Вы тут

Упадак сіл, дэпрэсія, бледнасць, выпадзенне валасоў і сухасць скуры. Як распазнаць у сябе анемію?


Упадак сіл, дэпрэсія, бледнасць, выпадзенне валасоў і сухасць скуры, сэрцабіцце або задышка, санлівасць і раздражняльнасць — частыя прыкметы недахопу жалеза ў арганізме. Жалеза неабходна для нармальнай дзейнасці імуннай сістэмы арганізма. Таму, калі чалавек пакутуе на анемію, ён часта хварэе, адчувае слабасць, хранічныя стрэсы. Як распазнаць сапраўдную анемію і папоўніць дэфіцыт гэтага мікраэлемента?


У чым роля гемаглабіну?

Ужо на пачатковым этапе абследавання ў паліклініцы пацыента накіроўваюць у клініка-дыягнастычную лабараторыю на агульны аналіз крыві. Кроў разглядаюць як галоўную пазаклетачную вадкасць арганізма. У ёй, падобна кропелькам тлушчу ў малацэ, знаходзяцца так званыя форменныя элементы — эрытрацыты, лейкацыты, трамбацыты, «якія плаваюць» у вадкай частцы крыві — плазме.

Самымі шматлікімі насельнікамі крыві з'яўляюцца эрытрацыты. Кожны з іх мае жаўтлява-чырвоную афарбоўку, але калі іх мільёны, то пераважным становіцца чырвоны колер (слова «эрытрацыт» паходзіць са спалучэння двух грэчаскіх слоў: «эрытрос» — чырвоны і «цытас» — клетка). Рэчывам, якое афарбоўвае эрытрацыты, з'яўляец-
ца пігмент гемаглабін.

— Гемаглабін — асноўны дыхальны пігмент эрытрацытаў, які адносіцца да хромапратэідаў і забяспечвае тканкі кіслародам. Ён складаецца з бялку — глабіну і гема — злучэння протапарфірыну з жалезам. Апошні надае гемаглабіну характэрную афарбоўку, — расказвае загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Людміла Кіпцэвіч. — Для гемаглабіну характэрна здольнасць звязвацца з кіслародам паветра. Пры гэтым гемаглабін крыві паглынае прыкладна ў 60 разоў большую колькасць кіслароду, чым фізічна можа быць растворана ў плазме пры тэмпературы жывога арганізма.

У адным кубічным міліметры крыві здаровага мужчыны ўтрымліваецца каля 4—5,5 млн эрытрацытаў, жанчыны — 3,9—4,7 млн. Калі распластаць усе наяўныя ў сасудзістым рэчышчы эрытрацыты, размясціўшы іх адзін каля аднаго, то ўтвораная імі плошча апынецца ў 1500—2000 разоў большая за паверхню чалавечага цела. Гэта дазваляе гемаглабіну эрытрацытаў вельмі хутка насычацца кіслародам і аддаваць яго тканкам.

Аднак роля гемаглабіну не абмяжоўваецца ўдзелам у транспарце кіслароду. Ён вельмі актыўна вызваляе тканкі ад лішку вуглякіслага газу, які ўтвараецца падчас абмену рэчываў, спрыяючы вываду з арганізма да 90 % вуглекіслаты. Гемаглабін здольны ўступаць у сувязь з вокісам вугляроду з утварэннем карбаксігемаглабіну, што робіць арганізм вельмі адчувальным да ўгарнага газу (бо ў ім утрымліваецца вялікая колькасць вокісу вугляроду) і прыводзіць да кіслароднага галадання.

Чаму ён павышаецца?

Да павелічэння канцэнтрацыі гемаглабіну ў крыві прыводзяць некаторыя захворванні крыві, звязаныя з узмоцненай прадукцыяй эрытрацытаў касцяным мозгам (эрытрэмія).

Аднак варта мець на ўвазе, што павелічэнне канцэнтрацыі гемаглабіну ў крыві назіраецца ў людзей не толькі хворых, але і ў здаровых, якія пражываюць ва ўмовах нізкага ўзроўню кіслароду ў паветры (напрыклад, у высакагорных раёнах), што прыводзіць да кампенсаторнага ўзмацнення прадукцыі эрытрацытаў. Таксама павышэнне гемаглабіну можа быць выклікана моцным паценнем і згушчэннем крыві (напрыклад, пры рабоце ў гарачых цэхах), пры ванітах (у цяжарных) або прафузным паносе (напрыклад, у дзяцей), пры апёках. Фізіялагічнае павелічэнне ўтрымання гемаглабіну ўласціва нованароджаным. Такім чынам, не толькі захворванні могуць выклікаць змены канцэнтрацыі гемаглабіну ў крыві.

