Вы тут

Патрэбы эканомікі, мэтавая падрыхтоўка і прагнозы па конкурсе


Лічбы прыёму ў ВНУ і ССНУ будуць агучаны да 1 красавіка. Пра гэта паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі ў БелТА першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.


«Складанне плана прыёму — вельмі тонкая і карпатлівая работа, бо неабходна ўвязаць патрэбы ўсіх галін эканомікі і ўсе ўзроўні адукацыі», — патлумачыў ён.

Плануецца, што кантрольныя лічбы прыёму на бюджэт захаваюцца прыкладна на ўзроўні мінулага года з невялікім ухілам у бок тых спецыяльнасцяў, па якіх ёсць дэфіцыт кадраў, і з ухілам у рэгіёны. «Ёсць даручэнне: мінус два працэнты па Мінску і плюс два працэнты па рэгіёнах, дзе ёсць дэфіцыт па медыцынскіх кадрах, па настаўніках і ў іншых сферах. Гэта ўсё будзе ўлічана. Што да лічбаў прыёму на платную форму навучання, набор застанецца прыкладна на ўзроўні мінулага года. Калі суміраваць бюджэт і платную форму, то плануецца набраць на першы курс 47-48 тысяч чалавек. Каля 27 тысяч першакурснікаў будуць навучацца на бюджэце і 21-22 тысячы — за ўласныя сродкі. Але гэта папярэдняя інфармацыя», — удакладніў першы намеснік міністра.

Што тычыцца мэтавай формы падрыхтоўкі, то, як адзначыў Аляксандр Бахановіч, яна будзе планамерна развівацца і папулярызавацца ў грамадстве: «Школьнікі вельмі зацікаўлены пайсці на мэтавую падрыхтоўку, асабліва гэта датычыцца медыцынскіх і педагагічных спецыяльнасцяў. Існуе памылковае меркаванне, што на мэтавую падрыхтоўку ідуць самыя непадрыхтаваныя. Гэта абсалютна не так. Я думаю, тыя іспыты, якія чакаюць сёлета будучых мэтавікоў, будуць прынцыповыя».

Для тых, хто паступае на мэтавыя месцы, створана асаблівая траекторыя паступлення. Сёлета яны будуць здаваць адзін вусны ўнутраны іспыт па першым профільным прадмеце, а тэрміны прыёмнай кампаніі для іх выдзелены ў асобны этап. Падаць дакументы і прайсці сумоўе абітурыенты-мэтавікі павінны з 1 да 5 чэрвеня. Уступны іспыт для іх адбудзецца з 6 да 13 чэрвеня. Залічваць гэту катэгорыю абітурыентаў будуць да 16 чэрвеня.

Першы намеснік міністра адзначыў, што цяпер зняты ўсе абмежаванні па мэтавай падрыхтоўцы: скарыстацца гэтай формай падрыхтоўкі кадраў пад свае патрэбы можа любое прадпрыемства і любая арганізацыя, размешчаныя ў любым населеным пункце, у тым ліку і ў сталіцы.

«Па медыцынскіх спецыяльнасцях мы дазваляем набіраць на мэтавую падрыхтоўку да 80 працэнтаў ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў, у аграпрамысловым комплексе — да 70 працэнтаў, па шэрагу іншых спецыяльнасцяў — да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму. Але гэта не значыць, што мы павінна набраць менавіта 80 працэнтаў мэтавікоў. Колькі іх будзе — столькі будзе. Усе астатнія месцы, якія былі запланаваны пад мэтавую падрыхтоўку, пяройдуць на агульны конкурс», — растлумачыў ён.

Першы намеснік міністра заўважыў, што варыянтаў знайсці сабе месца для будучага працаўладкавання яшчэ на этапе паступлення ў ВНУ дастаткова. Напрыклад, школьнік можа наведаць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі. Яны праводзяцца на базе ўніверсітэтаў, куды запрашаюцца прадстаўнікі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.

Найбольш высокія конкурсы ў ВНУ Міністэрства адукацыі прагназуе сёлета на спецыяльнасцях ІТ-сферы і медыцынскіх. Разам з тым у міністэрстве разлічваюць, што складзецца высокі конкурс і на педагагічных спецыяльнасцях. «Для гэтага ёсць усе перадумовы: ва ўсіх рэгіёнах дзейнічаюць профільныя педагагічныя класы, прадугледжана магчымасць паступлення пасля педагагічнага каледжа на завочную форму навучання на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў, — растлумачыў свае прагнозы Аляксандр Бахановіч. — Увогуле, вопыт паказвае, што незапатрабаваных спецыяльнасцяў практычна няма. За гэтым стаіць каласальная работа па аналізе сусветных тэндэнцый і развіцці галін».

На сёння ў Беларусі функцыянуе 42 дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні 12 міністэрстваў і ведамстваў, а таксама 8 устаноў вышэйшай адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Падрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца па 387 спецыяльнасцях І ступені і па 159 спецыяльнасцях ІІ ступені адукацыі. Як падкрэслівае першы намеснік міністра, вядзецца пастаянная работа па ўзмацненні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. «ВНУ ўзгадняюць навучальныя праграмы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Усяго на сёння ўзгоднена больш як 24 тысячы вучэбных праграм і дысцыплін. Гэта сведчыць аб тым, што наш навучальны працэс абапіраецца на патрэбы прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі і мы ўлічваем тэндэнцыі развіцця ўсіх галін нашай эканомікі», — дадаў Аляксандр Бахановіч.

