Вы тут

На Брэстчыне прачнуліся кляшчы


Пасля зімовай спячкі прачнуліся кляшчы — паведамляе Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.


У Брэсцкай вобласці яны заўсёды прачынаюцца і актывізуюцца раней, чым у іншых рэгіёнах. Апошняму спрыяюць цёплыя, кароткія зімы. Колькасць пацярпелых ад укусаў кляшчоў летась у параўнанні з папярэднім годам крыху павялічылася — інфармуюць спецыялісты. Так, у 2022 годзе ва ўстановы аховы здароўя з укусамі кляшчоў звярнуліся 3382 чалавека, у тым ліку 1413 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 17 гадоў, а ў 2021 годзе — 3231 чалавек, з іх — 1338 — дзеці і падлеткі.

Колькасць кляшчоў пры абследаванні прыродных біятопаў у 2022 годзе склала 3,29 экземпляраў на ўмоўную адзінку (флага/км), для параўнання ў 2021 годзе — 2,46 экземпляра. Заражанасць кляшчоў, знятых з цела чалавека, узбуджальнікам Лайм барэліёзу летась склала 35,4 працэнта, годам раней — 41,4 працэнта, а ўзбуджальнікам клешчавога энцэфаліту — 0,6 працэнта, годам раней — 0,3 працэнта.

У гэтым годзе актыўнасць кляшчоў фіксуецца з канца лютага. Сярэдні паказчык гэтых членістаногіх на клешчавым стацыянары «Чырвоны Двор» Брэсцкага раёна ў лютым склаў 9 экземпляраў на флага/км. Таксама ў лютым зарэгістраваны першыя звароты ў медустановы з нагоды ўкусаў: пацярпела 7 чалавек, усе — дзеці да 17 гадоў. Укусы адбываліся ў Брэсцкім, Кобрынскім, Пінскім і Камянецкім раёнах.

Спецыялісты нагадваюць, што кляшчы больш за ўсё любяць ліставыя і змешаныя лясы, а таксама маладыя зараснікі асінніку, селяцца ўздоўж дарог і сцяжын, дзе пасецца жывёла. Яны жывуць у лясной падсцілцы, утворанай апалым лісцем і травой. З наступленнем вясны крывасмокі цярпліва падпільноўваюць ахвяру, могуць прылеплівацца да адзення. Потым з вопраткі і рэчаў перапаўзаюць на цела чалавека, таксама могуць трапіць у жылое памяшканне з кветкамі, венікамі, дровамі, дамашнімі гадаванцамі.

Каб пазбегнуць укусаў кляшчоў, трэба павышаць пільнасць і захоўваць правілы перасцярогі, асаблівую ўвагу пры рабоце на свежым паветры і прагулках надаваць сваёй вопратцы і абутку.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».