Вы тут

Наведалі цяпліцы з ружамі і цюльпанамі Віцебскага зелянбуда


8 Сакавіка — адзін з тых дзён, калі ўсе жанчыны свету купаюцца ў пяшчоце, любові і каляровых кампліментах. Гарэзлівыя цюльпаны, загадкавыя ружы з’яўляюцца неад’емным элементам свята вясны. І калі для гараджан святочны дзень заканчваецца разам з перавернутым лістом календара, для кветкаводаў Віцебскага зелянбуда ён доўжыцца круглы год. Мы завіталі ў цяпліцы прадпрыемства і знайшлі сакрэт жаночага настрою.


Марозная раніца, у чаканні запрашэння ў ружовы прыстанак прыходзіцца крыху пераступаць нагамі — на вуліцы мінус 15. «Праходзьце хутчэй, — ласкава запрашае дырэктар ДУ „Віцебскі зелянбуд“ Алег Сянькоў. — Зараз будзе цёпла, вось убачыце». І пачынаецца духмянае падарожжа па пяці цяпліцах прадпрыемства.

Сёлета віцебскія майстры азелянення да 8 Сакавіка вырасцілі 10,5 тысяч цюльпанаў і каля 30 тысяч руж. І калі першыя ўбачыць не выдалася — каляровыя прадвеснікі вясны з пачатку сакавіка занялі сваё месца на прылаўках, — ружы, якіх тут налічваецца 9 сартоў, калыханнем далікатных пялёсткаў запрашалі ў госці. Тут, у цяпліцах, любая жанчына адчувае сябе, як у вядомай песні «Мільён пунсовых руж», толькі акрамя пунсовых сорта «Прэстыж», на духмяных плантацыях «жывуць» ружовыя, жоўтыя, крэмавыя. Адзін з самых захапляльных сартоў, які адрозніваецца салодкім пахам і трохкаляровым адценнем, — чайна-гібрыдная «Міс Пігі». Побач распускаюць свае бутоны любімыя ружы дырэктара прадпрыемства сорта «Джаміля» — светла-ружовыя з яркім малінавым краем.

Кветкавод Людміла Кавалеўская.

Ружа — гэта дзяўчына, таму як і любой прадстаўніцы прыгожага полу ёй характэрны дзявочыя капрызы. Адна патрабуе папіць сярэдне, другая — больш, таму кожны з дзевяці сартоў даглядае свой кветкавод. «У раслін ёсць душа і свае пачуцці — гэта факт. Яны помняць рукі сваёй гаспадыні, яе голас і энергетыку, таму нашы кветкаводы — людзі, якія працуюць на прадпрыемстве вельмі даўно», — расказвае намеснік дырэктара Валянціна Шэндзюкова. Адны з тых, у каго ДУ «Віцебскі зелянбуд» з’яўляецца адзіным запісам у працоўнай кніжцы, — сёстры Людміла Кавалеўская і Вольга Крылова. Вольга Іванаўна прыйшла ў цяпліцы ў далёкім 1982 годзе, сёння яна займае пасаду майстра вытворчага ўчастку. Па прыкладзе старэйшай сястры захапілася кветкамі і Людміла Іванаўна, услед за Вольгай у 1990-м годзе прыйшла ў цяпліцы вучаніцай і ўжо на працягу 33 гадоў нястомна ахінае клопатам сваіх каляровых «падапечных».

Дзень у майстра вытворчага ўчастку пачынаецца з састаўлення раскладу: неабходна замераць вільготнасць, праверыць дрэнаж, тэмпературу ў цяпліцы, падкарміць. Зрэз кветак праводзяць тры разы на тыдзень, у перадсвяточныя дні — часцей. Пры высокай ураджайнасці кветкаводы за адзін раз могуць сабраць да 8 тысяч бутонаў, перыяд абнаўлення руж летам — чатыры тыдні, зімой тэрмін павялічваецца да шасці-сямі. Па словах Вольгі Крыловай, віцебскія ружы адрозніваюцца не толькі яркімі пахамі, але і стойкасцю — нярэдкія выпадкі, калі калючая каралева кветак радавала пакупнікоў амаль месяц. За год з аднаго кусціка можна атрымаць каля 20 кветак, пры належным даглядзе нават састарэлыя расліны даюць ад 15 да 18 руж, а дагляд за кожнай з 9 тысяч адзінак у зелянбудзе пільны, з неабходнай доляй любові. Таму, напэўна, і жанчыны-кветкаводы тут прыгожыя, бо самі падсілкоўваюцца ад руж натхненнем і пяшчотай.

