Вы тут

Чаму кватэры ў сталіцы пачалі даражэць


Практычна ўвесь мінулы год на рынку жылля мы назіралі павольнае, але ўпэўненае зніжэнне цэн на нерухомасць. Але ў пачатку бягучага года нешта «зламалася» ў гэтай тэндэнцыі.


Месяцам раней

Нагадаем, што ў студзені ў Мінску была здзейснена 881 здзелка куплі-продажу кватэр, што на 50% менш, чым у снежні. Яно і зразумела — святы. Пры гэтым цана на жыллё не змянілася. Але перавагі пакупнікоў сталі іншымі. Сярэдняя цана прададзеных у Мінску кватэр за студзень бягучага года не змянілася і склала 1334 долары за квадратны метр. Аднапакаёвыя кватэры прадаваліся па 1409 долараў за «квадрат», а ўся кватэра — у сярэднім па 50 тысяч долараў. Двухпакаёвыя кватэры бралі ўжо значна танней — 1256 долараў за квадратны метр (57560 долараў). Трохпакаёвыя апартаменты куплялі за 1199 долараў за квадратны метр (76800).

Такім чынам, у першы месяц года на рынку назіралася цанавая стабільнасць, але... У той жа час сярэдняя цана кватэр прапановы паказала станоўчую дынаміку. У параўнанні з папярэднім месяцам яна вырасла на 4% — да 1237 долараў за квадратны метр.

Заўважу, што цана прапановы моцна схільная да ўплыву аб’яў аб продажы кватэр у асобных новабудоўлях. А без уліку новабудоўляў сярэдняя цана прапановы квадратнага метра ў студзені 2023 года складала 1434 долары, або дадала 4,7% за месяц.

Тэндэнцыя на падаражанне, але не ва ўсіх

Практычна з першых дзён лютага прадаўцы пачалі задумвацца над тым, што пік зніжэння цэн ужо пройдзены і прыйшоў час злёгку павысіць цэны. Што адбываецца цяпер?

За апошні час колькасць аб’яў у базе найбуйнейшага партала нерухомасці ўзрасла на 5–10% і перасягнула 18 тысяч. Сярод прадаўцоў, якія размяшчалі свае аб’явы на папярэднім тыдні, знізілі цэны 4,5% з іх, сярэдні памер зніжкі вар’іраваўся ад 620 да 2910 долараў. У той жа час у 10% аб’яў цэны павялічыліся — ад 920 да 1340 долараў. Верагодна, сярод тых, хто вырашыў знізіць цану, былі прадаўцы, каму неабходныя грашовыя знакі проста цяпер. 

А такім кліентам не да тэндэнцый.

Такім чынам, індэкс цэн на кватэры ў Мінску за папярэдні тыдзень вырас на 0,4% і склаў 1252 долары. Прадстаўлены індэкс цэн на другасным рынку моцна схільны да ўплыву вялікай колькасці аб’яў аб продажы кватэр у асобных новабудоўлях, дзе кватэры прапануюцца наогул без адстройвання. Сярэдняя цана квадратнага метра без уліку такога ўплыву цяпер роўная 1508 доларам, што на 0,3% больш, чым у мінулы панядзелак, за кошт размяшчэння новых аб’яў з больш высокімі сярэднімі цэнамі адносна мінулага перыяду. Атрымліваецца, што цана прапановы квадратнага метра толькі за месяц павялічылася больш як на 70 долараў на чыстым другасным рынку.

У розных частках горада сярэднія цэны (з новабудоўлямі) квадратнага метра жылля часам досыць моцна адрозніваюцца. Самы маленькі індэкс (цана квадратнага метра) у горадзе на тэрыторыі Заводскага раёна — 1166 долараў. Далей па ранжыры ідзе Маскоўскі раён — 1190 долараў, Кастрычніцкі —1212 долараў, Ленінскі — 1274 долары, потым Фрунзенскі — 1280 долараў, Партызанскі — 1358 долараў, Савецкі — 1435 долараў, Цэнтральны — 1572 долары і Першамайскі — 1658 долараў.

Даражэе нерухомасць ва ўсіх буйных гарадах краіны

За апошні час пачало даражэць жыллё і ў абласных цэнтрах нашай краіны. Другі горад Беларусі (па цане нерухомасці) Брэст прыплюсаваў за апошні тыдзень 0,3% і мае цэннік квадратнага метра 863 долары. Следам ідзе Гродна — 791 долар за квадратны метр, Магілёў — 752 долары, Гомель — 702 долары, Віцебск — 661 долар.

У буйных гарадах Мінскай вобласці сярэдні ўзровень цэн на кватэры ўсталяваўся на такіх адзнаках: Барысаў — 659 (+0,4%) долараў, Салігорск — 772 (+0,2%) долары, Маладзечна — 758 (-0,3%) долараў, Жодзіна — 777 (+0,9%) долараў, Слуцк — 554 (+0,3%) долара.

Чаму ажывіўся рынак?

Нягледзячы на падзеі, якія адбываліся летась, рынак нерухомасці ў нашай краіне пасля паўзы ў канцы лютага аднавіўся, захоўваў стабільнасць і быў цалкам прагназуемы, лічыць ганаровы старшыня асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў. Трымаць грошы пад падушкай — не самая лепшая гарантыя іх захаванасці. Таму жыхары буйных гарадоў вырашылі ўкладвацца ў нерухомасць як у больш надзейны інструмент захавання сваіх грашовых сродкаў.

Прадаўцы могуць да лепшых часоў прытрымаць кватэры, а пакупнікі — свае грошы. Але рана ці позна рынак будзе шукаць баланс. Жыллё — важны складнік нашага жыцця, і трэба вырашаць гэтыя пытанні. Калі адбываецца нешта сур’ёзнае, бяром паўзу і глядзім, што будзе далей. Гэта нармальная рэакцыя людзей.

