Вы тут

Пра што важна памятаць жанчынам, каб нарадзіць здаровых малых?


Нашы сучасніцы канкурыруюць з мужчынамі на самых розных нівах. Але якімі б моцнымі і паспяховымі яны ні былі, прырода задумала іх, перш за ўсё, для мацярынства. Пра што важна памятаць жанчынам, каб нарадзіць здаровых малых? Ці трэба мужчынам быць побач са сваімі спадарожніцамі падчас з’яўлення дзіцяці на свет? За што любяць сваю прафесію акушэры-гінеколагі і чаму ў ёй патрэбныя прадстаўнікі моцнага пола? Спыталі ў галоўнага спецыяліста аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Леаніда Недзеня.


Важна быць здаровай

Перш чым стаць мамамі, дзяўчаты сёння імкнуцца атрымаць адукацыю, зрабіць кар’еру, набыць фінансавую незалежнасць. У Беларусі першы раз уступаюць у шлюб у сярэднім у 26–27 гадоў. Прыкладна ў гэтым жа ўзросце абзаводзяцца першынцам. Вядома, ёсць жанчыны, у якіх і ў 40 гадоў выдатная фізічная форма, яны лёгка выношваюць малога. Але ў многіх сучасніц да 30 гадоў ужо з’яўляюцца праблемы са здароўем. Штогод мы выяўляем прыроджаныя заганы развіцця плоду больш за ў 1500 будучых мам, і многім з іх цяжарнасць, нажаль, прыходзіцца перарываць. Каб мінімізаваць рызыкі ўскладненняў цяжарнасці і родаў, служба аховы мацярынства і дзяцінства краіны праводзіць дыспансерызацыю з акцэнтам на беларусак 19–40 гадоў. Пралечаныя захворванні да зачацця ў разы павялічваюць верагоднасць нарадзіць здаровае дзіця ў патрэбныя тэрміны. Выключна важна давяраць урачам і акушэркам, выконваць усе прызначэнні спецыялістаў. Нажаль, пацыенткі часам больш вераць блогерам без медадукацыі. Пераканаць іх бывае цяжка. Некаторыя і сёння вырашаюць нараджаць дома. А гэта — вялізныя рызыкі для жыцця маці і яе малога.

Разам з дзецьмі «нараджаюцца» і бацькі

Шлюбы ў больш сталым узросце, чым у ранейшых пакаленняў, — гэта больш усвядомлены падыход да планавання сям’і. Некаторыя мужчыны рэгулярна суправаджаюць сваіх спадарожніц у жаночыя кансультацыі на працягу ўсіх дзевяці месяцаў. Год ад года павялічваецца колькасць шлюбных пар, якія вырашаюць «нараджаць» разам. Ніколі не забуду выпадак са сваёй практыкі. Запрасіў у радзалу бацьку перарэзаць пупавіну дзіцяці. Добра, што стаяў побач, падхапіў, калі той страціў прытомнасць... І ўсё ж прысутнасць мужа побач падчас родаў важна. Калі мужчына бачыць, як дзіця прыходзіць у гэты свет, трымае немаўля ў першыя хвіліны яго жыцця, то глыбей усведамляе сваё бацькоўства. Эмоцыі мужчын у гэтыя хвіліны настолькі незвычайныя і магутныя, што застаюцца з імі назаўжды.

Фота: pixabay.com.

Першы год бацькоўства звычайна вельмі складаны. І добра, калі муж дапамагае жонке, дае ёй адпачыць, узяўшы на сябе частку абавязкаў па доглядзе малога. Гэта і шлюб умацоўвае, і фармуе блізкія адносіны паміж бацькам і дзіцем. Па маіх назіраннях, мужчыны сёння больш актыўна ўдзельнічаюць у жыцці сям’і, у бытавых клопатах, больш увагі надаюць выхаванню дзяцей. І гэта правільна. Калі жанчына ўпэўнена ў надзейным плячы побач, большая верагоднасць, што яна вырашыцца на другога, трэцяга малога.

Найлепшая частка жыцця — у сценах раддома

Ні разу не пашкадаваў, што паступіў у медуніверсітэт і абраў менавіта гэтую спецыяльнасць.

Акушэрства і гінекалогія — і фізічна, і эмацыйна цяжкая прафесія. Па маіх назіраннях, прадстаўнікоў нашай спецыяльнасці адрозніваюць добрая рэакцыя, здольнасць хутка прымаць правільныя рашэнні. Гэта дыктуецца асаблівасцямі нашай работы. Мы адзіныя ўрачы, якія адказваюць за здароўе і жыццё адразу дваіх — маці і дзіцяці (а часам дваіх ці траіх дзяцей). Мы звязаны з цудам нараджэння новага жыцця. Гэта дзіўная падзея, абвыкнуць да яе немагчыма.

Нават дома, нават у выхадныя ўсё роўна хвалюемся за сваіх пацыентак, тэлефануем на работу, цікавімся іх самаадчуваннем.

Я захапляюся калегамі-жанчынамі. У дачыненні да іх нават няёмка казаць аб слабым поле. Яны ва ўсіх адносінах моцныя. І ўсё ж, лічу, у акушэрстве і гінекалогіі вельмі патрэбныя і мы, мужчыны. Ад парадзіх не аднойчы чуў прызнанні: «Вядома, спачатку пабойвалася мужчыну-гінеколага, адчувала некаторую няёмкасць. Але ў выніку задаволеная. Вы нас, жанчын, выдатна разумееце, беражліва да нас ставіцеся, з вамі спакойна».

Не ўсё, вядома, і сёння залежыць ад нас, урачоў, але мы робім усё магчымае, а часам і немагчымае. Медыцына развіваецца, яе дасягненні відавочныя. Сёння мы дапамагаем выносіць цяжарнасць жанчынам з цукровым дыябетам, парокамі сэрца, перасаджанымі органамі. Раней у іх не было шанцу пазнаць радасць мацярынства. Служба дзіцячай рэанімацыі выходжвае немаўлят вагой ад 500 грамаў.

З 2021 года ў Беларусі дзейнічае праграма па прадастаўленні адной бясплатнай спробы ЭКА (экстракарпаральнага апладнення) шлюбным парам з праблемамі бясплоддзя. Адразу такой магчымасцю скарысталіся 885 шлюбных пар, а ў 2022-м — ужо 2 тысячы. Працэнт наступлення цяжарнасці перавысіў 35 %.

Чаго жадаюць жанчыны?

Якая жанчына не марыць аб каханым, надзейным спадарожніку жыцця, які яе разумее, і аб здаровых, разумных, прыгожых дзецях? Але ж і мужчыны імкнуцца да таго ж. Для большасці людзей сям’я — жыццёвы прыярытэт, велізарная непераходзячая каштоўнасць. Сёння ў Беларусі каля 120 тысяч шматдзетных сем’яў. Пажадана, каб іх было больш, каб больш нараджалася хлопчыкаў і дзяўчынак. У іх наша шчасце — жаночае, мужчынскае, чалавечае…

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?