Які гемаглабін лічыцца паніжаным?

А вось зніжэнне ўзроўню гемаглабіну з'яўляецца асноўным лабараторным сімптомам анеміі. Пры гэтым яго канцэнтрацыя вар'іруе ў шырокіх межах у залежнасці ад формы анеміі і яе ступені. Так, пры найбольш частай форме малакроўя ў большасці хворых адзначаецца адносна ўмеранае зніжэнне гемаглабіну — да 85—114 г/л, а больш выяўленае памяншэнне — 60—84 г/л — назіраецца радзей.

Варта, аднак, мець на ўвазе, што дыягностыка анеміі ні ў якай меры не можа быць праведзена толькі на падставе вызначэння канцэнтрацыі гемаглабіну ў крыві.

— Гэта даследаванне ўстанаўлівае толькі факт яе наяўнасці і павінна пацягнуць за сабой больш глыбокае і поўнае абследаванне. Анеміі розныя па этыялогіі, механізмах развіцця, клініка-гематалагічнай карціне. Прычыны развіцця анемій розныя, але пры ўсіх відах анемій у хворых развіваецца гіпаксія ў выніку зніжэння ўзроўню гемаглабіну. Анемія можа быць як самастойным захворваннем, так і спадарожным сімптомам ці ўскладненнем некаторых унутраных хвароб, — тлумачыць урач.

Прыкметы нізкага гемаглабіну — галавакружэнне, страта прытомнасці, зніжэнне апетыту, шум у вушах, частыя галаўныя болі, задышка, тахікардыя, млявасць, пастаянная стомленасць.

Як змагацца з малакроўем?

Сродкі, якія павышаюць гемаглабін у крыві, — найперш прадукты, багатыя на жалеза. Пры паніжаным гемаглабіне рэкамендуюць есці мяса. Гэта можа быць нятлустая цяляціна, свініна, ялавічына. Добра павялічваецца гемаглабін ад ялавічнай печані, пажадана не моцна яе прасмажваць.

— Абавязкова ўжывайце ў ежу гародніну і садавіну, якія змяшчаюць вітамін С, які дапамагае нам у засвойванні жалеза. Гэта апельсіны, лімоны, грэйпфруты, ківі, гранат, але не трэба есці іх кілаграмамі. Дастаткова аднаго апельсіна, палавінкі грэйпфрута, чвэрці граната ў дзень, — рэкамендуе Людміла Кіпцэвіч. — З гародніны і садавіны нашым арганізмам засвойваецца прыкладна 5 % жалеза. Акрамя таго, ешце супы, не забывайце пра крупы і чорны хлеб, дадавайце ў салаты больш кропу і пятрушкі. З круп карысныя грэчка, фасоля, талакно, сачавіца, гарох. З гародніны — морква, буракі, бульба, асабліва печаная разам з лупінай.

Персікі, абрыкосы, маліна, клубніцы, журавіны, слівы, чорная парэчка, хурма, кізіл, фейхоа, суніцы і чарніцы таксама спрыяюць засваенню жалеза. У сезон клубніц і суніц імкніцеся есці як мага больш гэтых ягад. Карысныя рыба, чырвоная ікра, яечны жаўток, малочныя прадукты і морапрадукты. З рыбы, морапрадуктаў, яйкаў засвойваецца прыкладна 12 % жалеза.

Гемаглабін можна аднавіць за тыдзень. Акрамя правільнага харчавання, гэтаму дапаможа настой з пладоў шыпшыны. Паўтары лыжкі сухіх пладоў трэба растаўчы і заліць шклянкай кіпеню (250 грамаў) у тэрмасе на ноч, а раніцай працадзіць настой і дадаць у яго чайную лыжку натуральнага мёду і сталовую лыжку соку цытрыны. Гэты напой карысны і дарослым, і дзецям. Дарослыя павінны выпіваць па шклянцы раніцай перад сняданкам, а дзеці мусяць прымаць па палове шклянкі ў дзень.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».