Вы тут

Стартавала акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!»


Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты — прадстаўнікі ўсіх абласцей і горада Мінска, усяго 21 чалавек. Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь маладым людзям уручылі Старшыня Канстытуцыйнага Суда заслужаны юрыст Беларусі Пётр Міклашэвіч і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, паведаміла БелТА. У падарунак юнакі і дзяўчаты традыцыйна атрымалі дзяржаўны сцяг і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.


Патрыятычная ініцыятыва была прапанавана БРСМ у 2004 годзе. За гэтыя гады яна набыла шырокую папулярнасць сярод моладзі і па праве лічыцца адной з важных традыцый нашай краіны. Толькі па лініі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі сёлета адбудзецца каля 150 уручэнняў з удзелам больш як 3,1 тысячы чалавек.

У атрыманні пашпарта ёсць адмысловы сімвалізм і сувязь пакаленняў. Аб гэтым заявіў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. «Ужо стала добрай традыцыяй у Канстытуцыйным Судзе ўручаць першыя пашпарты, першыя найважнейшыя дакументы для нашых маладых грамадзян з рук вышэйшых службовых асоб. Апошні год стаў шмат у чым ключавым, таму што, як вядома, ужо год дзейнічае абноўленая Канстытуцыя. Менавіта тым маладым людзям, якія цяпер атрымліваюць пашпарты, асвойваць новыя гарызонты, развіваць нашу краіну, дзяржаву, — заўважыў Аляксандр Лук’янаў. — Наша заканадаўства і тэхналогіі ідуць наперад, ужо шмат біяметрычных ІD-карт. Але разам з тым папяровы пашпарт застаецца папулярным. Многія маладыя людзі атрымліваюць пашпарты загадзя, бо часта выязджаюць за мяжу. Але сёння асаблівы сімвалізм уласцівы менавіта папяроваму варыянту, бо гэта сувязь пакаленняў, пэўная традыцыя, якая склалася ў краіне. Сімволіка заключаецца ў тым, што гэта той дакумент, які некалі ўручаўся іх бацькам і, перакананы, будзе ўручацца і далей наступным пакаленням. Таму, нягледзячы на тэхналогіі, трэба не забывацца на карані».

У абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паняцце «доўг» напоўнена новым зместам. «У артыкуле 54 Канстытуцыі ўстаноўлена, што захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа і патрыятызм — абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта палажэнне з’яўляецца канстытуцыйным, сацыяльна-маральным арыенцірам для фарміравання і выхавання ў шэрагах моладзі сапраўдных грамадзян і патрыётаў. Акцыя „Мы — грамадзяне Беларусі!“, якая праводзіцца БРСМ, накіравана на дасягненне гэтых мэт, фарміраванне ўсвядомленага пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму ў моладзі», — адзначыў Пётр Міклашэвіч.

Паводле яго слоў, уручэнне пашпартоў ва ўрачыстай абстаноўцы дае магчымасць юнакам і дзяўчатам адчуць канстытуцыйна-прававую сувязь з краінай, убачыць, якая асаблівая ўвага на дзяржаўным узроўні ўдзяляецца моладзі. 

«У нашай краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця ў моладзі духоўна-маральных, фізічных і інтэлектуальных якасцяў. Гэта дае падставу сцвярджаць, што цяперашняе маладое пакаленне ў найбліжэйшай будучыні будзе з высокім пачуццём грамадзянскасці і патрыятызму ўносіць дастойны ўклад у развіццё сваёй краіны — Рэспублікі Беларусь», — адзначыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда.

Грамадзяне павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх канстытуцыйных працэсаў. «Асаблівае значэнне пры рэалізацыі абноўленай Канстытуцыі мае работа па фарміраванні правасвядомасці канстытуцыйнага мыслення. У гэтым напрамку на дзяржаўным узроўні праводзіцца пэўная работа. Неабходна актывізаваць работу сярод моладзі, пачынаючы з навучальных устаноў, каб юныя грамадзяне ведалі свае правы і абавязкі, паколькі чалавек — асоба прававая, і ён павінен жыць у рамках тых прававых норм, якія ўстаноўлены ў канкрэтнай дзяржаве», — падкрэсліў Пётр Міклашэвіч.

Асноўны закон краіны — Канстытуцыя. «Там вызначаны канстытуцыйныя правы і свабоды нашых грамадзян, устаноўлены канстытуцыйныя абавязкі, у тым ліку ў выглядзе канстытуцыйнага абавязку, які мае глыбокі маральны змест. У гэтым кірунку неабходна працягваць актыўную работу на ўсіх узроўнях. У канчатковым выніку нашы грамадзяне будуць актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх канстытуцыйных працэсаў, паколькі галоўны суб’ект канстытуцыйных праваадносін — чалавек. Згодна з Канстытуцыяй, галоўная мэта нашага грамадства і дзяржавы — чалавек, яго правы і свабоды. Для гэтага неабходна ўсё практычна рэалізоўваць», — адзначыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда.

«Напярэдадні Дня Канстытуцыі сардэчна віншую ўсіх грамадзян нашай краіны. І хачу пажадаць, каб мы, грамадзяне Беларусі, у мірнай і стваральнай дзейнасці ўмацоўвалі і развівалі нашу краіну», — падкрэсліў Пётр Міклашэвіч.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».