Ці бывае паэт не лірыкам? Пытанне, на першы погляд, рытарычнае. Лірыка ж адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне перажыванняў, пачуццяў аўтара. Ёсць розныя віды лірыкі — грамадзянская, філасофская, пейзажная, інтымная, духоўная... Але сапраўднаму паэту не чужыя і публіцыстычныя матывы. Ён неабыякавы да таго, што адбываецца ў паўсядзённасці. Калі ж крытыка, не ўлічваючы адметнасць яго як творцы, настойліва патрабуе «павярнуцца тварам да жыцця», не ведае, як быць далей. Перад такой дылемай апынуўся ў вершы «Ці варта сёння быць паэтам?» Тодар Кляшторны.
Ці варта лірніку пілікаць?
Ці варта лірыкай займацца?
Я доўга думаю над гэтым
І сам да вынікаў прыходжу,
Што свет не створан без паэтаў,
Як і не створан без прыгоды,
А песні трэба нам другія,
Ад нас інакшых песень просяць...
Мае гітары ледзяныя
Вартуе бусел у балоце.
Да іх я болей не вярнуся, —
Не можа сын свае эпохі
Пад небам вольнай Беларусі
Ісці у далі сцежкай вохкай...
Маленства яго прайшло ў вёсцы Парэчча колішняга Лепельскага павета, а цяпер раёна, дзе ён нарадзіўся 11 сакавіка 1903 года. Пасля службы ў Чырвонай арміі вучыўся на рабфаку ў Оршы, потым у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Працаваў на розных пасадах у рэспубліканскіх газетах і часопісах, уваходзіў у творчыя арганізацыі («Маладняк», «Узвышша», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў). З Міхасём Зарэцкім, Васілём Кавалём і Максімам Лужаніным ледзь не стаў стваральнікам яшчэ адной — «Рамантыкі». Аднак гэты намер так і застаўся намерам.
Згадкі Максіма Лужаніна пра той час цікавыя тым, што ён праўдзіва вымалёўвае партрэт свайго таварыша па пяры: «Чамусьці ўсе знаёмыя называлі яго Тодзік, памяншальна. І ўсміхаліся. І ў яго самога на твары гасціў ласкавы выраз, нібыта, як цяпер часта пішуць, у нечым чуў правінку чалавек. Ягоная ўсмешка хіліла да сябе, настройвала на добразычлівасць, абяззбройваючы тых, хто гневаўся ці гатовы быў угневацца».
Нават «жартавалі, што ягоны, некалькі адлучаны ад рэчаіснасці, дакладней — выцураны выраз вачэй выклікае ва ўяўленні постаць раскрыжаванага Езусіка — такія крыжы стаўлялі некалі ў вясковых каплічках і касцёльчыках.
Падабенства да евангельскага пакутніка крыху парушала заўсёдная, як быццам прымёрзлая да ніжняй губы папяроска, найчасцей пагаслая. Наогул жа ад яго патыхала няўлоўная дабрата, не падкрэсленая, а менавіта няўлоўная, і гэта вабіла: адчувалася, гэтакі чалавек не здолее зрабіць благога».
Вольны час аддаваў творчасці, а калі ажаніўся, і сям’і. Выдаў кнігі «Кляновыя завеі» (1927), «Святлацені» (1928), «Ветразі» (1929). У 1930 годзе асобным выданнем выйшла паэма «Палі загаманілі».
А першымі яго публікацыямі сталі вершы «На смерць Фрунзэ» і «Блындае вецер» («Аршанскі маладняк», 1925, № 2). На жаль, у параўнанні з першымі выступленнямі тых, хто з ім уваходзіў у літаратуру, так сабе. У вершы пра Фрунзэ паэзіі ні каліва. У другім — звычайнае нагрувашчванне слоў:
Блындае вецер па вуліцы,
Скача ў пацёмках балет,
П’яным брадзягаю туліцца
К вуснам кабет.
Ночанька цёмная,
Жуда таёмная,
Вуліца спіць!
Толькі ў завулку —
Глухім закавулку
Хтосьці крычыць...
І ў далейшым яму не ўдалося цалкам пазбавіцца гэтых недахопаў. Праўду казаў Я. Калядны («Маладняк», 1927, № 3): «У яго часта — шаблоннасць, штампы, асабліва ў вобразах. І змест у яго асаблівы». Заўвагі не толькі істотныя, а і праўдзівыя. Аднак іх можна было б прыняць, калі б пад усё гэта не падводзілася палітычная аснова: «Ён на раздарожжы». Значыць, «не наш», а да такой высновы прыйшоў С. Левін («Полымя рэвалюцыі» 1934, № 9).
Асноўныя выпады былі скіраваны супраць паэмы «Калі асядае муць», якая ўспрымалася як лагічнае звяно ў яго творчасці: «Сум, журботнасць, непрыстасаванасць да жыцця і неразуменне жыцця — вось што характэрна для ўсіх герояў паэмы». Пакарыстаўся крытык і маральна недапушчальным прыёмам, правёўшы паралель паміж персанажамі твора і самім Тодарам Кляшторным: «Дрэнна тое, што і сам паэт зліваецца з імі».
Былі і іншыя крытыкі, якія не прымалі гэты твор. Калі ж паставіцца да яго аб’ектыўна, паэма прываблівае жаданнем аўтара разабрацца ў падзеях, калі з увядзеннем нэпа пачалося адступленне ад ранейшых рэвалюцыйных крытэрыяў, што выклікала ў многіх нязгоду. Персанажы паэмы Яська, Андрэй, сам Аўтар таксама ў многім расчараваны. Яны не могуць спакойна назіраць за тым, як абясцэньваюцца маральныя каштоўнасці, якія здаваліся вечнымі і нязменнымі, як правяць баль грошы, як мізарнеюць людскія душы. Ці не найбольш балюча Яську. Былы чырвонаармеец, ён не можа змірыцца з тым, што родны бацька, які яшчэ не так даўно папракаў яго за смелыя памкненні, рэзка перайначыўся, аб чым прама заяўляе ў сваім лісце яму:
А ідэі, —
Не цмін залаты?
