Многія перакананы, што сублімаваная бульба — гэта не бульбачка зусім, а нейкі сінтэтычны клейстар для тых, каму не шкада страўніка. Хоць, наогул, сухое бульбяное пюрэ — нашчадак старадаўняга перуанскага паўфабрыката пад назвай чуньо. Бульбу вымарожвалі на холадзе, потым пакідалі на сонцы, каб раставала, губляла ваду, і сушылі. І гэта іх нацыянальны далікатэс. Можа быць, сублімаваную бульбу дарма дэманізуюць? Колькі клубняў змяшчаецца ў адну ўпакоўку? І што з імі насамрэч вытвараюць у цэхах?
Вытворчасць бульбянога пюрэ пачынаецца з бульбасховішча. Выкарыстоўваюць бульбу пэўнага сорту — «Гала». Пюрэ з яго атрымліваецца больш насычаным па смаку і патрэбнай кансістэнцыі.
На заводзе бульбачка аддзяляецца ад зямлі і па лініі адпраўляецца на мыйку ў адмысловы барабан. Прынцып працы — як у пральнай машыне, але ніякія мыйныя сродкі не выкарыстоўваюцца. Гэта і не трэба, усе бактэрыі загінуць крыху пазней — падчас варэння.
Пасля гэтага бульба скідаецца ў гіганцкую параварку. Лупіна разрываецца ад тэмпературы ў 90 градусаў і ціску ў 16 бар. Так, на заводзе не сустрэнеш людзей, якія абіраюць гэтую гародніну на хуткасць штодня. Усё гэта робяць машыны. Таму пасля адпарвання бульбачка паступае ў адмысловы апарат, тут яна лёгка ачышчаецца шчоткамі.
А вось сартуюць бульбу людзі. Пасля чаго яна паступае ў трубу, дзе рухаецца з хуткасцю 250 км/г і ўразаецца ў вострыя нажы. У выніку атрымліваюцца бульбяныя шайбы.
Для таго каб атрымаць пюрэ, бульбу трэба даварыць. Гэта робяць у варачніку, а пасля ў масу дадаюць эмульгатары, каб пюрэ было больш клейкім па кансістэнцыі, і адпраўляюць яго на гарачыя качалкі. Тэмпература — 200 градусаў.
У выніку атрымліваецца «бульбяны пергамент». Таўшчыня лістоў усяго два міліметры. І засталося толькі зрабіць з гэтага парашок.
Бульбяныя шматкі самі па сабе досыць прэсныя. Таму іх запраўляюць рознымі смакавымі дабаўкамі. Напрыклад, грыбы, грэнкі, смятана і зеляніна, сухое малако і мяса — курыца і ялавічына.
Перад тым як адправіць на прылавак, кожную партыю сухой бульбы правяраюць у лабараторыі.
Шкляначкі з бульбай гатовыя. У адной — 180 калорый. Сытным абедам гэта, вядома, не назавеш, але ў якасці вымушанага перакусу — вельмі нават нядрэнна. І склад не такі дрэнны, як здаецца. Адна шкляначка складаецца на 90 % з бульбы.
Алена КРАВЕЦ
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.