Вы тут

Новая выстава «Погляд у далягляд» — прысвячэнне жанру пейзажа


Галерэя «Арт-Беларусь» не так часта радуе аматара мастацтва новымі выставачнымі праектамі. З іншага боку, экспазіцыі тут трымаюцца доўга і паспяваюць сабраць шмат гледачоў, а значыць, і водгукаў. Новая выстаўка «Погляд у далягляд» адкрылася ў апошні зімні дзень, а працаваць будзе ажно да 30 красавіка. Куратарам, як заўсёды, выступае Аляксандр Зінкевіч.


Сяргей Каткоў «Прыстань на рацэ», 1964 г.

«Погляд у далягляд» — гэта прысвячэнне жанру пейзажа. Ідэя праекта бяспройгрышная: спасабаў арганізацыі экспазіцыі даволі шмат, тэматыка работ разнастайная і дазваляе прадэманстраваць розныя плыні і кірункі, стылі і тэхнікі жывапісу, а выбар твораў сягае ў бясконцасць. Пейзаж — велізарны пласт айчыннага мастацтва, да якога сёння ставяцца з прадузятасцю (і часам справдяліва). Так, гэта вечная крыніца натхнення краявідамі. Так, праз пейзаж была і застаецца магчымасць паказаць розныя гістарычныя эпохі. Так, жанр здольны выяўляць душэўны стан творцы. Так, гэта выдатнае і, дарэчы, найбольш зразумелае назіральніку поле для эксперыментаў. Але ці дастаткова гэтага ў наш час? Ці мае пейзаж патрэбу ва ўважлівым яго вывучэнні? У неабходнасці падобнага праекта пераконваюць арганізатары выстаўкі: «Гэта праўда, што прырода роднай зямлі блізкая і свядомасці чалавека, і яго падсвядомасці. Менавіта гэтай блізкасцю і нябачнымі злучальнымі ніткамі і тлумачыцца тое, што пейзаж у мастацтве так лёгка счытваецца гледачом. Аўтарская стылістыка дадае пейзажу творчай індывідуальнасці, але шчырыя адносіны мастака да таго месца, якое ён увасобіў на сваім палатне, перадаецца гледачу і абуджае ў яго душы яркія пачуцці і ўражанні. У гэтым і хаваецца парадокс глыбокай прастаты пейзажа».

Іван Карасёў «На балоце», 1971 г.

У экспазіцыі прадстаўлены работы з карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка», фондаў Беларускага саюза мастакоў і прыватных збораў. Амаль паўтара стагоддзя беларускага мастацтва — у невялічкай выставачнай прасторы галерэі «Арт-Беларусь». Сярод аўтараў — Фердынанд Рушчыц, Станіслаў Жукоўскі, Віталь Цвірка, Павел Масленікаў, Натан Воранаў, Альгерд Малішэўскі, Барыс Аракчэеў, Леанід Дударэнка, Вячаслаў Кубараў, Антон Бархаткоў, Уладзімір Мудрогін… Натуральна, прадстаўлены работы ўраджэнцаў Беларусі, якія стваралі за мяжой: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Гіяцынта Альхімовіча і іншых.

Калекцыі «Белгазпрамбанка» і БСМ, бясспрэчна, вартыя ўвагі, аднак найбольшую цікавасць выклікаюць творы з прыватных сховішчаў — з-за адчування эксклюзіўнасці. Нячаста ў экспазіцыях апошняга часу ёсць кампазіцыі Леаніда Дударэнкі. Рэдка ўдаецца ўбачыць і карціны Раісы Кудрэвіч. Ганаровы госць любой выстаўкі — Пінхус Крэмень. І сапраўдны сюрпрыз — дэманстрацыя палатна Галіны Азгур… Адкрыццём для многіх могуць стаць карціны меней знакамітых аўтараў: Фёдара Ясноўскага, Рыгора Баброўскага, Івана Карасёва, Антона Каржанеўскага і іншых. На фоне палотнаў масцітых жывапісцаў іх творы маюць перспектыву згубіцца — і справа не ва ўзроўні майстэрства. Проста многія праходзяць міма незнаёмых прозвішчаў ці амаль не засяроджваюць увагу на некаторых палотнах, а шкада. Ёсць чым палюбавацца і папоўніць запас ведаў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.