Вы тут

НББ запрашае на мастацкую «Фантастычную вандроўку»


Гэтымі днямі ў межах штогадовага праекта «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць выстаўка «Фантастычная вандроўка». Адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай літаратурнай фантастыцы, адбылося ў Атрыуме галоўнай беларускай кніжніцы на мінулым тыдні, 28 лютага. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Кніжнікава, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Іван Саверчанка, пісьменніца Марыя Шамякіна, мастацтвазнаўца, арт-дырэктар канцэптуальнай галерэі «Брама» Ларыса Фінкельштэйн і мастак-графік Фёдар Шурмялёў.


Падарожжа па летуценнях

Выстаўка «Фантастычная вандроўка» — трэцяя з тых, што праходзяць пад брэндам «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі». У мінулыя гады экспазіцыі «Illustratio. Разнастайнасць тэхнік ілюстравання» і «Fashion-ілюстрацыя» прадэманстравалі гледачам панараму графічных тэхнік стварэння кніжных малюнкаў, прадставілі гісторыю ўзнікнення і развіцця моднай ілюстрацыі праз паказ перыядычных выданняў па адпаведнай тэматыцы, графічных матэрыялаў і мадэлей сучасных беларускіх дызайнераў, а таксама пазнаёмілі шырокую аўдыторыю з найлепшымі ўзорамі нацыянальнага кнігавыдання. Бібліятэчны праект вызначаецца акадэмічным падыходам і адмысловай рэтраспектыўнай оптыкай, напоўніцу выкарыстоўвае фондавыя магчымасці «нацыяналкі».

Аўтары ініцыятывы ставяць сабе за мэту папулярызацыю кніжнага мастацтва, прыцягненне ўвагі грамадскасці «да каштоўнасці мастацкага аздаблення, асаблівасцей і гісторыі развіцця жанру беларускай і замежнай ілюстрацыі ў друкаваных выданнях рознай тэматыкі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі». Новая грунтоўная выстаўка дазваляе паглыбіцца ў свет фантастыкі, даведацца, у чым спецыфіка ілюстравання такога роду літаратуры, пазнаёміцца з найбольш заўважнымі прадстаўнікамі гэтага кірунку кніжнай графікі, прасачыць яго эвалюцыю на працягу ўсёй гісторыі існавання фантастыкі: ад заснавання ў XIX стагоддзі і да сённяшніх дзён.

Па словах куратараў, актуальная выстаўка — гэта «своеасаблівая вандроўка па гадах і краінах, па кнігах і свеце ўяўнікаў, фантазёраў, летуценнікаў, прарокаў; падарожжа па задумах, ідэях і іх увасабленні ў літаратуры і мастацтве, у тэкстах і ілюстрацыях. Дакладней сказаць — не само падарожжа, а хутчэй, гід для вандроўнікаў». Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава дадае: «Мы вырашылі аб’яднаць выстаўку кніжную — у дадзенай экспазіцыі прадстаўлены творы аўтараў XIX—XX стагоддзяў — і мастацкую. Нам падалося, што лагічна будзе праілюстраваць творы літаратурныя мастацкімі творамі». У якасці экспанатаў, такім чынам, не толькі кнігі, але і работы жывапісцаў, майстроў, якія працуюць у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Касмічныя абаранкі

Увазе ўдзельнікаў «Фантастычнай вандроўкі» прапанавана каля 500 экспанатаў. Прычым фантастыка куратарамі праекта трактуецца вельмі шырока, разумеючы пад гэтым словам усе тэксты, сусвет якіх парушае законы фізікі альбо выкарыстоўвае апошнія невядомым нашым сучаснікам чынам. Тут вам і творы сюррэалістычныя, і абсурдысцкія, і сай-фай, і фэнтэзі, і казкі, нават міфы! «Прадстаўлены ўвесь дыяпазон, і сувязі, карэляцыя з іншымі відамі фантастычнай літаратуры, акрамя навуковай, — і з містыкай, і з казкай, і з раздзеламі, дзе паказаны ўяўленні пра нашых продкаў, пра нашу міфалогію — сапраўды маюць месца быць. Існуюць узаемасувязі паміж казкай, фантазіяй, паміж тэхналагічнай фантастыкай, касмічнымі вобразамі», — лічыць Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН.

Іван Арцімовіч «01001011011010010», 2020 г.

Стэнды з друкаванымі выданнямі размешчаны ў храналагічным парадку, але зрэдку куратары выстаўкі дазваляюць сабе кароткія адступленні. Адпаведна, адкрываюць экспазіцыю вынаходнікі жанру навуковай фантастыкі Жуль Верн і Герберт Уэлс. Кампанію ім складае бацька беларускага фэнтэзі — Ян Баршчэўскі. За вітрынай — першае выданне кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях», якое датуецца 1884 годам і аформлена мастаком Рудольфам Жукоўскім. Эстафету пераймаюць Якаў Перэльман, Аляксей Талстой, Карэл Чапек, Станіслаў Лем, Айзек Азімаў і іншыя.

