Вы тут

У Гомелі на Савецкай вуліцы з'явяцца чатыры астраўкі бяспекі


Чарговы загад для захавання жыцця пешых удзельнікаў дарожнага руху ўкарэняць у Гомелі. Па ініцыятыве абласной Дзяржаўтаінспекцыі і пры падтрымцы Гомельскага гарвыканкама на цэнтральнай вуліцы Савецкай абласнога цэнтра з’явяцца чатыры астраўкі бяспекі.


Новаўвядзенні ў арганізацыі руху на адной з галоўных транспартных артэрый горада абмеркавалі на брыфінгу Гомельскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі. Павышаная ўвага супрацоўнікаў ведамства менавіта да гэтай вуліцы абгрунтаваная. Савецкая — працяг аўтадарогі М8.

Намеснік начальніка УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Руслан Калеснікаў паведаміў, што ў 2021–2022 гадах сярэдняя інтэнсіўнасць руху тут склала тры тысячы аўтаадзінак за гадзіну. У параўнанні з ацэнкамі 10-гадовай даўнасці гэты паказчык вырас на 20-25 працэнтаў. На праезнай частцы дарогі размешчаны 24 святлафоры, якія для максімальнай прапускной здольнасці працуюць па прынцыпе зялёнай вуліцы. Пры гэтым Савецкая застаецца адной з самых аварыйных у абласным цэнтры.

— За апошнія пяць гадоў на ёй адбылося 70 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх восем чалавек загінулі і 74 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, — адзначыў Руслан Калеснікаў.

Намеснік начальніка УДАІ звярнуў увагу на тое, што Дзяржаўтаінспекцыя працягвае распрацоўваць і ўкараняць дадатковыя меры павышэння бяспекі і зніжэння дарожнай аварыйнасці. Што датычыцца вуліцы Савецкай, ужо праведзены шэраг мерапрыемстваў для аптымізацыі дарожнага руху на гэтым кірунку. Сярод іх — устаноўка камер вонкавага назірання на ўсім працягу вуліцы. Дарэчы, з дапамогай камер у 2022 годзе ўдалося выявіць больш чым 3500 парушальнікаў правілаў дарожнага руху.

Чарговым крокам на шляху забеспячэння дарожнай бяспекі на вуліцы Савецкай стане арганізацыя астраўкоў бяспекі. Супрацоўнікамі ДАІ былі вызначаны месцы, дзе дадатковая мера найбольш актуальная. «Астраўкі» з’явяцца на скрыжаваннях Савецкай з вуліцамі Хатаевіча, Рагачоўскай, праспектам Перамогі і Камсамольскай. На гэтых кірунках колькасць палос для руху — пяць і больш. І хоць час дазвольнага сігналу святлафора на скрыжаваннях нарматыўны, пешаходы рухаюцца з рознай хуткасцю, некаторыя не паспяваюць перайсці праезную частку.

Плануецца, што ўжо ў наступным месяцы першы астравок бяспекі з’явіцца на скрыжаванні вуліц Савецкай і Хатаевіча. Рабіць «астраўкі» будуць паступова, каб ацаніць эфект новаўвядзення.

— Яны будуць добраўпарадкаваны па аналогіі з ужо існуючымі астраўкамі бяспекі. Напрыклад, на вуліцы Савецкай гэтакі ўжо ёсць у раёне скрыжавання з вуліцай Фядзюнінскага. Такая мера зарэкамендавала сябе толькі са станоўчага боку. Астравок бяспекі з’яўляецца фізічнай перашкодай для выезду на паласу сустрэчнага руху. Таксама за кошт змянення траекторыі руху транспартнага патоку зніжаецца і хуткасць, — падкрэсліў Руслан Калеснікаў.

«Астраўкі», канструкцыйна выдзеленыя бартавым каменем, паспрыяюць размеркаванню транспартных патокаў, захаванню кіроўцамі хуткаснага рэжыму.

Акрамя таго, супрацоўнікамі абласной Дзяржаўтаінспекцыі ўнесены і іншыя прапановы па арганізацыі дарожнага руху па вуліцы Савецкай. Сярод іх уладкаванне ў адкрытых кішэнях за кошт пашырэння праезнай часткі прыпынкаў грамадскага транспарту «Рамбыттэхніка» і «Вуліца Цімафеенкі». Такая мера на гэтым кірунку дазволіць разгрузіць правую паласу руху. Дадатковую асобную паласу для павароту налева мяркуюць арганізаваць на скрыжаванні Савецкай і Кожара, каб павысіць прапускную здольнасць на гэтым участку. Цэнтральную гомельскую Плошчу імя Леніна, якая з’яўляецца працягам вуліцы Савецкай, таксама могуць закрануць новаўвядзенні арганізацыі транспартнага трафіку. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць уладкавання святлафораў на скрыжаванні Плошчы імя Леніна з вуліцай Пралетарскай і з Праспектам імя Леніна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?