Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла рабочую сустрэчу з дэлегацыяй Варонежскай вобласці.
Бакі абмеркавалі рэалізацыю папярэдніх дамоўленасцяў, вызначылі перспектыўныя кірункі далейшага ўзаемадзеяння. У прыватнасці, Варонежскую вобласць цікавіць супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне. У рэгіёне ўжо эксплуатуецца школа на 520 месцаў, пабудаваная беларускімі спецыялістамі. Зараз вядзецца будаўніцтва адукацыйнага цэнтра на 2860 месцаў у Варонежы, школы на 500 месцаў з дзіцячым садком на 220 месцаў, ажыццяўляецца рэканструкцыя стадыёна «Факел».
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што супрацоўніцтва з Варонежскай вобласцю вядзецца не першы год. «Дзякуючы таму, што нашы прэзідэнты задаюць танальнасць нашым узаемаадносінам, сёння практычна ўсе рэгіёны Расійскай Федэрацыі супрацоўнічаюць з рэгіёнамі нашай краіны, — заўважыла спікер верхняй палаты парламента. — Садзейнічае гэтаму, вядома, і тая работа, якую праводзяць Савет Федэрацыі і Савет Рэспублікі. У гэтым годзе мы вядзём актыўную падрыхтоўку да Х Форуму рэгіёнаў, які пройдзе ва Уфе. І тыя напрацоўкі, пагадненні, кантракты, якія падпісваюцца, у ходзе правядзення гэтых мерапрыемстваў даюць імпульс работы, якая складваецца паміж нашымі рэгіёнамі».
Сёння Варонежская вобласць уваходзіць у топ-20 рэгіёнаў Расіі па экспарце беларускай прадукцыі. Па словах Наталлі Качанавай, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, які аказваецца на дзве краіны, яны развіваюцца. «Мы гатовы да супрацоўніцтва абсалютна па ўсіх напрамках, цяпер займаемся рэалізацыяй саюзных праграм, падпісаных прэзідэнтамі нашых краін, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Мы нацэлены на вельмі цеснае і плённае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй — гэта стратэгічныя напрамкі. Эканоміка развіваецца тады, калі паміж бакамі сяброўскія адносіны, калі людзі чуюць адзін аднаго. Мы заўсёды прытрымліваемся пазіцыі супрацоўніцтва з тымі краінамі, якія паважаюць суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы. Таму для нас Расійская Федэрацыя — добры і дружалюбны народ, з якім мы супрацоўнічаем і будзем супрацоўнічаць, выбудоўваць тактычныя і стратэгічныя пытанні, якія неабходна вырашаць на тым ці іншым этапе развіцця нашых краін».
Намеснік старшыні ўрада Варонежскай вобласці Канстанцін Кузняцоў звярнуў увагу, што ўсе будаўнічыя аб’екты, узведзеныя беларускім бокам у гэтым расійскім рэгіёне, пабудаваны датэрмінова і якасна. Гэта, па яго словах, сведчыць аб высокай культуры будаўніцтва Беларусі. «Цяпер калегі з беларускага боку будуюць у Варонежы самую буйную ў Расіі школу, мы яе называем мегашколай — на 2860 навучэнцаў, якая 1 верасня 2023 года павінна адчыніць свае дзверы, — паведаміў Канстанцін Кузняцоў. — Паралельна будуецца спартыўны комплекс — стадыён „Факел“. Гэта новая пляцоўка паслужыць для нашай знакамітай футбольнай каманды трэніровачнай базай, а таксама выступіць асноўным стадыёнам першай катэгорыі для правядзення чэмпіянатаў расійскай прэм’ер-лігі».
Намеснік старшыні ўрада Варонежскай вобласці адзначыў, што расійская дэлегацыя прыехала ў Мінск і з той мэтай, каб паглядзець ужо рэалізаваныя ў Мінску аб’екты спорту. У Варонежы плануецца рэканструкцыя цэнтральнага стадыёна прафсаюзаў. Вопыт беларускіх архітэктараў і рукі нашых будаўнікоў ім неўзабаве спатрэбяцца і ў рэалізацыі гэтага аб’екта. У ходзе візіту ў Беларусь расійская дэлегацыя наведала Шклоў, дзе варонежцаў зацікавілі катэджныя пабудовы. Па словах Канстанціна Кузняцова, у рэгіёне плануецца ўзвядзенне буйнога катэджнага пасёлка, які будзе пабудаваны па прынцыпе «шклоўскіх домікаў». У планах — і будаўніцтва дзіцячага садка на 600 месцаў у Варонежскай вобласці, да якога прыцягнуць спецыялістаў з Беларусі.
Як заўважыў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, паміж Беларуссю і Варонежскай вобласцю наладжана ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. «І гэта не толькі будаўніцтва школ, але і развіццё будіндустрыі і матэрыялаў, — заўважыў сенатар. — Гэта свайго роду рэклама тэхналогій нашых прадпрыемстваў. Цяпер Варонежская вобласць мае патрэбу ў будаўніцтве жылля — і мы ўдзячныя нашым калегам, кіраўніцтву, што яно звярнула ўвагу на нашы „шклоўскія домікі“. Не трэба шукаць дзесьці далёка, усё знаходзіцца побач. Мы адзін у аднаго вучымся: і па спрашчэнні будаўніцтва, і працэдуры выдзялення зямельных участкаў. Мы ўдзячны нашым калегам за аператыўнае вырашэнне пытанняў узаемадзеяння, у прыватнасці ў плане імпартазамяшчэння, і за ўзаемавыгадныя фінансавыя ўмовы. Нам прыемна ў гэтым плане працаваць з усімі рэгіёнамі Расіі, але асабліва з Варонежам, каманда якога з’яўляецца сплавам маладосці і вопыту».
Вераніка КАНЮТА
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.