Вы тут

Свая ноша. Яна няцяжкая, пакуль можаш яе несці


Я даволі доўга не магла ўзяцца за гэту тэму, хоць і хацела. Усё сумнявалася: можа, будзе занадта суб'ектыўна нават для гэтай рубрыкі, бо заснавана, як кажуць, выключна на ўласных назіраннях. Але калі з падобнай праблемай людзі прыйшлі на прыём да Наталлі Качанавай, стала зразумела: выпадак калі і не зусім тыповы, дык не адзінкавы дакладна. І не дай бог быць на месцы дзейных асоб.


Тыя людзі, што прыйшлі да Наталлі Іванаўны, дзейнічалі на апярэджанне. Яны цвярозым розумам падумалі, што будзе з іх дзіцем, калі іх не стане. Уявілі — і жахнуліся. І пайшлі на прыём у высокі кабінет, каб знайсці дапамогу і ўпэўненасць, што з іх хлопчыкам усё будзе добра, нават калі ён застанецца сіратой...

У чым драматызм, спытаеце? У тым, што бацькам ужо пад семдзесят, а «хлопчыку» — амаль сорак. Ён — інвалід першай групы з дзяцінства, існаваць без старонняй дапамогі не можа. Але ж фізічна даволі моцны і, верагодней за ўсё, сваіх бацькоў перажыве. Акрамя бацькоў, за ім няма каму глядзець — самай блізкай радні больш няма. Вось не стане бацькоў — і куды яго? У інтэрнат? «Ён жа там загіне», — са слязьмі казаў бацька на прыёме. Яму паабяцалі, што Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будзе трымаць іх сям'ю пад апекай, і пажадалі жыць доўга. Сама шчырае і самае патрэбнае пажаданне, бо такім людзям не заменіць бацькоў нават найлепшы сацыяльны прытулак.

Гэта стала тэндэнцыяй менавіта апошняга часу — калі людзі з цяжкімі парушэннямі фізічнага або псіхічнага здароўя, атрыманымі пры нараджэнні або ў раннім дзяцінстве, перажываюць сваіх бацькоў. Якія ў свой час — у 70-я — 80-я гады ўзялі на сябе мужнасць і адказнасць самім выхоўваць дзіця-інваліда. Асабліва ў вёсках людзі не спяшаліся пазбаўляцца ад асаблівага нашчадка, пакорліва ўздыхаючы: «Ужо што Бог даў». Яно так было і заўсёды, але да нядаўняга часу развіццё медыцыны не дазваляла такім дзецям жыць доўга. Яны сыходзілі ў нябыт пры самым аптымістычным раскладзе гадоў у трыццаць—трыццаць пяць, акружаныя любоўю і клопатам самых родных людзей, нават не здагадваючыся, што можа быць неяк інакш. Думаю, не памылюся, калі скажу, што на любых вясковых могілках можна знайсці такое сведчанне — побач ляжаць ужо і бацькі, але яны жылі больш на дзесяць, пятнаццаць, а то і дваццаць гадоў.

Цяпер сітуацыя іншая. Сучасныя прэпараты, урачы, дый сам лад жыцця (прыстойнае харчаванне, напрыклад) выцягваюць такіх людзей, яны і пасля сарака адносна нядрэнна сябе адчуваюць. Жывуць у доглядзе і любові. І — дажываюць да часу, калі хаваюць сваіх бацькоў. Хаваюць, канешне, не яны. Яны застаюцца без догляду, любові, без родных твараў, без знаёмай абстаноўкі. Нават калі ў іх ёсць здаровыя браты-сёстры — ці многія з гэтых здаровых гатовыя падхапіць цяжар, які калісьці ўзвалілі на сябе бацькі? Кожны раз адбываецца трагедыя асобна ўзятага чалавека. Асаблівага, не падобнага на іншых, але ж — Чалавека.

