Вы тут

Тут пасуцца мунтжак і зебу. Гродзенскі заапарк папоўніўся навасёламі


Нядаўна сюды з калужскага парка «Вераб’і» прывезлі новыя віды жывёл. Гэта парачка нанду, а таксама капытныя мунтжак і зебу. Доўгі шлях з Расіі ў Беларусь яны перанеслі нармальна і ўжо прайшлі 21 дзень каранціну. Для іх падрыхтаваныя спецыяльныя вальеры, якія яны пакрысе асвойваюць. Адаптацыя да новых умоў таксама не выклікае турбот. 


Навасёлы ўжо выходзяць на вуліцу, але толькі на паўдня. Астатні час яны праводзяць у памяшканнях. Зебу ўдалося застаць у вальеры. І хаця гэты бык лічыцца дзікім, у яго аказаўся даволі ветлівы нораў. У заапарку ўжо і мянушку яму далі — Дабрыня — якраз па яго характары. Вось і да нас з экскурсаводам Анастасіяй Лупач Дабрыня падышоў з самым добрым намерам. Нават не вельмі хацеў вяртацца ў памяшканне, але рэжым ёсць рэжым.

— Зебу — жывёла дзікая, але ў Індыі яго прыручылі, і ён стаў цяглавай, уючнай сілай. Такога віду ў Гродзенскім заапарку яшчэ не было. Мы набылі маладога самца, вясной яму будзе год. Корм у яго, як ва ўсіх капытных, — сена, гародніна, яблыкі. Яшчэ ён любіць прарошчаны і плюшчаны авёс, — расказвае Анастасія.

Экскурсавод заапарка вядзе знаёміцца з іншымі навасёламі. Яны ў асноўным праводзяць час у памяшканні. Парачка амерыканскіх страўсаў нанду — белы і шэры — трымаюцца адзін аднаго. У заапарку гэты від адсутнічаў больш за 40 гадоў, зараз ён папоўніў калекцыю. Увогуле, усе новыя жывёлы, у тым ліку і кітайскі алень мунтжак, 2022 года нараджэння. 
Трэба сказаць, што мунтжак — незвычайны алень. У яго ёсць клыкі, што сведчыць пра яго драпежную натуру. Праўда, пакуль гэта ніяк не праяўляецца. Можа, таму, што клыкі, як і рогі, у маладога аленя яшчэ не поўнасцю прарэзаліся, а можа, таму, што ніякіх мясных страў яму не прапаноўвалі. Магчыма, яму і прадаставяць магчымасць паляваць на нейкіх грызуноў, але толькі ў тым выпадку, калі ён праявіць сябе ў гэтым накірунку, тлумачыць суразмоўца. 

Што датычыцца ўласнага папаўнення, яно адбываецца, як правіла, пазней. Пакуль прыплод з’явіўся толькі ў камерунскіх коз. Здаецца, што сямейства даволі дружнае, хоць і шматлікае. А вось гусіны статак наадварот — шумны і галасісты. Пакуль іншага птушынага гоману тут не чуваць. 

Цеплалюбівыя птушкі наогул не выходзяць з памяшканняў. Тут можна ўбачыць ружовых фламінга, пеліканаў, паўлінаў. Ёсць пара паўлінаў асляпляльнага белага колеру.

Цэлая чарада буслоў асмелілася выйсці і шпацыруе па двары. Але вечарам усе яны адпраўляюцца ў цёплае ўтульнае жытло. 

— Не магу сказаць, што ў заапарк прыйшла вясна. Жывёлы яшчэ ніяк не рэагуюць на каляндарную вясну, бо надвор’е даволі халоднае, ноччу трымаюцца замаразкі. Нашы мядзведзі пакуль рэдка выходзяць са сваіх пакояў, у асноўным спяць, што сведчыць пра тое, што вясна яшчэ не наступіла, — каменціруе экскурсавод.

Між тым у самім заапарку вядуцца работы. Чысціцца вадаём, рамантуецца сланоўнік. Дарэчы, пытанне пра набыццё слана паўстае ўжо не адно дзесяцігоддзе. Некалі слон быў любімцам наведвальнікаў заапарка. Таму пры рэканструкцыі аб’екта было прадугледжана будаўніцтва сланоўніка. А паколькі слана не было, аб’ект не скончылі. Зараз зноў узяліся за гэту справу, бо пытанне з набыццём слана стаіць і на кантролі мясцовых улад. А каб жывёлу было куды прывезці, патрэбна падрыхтаванае памяшканне. 

Наогул у мінулым годзе тут атрымалі патомства ад дзікабразаў, мангустаў, якаў, янотаў, тураў, альпак, лам, грыфаў-індычак і нават маісавых полазаў. Калекцыя заапарка папоўнілася паўсотняй новых відаў жывёл. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.