Вы тут

Мара аб сваім участку, суседства з бацькамі і пытанні гарадской прапіскі


Мара аб сваім участку

У рэдакцыю звярнулася Зоя Н. з Уздзеншчыны. Жанчына аформіла на сваёй малой радзіме ўчастак ворнай зямлі, які ўсё жыццё апрацоўвалі яе бацькі, у пажыццёвае спадчыннае валоданне для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. Вырошчвае там гародніну, клубніцы, пасадзіла пладовыя дрэўцы... «Ці змогуць мае дзеці, калі раптам захочуць, з часам пабудаваць на тым участку сабе дом?»


— У апошнія гады да нас нярэдка звярталіся вяскоўцы з просьбай адвесці частку ўчастка, выдзеленага для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі, пад будаўніцтва дома, — адзначыла начальнік аддзела землеўпарадкавання Уздзенскага райвыканкама Алена Грэчка. — Але мы ўсім адмаўлялі. Бо раней нельга было мяняць мэтавае прызначэнне зямельных участкаў, прадстаўленых для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. З уступленнем у сілу з 1 студзеня 2023 года новай рэдакцыі Кодэкса аб зямлі такая магчымасць з'явілася. Цяпер можна памяняць мэтавае прызначэнне ўчастка і выкарыстаць, напрыклад, ворную зямлю для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Але для гэтага трэба выканаць шэраг вызначаных умоў. Асноўная з іх — гэта, канечне, заключэнне архітэктара. Важна, каб не парушаліся будаўнічыя нормы, каб быў пад'езд да ўчастка. Для змянення мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка трэба звярнуцца з заявай у мясцовы выканаўчы камітэт. Кожная сітуацыя будзе разглядацца асобна.

Больш за тое, зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў чалавека на праве пажыццёвага спадчыннага валодання альбо ў карыстанні, цяпер можна выкупіць у прыватную ўласнасць на льготных умовах. У прыватнасці, на сёння паніжальны вартасны каэфіцыент складае 0,8 за зямельны ўчастак на тэрыторыі Мінска і абласных цэнтраў, 0,5 — у іншых населеных пунктах і тэрыторыях, у тым ліку ва Уздзенскім раёне. Льготны каэфіцыент дзейнічае да 1 верасня 2027 года. Атрымліваецца, у людзей ёсць пяць гадоў, каб купіць участак, што называецца, за паўцаны.

Акрамя таго, пры жаданні чалавек можа пашырыць свой асноўны ўчастак (дзе стаіць яго дом) за кошт дадатковага, які мяжуе з асноўным. Бо з гэтага года памяняліся памеры зямельных участкаў. У прыватнасці, калі раней для будаўніцтва дома ў сельскай мясцовасці можна было атрымаць зямельны ўчастак плошчай не больш за 25 сотак, то цяпер ліміт — 1 гектар.


Калі суседзі — бацькі

«Жыву ў вёсцы. Мая хатка месціцца на ўчастку ў 25 сотак. Ці можна, каб мой сын пабудаваў побач з маім жытлом свой сучасны дом?» — цікавіцца Таццяна Віктараўна Маркава. — Тады я змагла б зімаваць у родных сценах, пад наглядам дзяцей, якія жылі б па суседстве...»

— З такім пытаннем таксама раней было шмат зваротаў, — кажа Алена Грэчка. — Асабліва з тых сельскіх Саветаў, што месцяцца бліжэй да Мінска. Але мы тлумачылі, што на ўчастку, выдзеленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, павінен быць адзін дом. З гэтага ж года з'явілася магчымасць раздзяліць зямельны ўчастак, які, напрыклад, належыць бацькам (пры іх пісьмовай згодзе), каб пабудаваць па суседстве яшчэ адзін дом для дзяцей ці ўнукаў. Гэта дазволіць многім людзям вырашыць свае жыллёвыя пытанні, паколькі часта ў сям'і ёсць неабходнасць будаўніцтва другога жылога дома, а прадставіць такі ўчастак на тэрыторыі дадзенага населенага пункта няма магчымасці. Пры гэтым раздзяленне не павінна супярэчыць будаўнічым рэгламентам, санітарным і іншым нормам. У прыватнасці, участак павінен быць забяспечаны неабходнай інжынернай інфраструктурай, праходам ці пад'ездам да яго. Іншымі словамі, зноў-такі патрэбна заключэнне архітэктара. Акрамя таго, ўчастак неабходна набыць у прыватную ўласнасць. Для таго каб пабудаваць на ім другі дом, трэба звярнуцца з заявай у мясцовы выканкам.

Калі «вылез» за граніцы

Калі вы па нейкай прычыне ўзвялі лазню на зямлі, якая вам не належыць, альбо, будуючы дом (гараж, хлеў і г. д.), крыху «вылезлі» за граніцы свайго зямельнага ўчастка, не пераймайцеся. Цяпер ёсць магчымасць узаконіць некаторыя самаволкі (зямлю, самавольна занятую да 1 верасня 2022 года, калі не парушаюцца патрабаванні будаўнічых, прыродаахоўных і санітарна-эпідэміялагічных рэгламентаў). Каб легалізаваць парушэнне, трэба будзе ўнесці плату ў мясцовы бюджэт у памеры кадастравага кошту зямельнага ўчастка альбо яго часткі. Так званая «зямельная амністыя» не бестэрміновая. Гэтым правам можна скарыстацца на працягу трох гадоў, то-бок, звярнуцца з заявай у выканкам дазваляецца да 1 верасня 2025 года.


Гарадская прапіска не перашкода

«Я — карэнны гараджанін. Нарадзіўся і жыву ў Мінску. Апошнія гады трымаў кавярню ў сталіцы, але падчас эпідэміі ковіду прыйшлося яе закрыць і вярнуцца працаваць у офіс. Не так даўно з'явілася думка заняцца вырошчваннем буякоў. Прыгледзеў свабодны ўчастак за 50 кіламетраў ад сталіцы. Скажыце, наколькі рэальна мне атрымаць яго ў арэнду? Чуў, што для гэтага цяпер неабавязкова будаваць дом у вёсцы і мяняць месца прапіскі».

— Сапраўды, раней, каб атрымаць участак для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі, трэба было быць абавязкова зарэгістраваным на тэрыторыі канкрэтнага сельскага Савета. Цяпер гэта патрабаванне знята, у абноўленым Кодэксе аб зямлі абмежавання, звязанага з прапіскай, няма. Калі, напрыклад, жыхар Мінска хоча вырошчваць бульбу ці буякі ва Уздзенскім ці нейкім іншым раёне, калі ласка, няхай бярэ зямлю (дазваляецца да 4 гектараў). Канечне, пры ўмове, што яна ёсць у наяўнасці і чалавек будзе добрасумленна даглядаць яе.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».