Кветкавод Надзея Паўлючэнка.

Апрацоўкай і падрыхтоўкай на продажу жанчыны займаюцца самі. Трэба пачысціць сцябліну ад шыпоў і лісця, падрэзаць па вышыні і спакаваць. Пасля пярэстыя бутоны адпраўляюцца ў халадзільнік, адтуль — на прылаўкі фірменных крам «Гарадскія кветкі», якіх у горадзе на Дзвіне пяць, і ў вядомыя салоны. У гэтым годзе максімальная цана на 80-сантыметровыя ружы ў фірменных крамах Віцебскага зелянбуда — 5,50 рублёў, на цюльпаны — 3,50. Штогод у гарачыя перадсвяточныя дні прадаўцы, як пчолкі, прымаюць замовы ад арганізацый і прадпрыемстваў паўночнага рэгіёна. Вось і мне 7 сакавіка прыйшлося адстаяць вялікую чаргу ў галоўным магазіне прадпрыемства, каб набыць вясновыя кампліменты.

Дырэктар ДУ «Віцебскі зелянбуд» Алег Сянькоў і намеснік дырэктара Валянціна Шэндзюкова.

«Якія ж колеры зараз карыстаюцца попытам у пакупнікоў? Што наконт жоўтага, які здаўна лічыцца веснікам расстання?» — пытаюся я ў намесніка дырэктара Валянціны Шэндзюковай. «Калі раней у гэты стэрэатып і сапраўды верылі, то сёння жоўты колер набірае папулярнасць, з’яўляецца сімвалам радасці і жыццялюбства. У мінулым годзе мы ўвялі некалькі сартоў цюльпанаў з фіялетавым адценнем і атрымалі пазітыўны водгук ад пакупнікоў. Кветкі — гэта пра радасць у незалежнасці ад іх адцення».

Зараз кветкаводы вядуць актыўную падрыхтоўку да будучага сезона азелянення горада, для гэтага сёлета падрыхтуюць каля мільёна раслін! Горад на Дзвіне заззяе новымі фарбамі ў канцы красавіка, і працягнуцца работы да самага «Славянскага базару». Дызайн-праекты кветкавых дываноў на прадпрыемстве ствараюць калектыўна, часам на адну клумбу прыходзіцца каля трох эскізаў. «Асаблівую ўвагу надаем вертыкальнаму азеляненню — упрыгожваем раздзяляльныя зоны на аўтамагістралях. Падбіраем раслінны фонд з улікам асаблівасцяў гарадскога жыцця — не ўсе кветкі змогуць прыжыцца ва ўмовах загазаванасці. У пачатку снежня пачалі сеяць холадастойкія газаніі і цынерарыі, ужо падаспеў час і для бегоній. Мы назапасілі шмат прыемных каляровых падарункаў для жыхароў горада», — расказвае Алег Сянькоў.

За святочным настроем запрашае прадавец Антаніна Сакалоўская.

У Віцебскім зелянбудзе зараз працуюць каля 230 чалавек, 140 з іх — жанчыны. «А як жа вы віншуеце з Міжнародным жаночым днём сваіх кветкаводаў? Няўжо цюльпанамі і ружамі?» — задаю я галоўнае пытанне нашай сустрэчы. «А як жа нашых прыгажунь пакінуць без кветак? Прадпрыемства дорыць падарункі і нашы фірменныя вясновыя кампліменты. Паверце, што жынчыны ніколі не стамляюцца ад кветак, бо яны робяць іх асаблівымі», — усміхаецца Алег Аляксандравіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.