газеты. <...> 

Усё, што я чытаю цяпер (Паўстоўскі — Сіманаў), павінна было быць прачытана мною раней. Але я, нягоднік, не зрабіў гэтага... 
<...> 

У каго ж ты дастала Пяскова?

Што там у вас у рэдакцыі? Як Паўлаў? У яго ў «Маладосці» ідзе ў гэтым годзе аповесць. Дарэчы, ці прачытала ты ў «Полымі» нарыс М. Стральцова — да чаго разумны гэты Стральцоў. 

... Яшчэ: дзіўлюся тваёй усюдыіснасці, ці што — як толькі ты змагла выявіць у часопісах Далматоўскага і Залыгіна, няўжо перабірала ўсе? Дарэчы, якія моцныя вершы Далматоўскага, прачытаеш. Мяне цікавіць, ці думаеш ты чытаць Сіманава «Салдатамі нараджаюцца». Скажу адно — лепшага рамана за апошнія гады няма. А пра вайну наогул лепшага рамана няма..."

Далёкі ад нас па часе Ігар Хадановіч пісаў у сваім часе і пра свой час, пра чалавека тых, 1960-х, тых пасляваенных гадоў. Здавалася б, творы пачынаючага літаратара маглі б і застацца ў 1960-1970-х... Прайшло болей паўвека... Здарылася іначай: радкі, выпеставаныя светлым натхненнем «адліжных» гадоў, засталіся, застаюцца з намі. Значыць, ёсць у гэтых творах адвечная мастацкая сіла, якая патрэбна розным пакаленням чытачоў?!.

Не, лёс Ігара Хадановіча і лёсы згаданых мною Мішы Малочкі, Міколы Дзяшкевіча і шмат яшчэ каго з тых, хто пакінуў белы свет раней ранняга, усё ж спраўджаныя. Як памяць — кнігі, напісаныя, здзейсненыя імі. Яны і зараз здымаюцца з кніжных паліц, прыцягваюць чытацкую ўвагу. 

Ігар Хадановіч нарадзіўся на Дзяржыншчыне, у вёсцы Шпількі. 10 чэрвеня 1940 года... Дзяржыншчына — багаты на літаратурную памяць край. Тут нарадзіўся, у вёсцы Бакінава, паэт і дзіцячы пісьменнік Станіслаў Шушкевіч. З вёскі Віцкаўшчына — гісторык, празаік, перакладчык Мікола Улашчык. У самім Дзяржынсаку нарадзіўся дзіцячы пісьменнік, драматург Артур Вольскі. З Малых Навасёлак — гісторык, публіцыст, літаратурны крытык лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Ермаловіч. У Макаўчыцах нарадзіўся празаік Алесь Рыбак. З Андрыеўшчыны — тэатразнавец, літаратурны крытык Анатоль Сабалеўскі. У Шабунёўшчыне нарадзіўся літаратуразнавец, крытык Антон Семяновіч. На Дзяржыншчыне жылі, працавалі празаік, драматург, паэт, мастак, грамадскі дзеяч Карусь Каганец, літаратуразнавец, паэт, педагог Васіль Івашын, празаік, публіцыст, драматург Леанід Левановіч, літаратуразнаўцы Васіль Мачульскі, Сцяпан Карабан, Якуб Усікаў, паэт Янка Непачаловіч... А яшчэ — яркія нашы сучаснікі, яркія зоркі беларускага прыгожага пісьменства!.. І памяць іх усіх вартая ўвагі, як і памяць пра пісьменніка, які сваім праўдзівым, сумленным лёсам імкнуўся быць сумленным шукальнікам святла, імкнуўся быць абаронцам справядлівасці, дабрыні, чысціні і духоўнасці ў грамадстве і ў асобе Чалавека. 

Мо прыйдзе час — і на Дзяржыншчыне з’явіцца школа яго імя. Альбо — вуліца Ігара Хадановіча ў самім Дзяржынску. Так павінна быць!..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?