А імкненні, —
Не тыя ж лілеі?
Я не ведаю,
Што гэта ты
Так аддаўся душою ідэям!
Душа Яські надломлена, і з яго вуснаў гучыць горкае прызнанне:
Я кахаў, —
Цалавалі другія,
Я маліўся, —
А нехта пляваў,
Я шукаў дарагога Месію,
А Іюда яго прадаваў...
Прыкра на душы і ў Андрэя. І таксама з-за сваёй непрыкаянасці. Страшней аднак тое, што і само жыццё апынулася на паўстанку, з якога цяжка адшукаць нейкае выйсце:
Мы кроім вопратку чужых
Па густу — нораву другому,
І трапна, брат, як заўсягды,
Часцей выходзіць па-другому.
Шчыра адданы роднай Беларусі, заклапочаны яе лёсам, Тодар Кляшторны не прымаў тое, што ганьбавала вялікую мэту, абясцэньвала маральныя каштоўнасці. Лёгка папракнуць і персанажаў, і самога аўтара ў безыдэйнасці, у песімізме. Цяжэй зразумець іх. Паэма «Калі асядае муць» — адна з першых спроб беларускай паэзіі крытычна паставіцца да блізкай ёй сучаснасці. Яго папракалі ва ўпадніцтве, песімізме, а ён, пакутліва перажываючы хвіліны сумненняў, прыглядаўся да свету і людзей, а найперш як бы ўзіраўся ў самога сябе. Належаў да тых, хто, апынуўшыся на скразняковых вятрах такой прыгожай у сваім абнаўленні і разам з тым жорсткай эпохі, што не толькі ламала людскія лёсы, а, перайначваючы свет да лепшага, знішчала тое, што фарміравалася стагоддзямі.
Як ні прыгадаць з гэтай нагоды верш «Рыжы, но...» з яшчэ першай яго кнігі «Кляновыя завеі». У ім у нечым і ясенінская туга па вёсцы, якая адыходзіць у нябыт, а рыжы конь, што назаўсёды прапісаўся ў біяграфіі паэта, частка яе:
Рыжы, но,
Не глядзі з-за плуга,
Годзе слухаць табе салаўя!
Уліў бы ў косці старэнькай пугай,
Тузануў бы,
Ды нечага жаль.
Помню, рыжы,
Па сіняй атаве
Жарабячы ты зух рассыпаў;
Ў заліхвацкай кадрылі
Не раз капытамі
Раззлавана мяне частаваў.
Ёсць, аднак, і сваё, хоць і не дужа пераканаўчае, калі лірычны герой спрабуе прымірыць вёску ранейшую і вёску сучасную: «На шырокія гоні // Прывяду я стальнога каня... // Не шкадую мінулых мяцеляў, // Не шкадую рассыпаных дзён, // Я хачу толькі ў новае стрэмя // Пасадзіць маладосці задзёр». Твор выратоўваюць заключныя радкі, што паўтараюць пачатковыя, набываючы яшчэ большую праўдзівасць і пераканаўчасць.
Лірыка Тодара Кляшторнага ўражвае пластычнай выразнасцю малюнкаў прыроды, а вершы пра каханне — быццам тыя дыяменты. Калі што і шкодзіла пры гэтым, дык некаторае паўтарэнне ў выяўленчых сродках. Яго любімы эпітэт «ледзяны» пераходзіў з верша ў верш. Выкарыстоўваўся і ў пейзажных замалёўках, і ў любоўнай лірыцы. Але ж у паэзіі працаваў усяго нейкіх дзесяць гадоў. З гадамі набыў бы куды большы творчы вопыт, хоць для яго ўзросту ён быў і так немалы. Узяць хоць бы верш «Зазімак»:
Мёрзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.
Тоўпы зор снегавым пералівам
Разматалі ў палях павады.
Быццам коні з памыленай грывай,
У пацёмках застылі сады.
А гэта часіна абуджэння прыроды ад нядаўняга сну — «***Раджаўся дзень...»:
Раджаўся дзень,
За лесам тухлі зоры,
І хтосьці золата
Над стрэхамі губляў,
А над бялёсымі
Люстэркамі азёраў
Туман сярэбраную
Пражу разматаў.
Жалейка пастуха
Дзень новы прывітала,
На канаплянніку
Зайгралі вераб’і,
Зара за ўзгоркамі
Начніцы замыкала
І косы вешала
На росныя гаі.
* * *
Даўно заўважана, што паэты здатны як бы прагназаваць уласную будучыню. Падобным прарокам у дачыненні да свайго лёсу аказаўся і Тодар Кляшторны. Гэта відаць з пачатку другой часткі паэмы «Калі асядае муць»: «Я запісан, мабыць, кандыдатам // Першым ад бліжэйшых да труны...» Яго жыццёвы шлях абарваўся 30 кастрычніка 1937 года. Але найлепшыя вершы яго — не тыя, якіх патрабавала ад яго пісаць крытыка, а лірычныя — засталіся ў гісторыі літаратуры. Невыпадкова Сяргей Грахоўскі сваю прадмову да яго выбранага ў «Бібліятэцы беларускай паэзіі» (1970) назваў менавіта так — «Лірык нашага рання».
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.