Таццяна Пятроўна, былая медсястра ў вясковай бальніцы, гадавала сваю Зою адна — муж доўга не вытрымаў праблемнага дзіцяці, сышоў з сям'і, з'ехаў кудысьці на заробкі, там і згубіўся. У Зоі была цяжкая форма ДЦП, яна амаль не размаўляла, рукі і ногі яе не слухаліся. Маці ў свой час сказалі, што паляпшэнне наўрад ці здарыцца, і параілі здаць дзяўчынку ў спецыяльную ўстанову. Таццяна Пятроўна сваю крывінку здаваць нікуды не стала, займалася з ёй, як магла, рабіла ўсялякія масажы. Аднавяскоўцы ўжо прывыклі да гэтай штодзённай карціны: дробненькая худзенькая жанчына вязе інвалідную каляску з дачкой, штосьці ёй разказвае, а тая рэагуе, усміхаецца. Апошні раз калі мы праязджалі праз тую вёску і сустрэлі іх, я са здзіўленнем заўважыла, як раптоўна Таццяна Пятроўна пастарэла і згорбілася. А яе Зоя, мая, напэўна, равесніца, зусім не змянілася і па-ранейшаму бесклапотна ўсміхалася, седзячы ў калясцы, якую маці з цяжкасцю штурхала перад сабой... А цяпер яны ляжаць побач на вясковых могілках. Зоя перажыла маці на паўтара года — яна пражыла семдзесят пяць, дачка — амаль пяцьдзясят. Мясцовыя жанчыны расказалі, што Таццяна Пятроўна памерла раптоўна, у сне. Зоя больш за суткі была халодная-галодная, пакуль не зайшлі суседзі. Жанчыну забралі ў псіха-неўралагічны інтэрнат, але там яна адмовілася есці, кармілі яе прымусова. Пасля пераправілі ў нейкі іншы інтэрнат, потым яшчэ ў адзін — нідзе не было ёй не тое што добра — проста магчыма жыць. Урэшце яна ціха згасла ў бальнічнай палаце. «Так яно і лепш для ўсіх», — уздыхалі вясковыя кабеты...

Юзік быў у бацькоў старэйшым сынам. Малодшая сястра нарадзілася праз два гады здаровенькая, бацькі ўздыхнулі: «Што Бог даў...» Юзік меў цяжкія парушэнні інтэлектуальнага развіцця і амаль не гаварыў, але бацькі пашкадавалі яго, не аддалі «чужым людзям» — у спецыяльную школу. Хлопца звалі ў вёсцы «дурачком», ён быў бяскрыўдны, усім дапамагаў па гаспадарцы. Але калі адзін за другім бацькі памерлі ад ковіду, гэты здаровы саракапяцігадовы дзяцюк стаў вельмі агрэсіўным, кідаўся на людзей, а пасля зацята замаўчаў. Сястра доўга не думала — аддала яго ў псіханеўралагічую бальніцу. Юзік памёр там праз два месяцы ад інфаркту. «Гэта ж трэба, дурачок, а так перажываў!» — вынеслі вердыкт мясцовыя пляткаркі і назаўтра пасля пахавання і думаць пра яго забыліся.

Такіх людзей у нас не вельмі шмат — лічы, адно пакаленне. Маладзейшыя бацькі, што бяруць на сябе адказнасць выхоўваць асаблівых дзяцей, маюць больш магчымасцяў, жадання, разумення, досведу, каб іх адаптаваць, сацыялізаваць, каб сыход самых блізкіх людзей не азначаў для іх канец існавання. Дык, калі гэтых людзей у нас не вельмі шмат, можа, час стварыць для іх спецыяльную ўстанову, менавіта для тых, хто да сталых год дажыў з бацькамі ў дамашніх умовах? Адну на ўсю краіну — будзе дастаткова. Каб яны маглі дажыць свой, вызначаны лёсам век, адчуваючы сябе людзьмі. Асаблівымі, не падобнымі на іншых, але — людзьмі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».