«Сёння тут прадстаўлены таксама праект “100 ідэй для Беларусі”. У яго рамках студэнты, аспіранты, маладыя вучоныя прапануюць канкрэтныя ідэі, скіраваныя на будучыню. Традыцыі кніжнай культуры, літаратуры, традыцыі нашай мастакоўскай школы і гэты футуралагічны праект… Я лічу, вельмі сімвалічна, што дзве такія выстаўкі праходзяць у адным месцы і ў адзін дзень. Асабліва ж мне падаецца важным і істотным, што такія кніжныя выстаўкі, выстаўкі кнігі і мастацкія выстаўкі — тут сінтэз — развіваюць асобу», — падкрэсліў падчас цырымоніі адкрыцця экспазіцыі Іван Саверчанка.

«Фантастычная вандроўка» дае магчымасць параўнаць вобразныя, стылістычныя і тэхнічныя адметнасці ілюстравання аднаго і таго ж сюжэта рознымі мастакамі. З вітрын на гледачоў пазіраюць іншапланетныя захопнікі (Герберт Уэлс «Вайна сусветаў»), ажыўленыя Энрыке Карэа ці Валерыем Юрловым, нашчадкі атлантаў з Марса (Аляксей Талстой «Аэліта»), якімі іх убачыў Валерый Славук, увасобленая на паперы Альфонсам дэ Нэвілем каманда легендарнай субмарыны «Наўцілус», якая стала правобразам першай падводнай лодкі (Жуль Верн «20 000 льё пад вадой») ды іншыя «казачныя» героі.

Сяргей Пыжыкаў «Памкненне», 2016 г.

На здольнасць фантастычнай ілюстрацыі прадказваць будучыню звярнула ўвагу Марыя Шамякіна: «У канцы 1970-х гадоў Стэнфардскі ўніверсітэт прапанаваў — і яна прынята НАСА — ідэю арбітальнай станцыі ў выглядзе тора (формы абаранка). Канцэпцыя так і называецца — “Стэнфардскі тор”. Але аналагічныя ілюстрацыі існуюць значна раней. Самая ранняя, якую мне ўдалося знайсці, адносіцца да 1950 года — на вокладцы часопіса “Тэхніка моладзі”. Ёсць некалькі ілюстрацый больш позніх, дзе паказана, як будуецца гэты тор, якога яшчэ не існуе ў розуме навукоўцаў, але ён ёсць ужо ў мастакоў-фантастаў. Наогул, гэтыя вокладкі “Тэхнікі моладзі” вельмі цікавыя, як і прадстаўлены тут часопіс “Знание — сила”. Работы тых мастакоў на многае могуць натхніць, многім могуць здзівіць: тут мы бачым сноўборды, манацыклы, вельмі модныя сёння, розныя віды транспарту, накшталт хуткасных электрычак абсалютна такой жа формы, як у існуючых сёння».

Сінтэз мастацтваў

Як ужо згадвалася вышэй, экспазіцыя ўтрымлівае не толькі кнігі, але і, рэалізоўваючы прынцып сінтэзу мастацтваў, прэзентуе гледачам работы сучасных айчынных жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іншага на выстаўцы прадстаўлены арыгіналы ілюстрацый да літаратурных твораў у жанры фантастыкі ад такіх мэтраў кніжнай графікі, як Валерый Славук, Сяргей Балянок, Юрый Якавенка. З імі суседнічаюць творы Лізаветы Пастушэнкі, Алены Шлегель, Сяргея Пыжыкава, Андрэя Пяткевіча, Дзмітрыя Аганава, Фёдара Шурмялёва. Фантастычныя вобразы — у скульптурах Хрысціны Высоцкай, Марыі Тарлецкай…

На ўзаемадзеянні розных відаў мастацтва зрабіла асаблівы акцэнт мастацтвазнаўца, арт-крытык, арт-дырэктар галерэі «Брама» Ларыса Фінкельштэйн: «І скульптар, і графік, і жывапісец, які жыве з кнігай, ходзіць па лязе псіхалагічнага нажа… Акрамя яго самога, яго адчування кнігі, існуе ўсё ж такі пісьменнік, існуе аўтар тэксту, і нельга зрабіць ілюстрацыю, напрыклад, да Шэкспіра і адрасаваць яе Шамякіну. Мастак павінен прайсці шлях пісьменніка, але прайсці яго па-свойму, счытаць тое, што бачыць ён, і данесці да нас свой погляд, сваё адчуванне — яшчэ адно, якое потым памножыцца на наша адчуванне літаратуры. Гэта вельмі адказна, вельмі складана, вельмі пачэсна».

Ларыса Давыдаўна таксама адзначыла: «Куратары выстаўкі не абмежаваліся кніжнай графікай. Кажучы пра кнігу, пра фантастыку, яны прыцягнулі велічэзны арсенал іншых відаў пластычных мастацтваў. Зрабілі гэта вельмі далікатна. <…> Асабліва мне дорага, канешне, з’яднанне з мастацтвам дэкаратыўным, таму што ў дэкаратыўнага мастацтва такая эзопава мова, яны кажуць так глыбока, так шматзначна. Вось мы бачым карціну, можам сказаць, што на ёй выяўлена. А ў дэкаратыўным мастацтве вельмі шмат метафар, вельмі шмат такога, чаго адразу не прачытаеш». Не абмежаваліся арганізатары і выяўленчым мастацтвам, запрасіўшы на цырымонію адкрыцця навучэнку Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 4, якая «праілюстравала» падзею фартэпіяннай кампазіцыяй «Прагулка па парыжскіх вуліцах».

Каміла НАВІНКІНА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.