У пытанні найбольш папулярнага жылля нічога не змянілася. Па-ранейшаму самым высокім попытам карыстаюцца кватэры стандартных спажывецкіх якасцяў са свежым рамонтам, у якія можна адразу заехаць і жыць.

Характэрная тэндэнцыя назіраецца толькі ў продажах звышдарагіх аб’ектаў. У 2022 годзе, безумоўна, былі і такія здзелкі. Але, паводле ацэнак экспертаў, у цэлым іх стала менш. У пачатку мінулага года ў сегменце элітнай нерухомасці было жвавей.

Тым людзям, якія чакаюць у гэтым сёлета цанавога дна, эксперты падказваюць, што крызіс ужо прайшоў летась. І ў той час цэны бескантрольна не падалі, таму што, як мінімум, ёсць сабекошт будаўніцтва. Дый трэба разумець, што забяспечанасць плошчай у Мінску ніжэйшая, чым здаецца. Калі ўзяць квадратуру горада і падзяліць на колькасць жыхароў, то акажацца, што яму ёсць куды расці.

Пэўным чынам паўплывала на сітуацыю дзяржава ў асобе фінансавых інстытутаў, якія ўжо цяпер прапануюць крэдытныя праграмы са стаўкамі 16–17%, а не 20–22%, як летась. Больш даступныя крэдыты ўжо цяпер ажыўляюць попыт на сталічныя кватэры.

Цяпер ёсць магчымасць атрымаць пазыку на нерухомасць у розных банках. Напрыклад, Беларусбанк пачаў новы год са зніжэння ставак па крэдытах. З’явілася і новая прапанова «рэфінансаванне іпатэкі», дзякуючы якой можна перакрэдытавацца на больш выгадных умовах — усё гэта стымулюе рынак нерухомасці.

Якія дамы селета пабудуюць на льготных умовах?

Днямі апублікаваны пералік жылых дамоў, якія будуць будаваць сёлета з прыцягненнем ільготных крэдытных рэсурсаў. Пастанова Мінбудархітэктуры № 14 ад 23 лютага ўжо ўступіла ў сілу. Там можна пачытаць, што павінны ўвесці ў эксплуатацыю сёлета.

У згаданым пераліку ўказана, дзе ў Мінску будуюцца дамы з прыцягненнем ільготных крэдытных рэсурсаў ад Беларусбанка і колькі грошай на іх плануюць пусціць. Усю інфармацыю можна вывучыць у дакуменце, мы ж коратка раскажам, дзе ў сталіцы вырастуць і будуць здадзены сёлета ў эксплуатацыю запаветныя шматпавярховікі.

Першыя два дамы будуць здадзены ўжо ў сакавіку ў раёне Партызанскага праспекта. Самы вялікі дом (405 кватэр) пабудуюць у Лошыцы не раней за снежань, тады ж будзе ўведзены ў эксплуатацыю другі будынак у «Лошыца-8».

Прыкладна ў маі будзе дабудаваны досыць аб’ёмны дом па вуліцы Жукоўскага з убудаванымі памяшканнямі і наземным паркінгам (376 кватэр). І апошні сапраўды шматсекцыйны дом (237 кватэр) павінен быць здадзены ў верасні па Ангарскай — Магнітнай. Там жа, недалёка, пабудуюць трохі меншы дом (132 кватэры). Два сярэднія дамы (па 105 кватэр) здадуць па вуліцы Убарэвіча, па адным доме — па вуліцы Грушэўская, а таксама на вуліцах Прытыцкага і Чарвякова.

Адразу чатыры дамы плануюць дабудаваць у мікрараёне Сокал, жылы квартал № 5. Невялікі дом (76 кватэр) запланаваны ў забудове мікрараена Паўночны, а таксама дом на 40 кватэр у Серабранцы.

Прададзена жылля амаль на мільярд долараў

Летась у Мінску прадалі рэкордную колькасць кватэр — крыху больш за 15 тысяч. Гэта на 3% больш, чым у 2021-м і на 42% — чым у 2020-м, паведамляе Дзяржаўны камітэт па маёмасці ў сваёй справаздачы. Такой актыўнасці на рынку нерухомасці не назіралася з 2004 года.

Найбольшай папулярнасцю карысталіся аднапакаёвыя кватэры (іх доля склала звыш 50%) і двухпакаёвыя плошчай да 45 «квадратаў». Усяго на рынку прадалі 750 тысяч квадратных метраў жылля на суму 976 мільёнаў долараў. Пагадзіцеся, лічба вялікая.

Самай дарагой здзелкай можна лічыць куплю чатырохпакаёвай кватэры на вуліцы Кісялёва (знаходзіцца ў доме «Поры года», што побач з паркам Горкага). Звыш 297 квадратных метраў абышлося новаму ўласніку ў 731 тысячу долараў па курсе.

Самы высокі кошт квадратнага метра зафіксаваны ў двухпакаёвай кватэры на вуліцы Захарава. Дзеля кватэры памерам 143 «квадраты» новыя гаспадары пагадзіліся расстацца з 620 тысячамі умоўных адзінак (кожны метр каштаваў 4340 долараў).

Калі казаць аб сярэдніх цэнах за год, то на другасным рынку яны практычна не памяняліся. А вось кватэры ў новабудоўлях у цане падскочылі: аднапакаёвыя — на 9%, двухпакаёвыя — на 13%, трохпакаёвыя — на 7%. Усяго на першасным рынку за год прадалі 2536 аб’ектаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.