Ён паведаміў, што на працягу 2022 года ўніверсітэты заключылі больш як 550 дагавораў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў аб узаемадзеянні. Усяго іх на сёння — больш за 2,7 тысячы. Таксама ўстановы вышэйшай адукацыі заключылі летась больш як 2,8 тысячы мэтавых дагавораў. Цяпер такіх дагавораў дзейнічае каля 10 тысяч. Гэта значыць, што каля 10 тысяч нашых студэнтаў ад агульнай колькасці навучаюцца па мэтавай падрыхтоўцы адпаведна з мэтавымі дагаворамі», — адзначыў Аляксандр Бахановіч.

На высокатэхналагічных прадпрыемствах краіны, у арганізацыях і інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на працягу 2022 года было створана 80 новых філіялаў кафедраў устаноў вышэйшай адукацыі. А ўсяго ў арганізацыях эканомікі і сацыяльнай сферы функцыянуе 1069 філіялаў кафедр.

У ВНУ дзейнічаюць больш як 70 сумесных з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторый і 10 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній. Студэнты медыцынскіх устаноў вышэйшай адукацыі праходзяць навучанне на 126 клінічных кафедрах ва ўстановах аховы здароўя. Практыку ў арганізацыях — заказчыках кадраў у мінулым навучальным годзе прайшлі больш як 64 тысячы студэнтаў.

Закрануў першы намеснік міністра і пытанне з адтэрміноўкай ад службы ў арміі студэнтаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю за межамі Беларусі. Аляксандр Бахановіч падкрэсліў, што для тых студэнтаў, якія працягваюць вучыцца за мяжой, адтэрміноўкі ад службы ў войску застануцца. Аднак ён праінфармаваў, што цяпер на разглядзе ў парламенце знаходзяцца папраўкі, якія датычацца падстаў для атрымання права на адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу. У тым выпадку, калі змены будуць прыняты, адтэрміноўку ад службы ў арміі для студэнтаў з Беларусі, якія вучацца за мяжой, адменяць.

«У нашых суседзяў, калі студэнты едуць вучыцца за мяжу, таксама няма адтэрміновак, — звярнуў увагу першы намеснік міністра. — Мы прыводзім заканадаўства ў адпаведнасць з тым, што ёсць у нашых суседзяў. У нас павінны быць роўныя правы і магчымасці». Акрамя таго, як адзначыў Аляксандр Бахановіч, у заканадаўстве застанецца норма аб адтэрміноўцы для беларускіх абітурыентаў, якія па заказе органа дзяржкіравання або прадпрыемства былі накіраваны на вучобу за мяжу. Гэта датычыцца тых выпадкаў, калі па пэўных спецыяльнасцях падрыхтоўка ў Беларусі не вядзецца, аднак дзяржава мае вострую патрэбу ў такім спецыялісце. «Для іх гэтыя адтэрміноўкі застануцца», — дадаў першы намеснік міністра адукацыі.

Унікальныя кадры для аўдыту

Новая спецыяльнасць «Дзяржаўны аўдыт» адкрыецца на эканамічным факультэце БДУ. Падрыхтоўка па гэтым напрамку ў Беларусі будзе весціся ўпершыню. Выпускнікам прысвояць кваліфікацыю «Эканаміст. Спецыяліст па аўдыце».

Як адзначыла дэкан эканамічнага факультэта Ганна Каралёва, падрыхтоўка такіх спецыялістаў арыентавана, у першую чаргу, на фінансава-эканамічную дзейнасць дзяржаўных устаноў і органаў дзяржаўнай улады. «Да гэтага часу навучанне кадраў па аўдыце было сфакусіравана на бухгалтарскім уліку ў арганізацыі і асаблівасцях яго прымянення ў розных сферах дзейнасці. Мы ж зробім акцэнт на падрыхтоўку ўнікальных кадраў, прафесійныя навыкі якіх будуць запатрабаваны ў сферы экспертна-аналітычнай, кантрольнай і аўдытарскай дзейнасці. Атрыманая адукацыя дазволіць выпускнікам эфектыўна працаваць у дзяржаўным сектары: кантрольных, праваахоўных, фінансавых органах, а таксама ў сферы бізнес-аўдыту і кансалтынгу, рэалізавацца па іншых кірунках эканамічнай спецыяльнасці».

Дарэчы, рыхтаваць спецыялістаў будуць на стыку эканамічных, прававых і інфармацыйных дысцыплін. Адукацыйная праграма ўключае навучальныя прадметы «Фінансы», «Дзяржаўны бюджэт», «Падаткі і падаткаабкладанне», «Міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці», «Бухгалтарскі ўлік і аўдыт», «Кіраўніцкі ўлік», «Процідзеянне карупцыі» і іншыя.

Адкрыццю спецыяльнасці садзейнічала цеснае супрацоўніцтва эканамічнага факультэта з заказчыкамі кадраў. Плануецца, што да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму будзе аддадзена пад мэтавы набор.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?