Вы тут

«Вы сваёй працай сфарміравалі моцныя аграрныя традыцыі»


У Тулаўскім сельскім Савеце Віцебскага раёна ўшанавалі жанчын, якія аддалі звыш 30 гадоў працы ў галіне сельскай гаспадаркі. Сярод іх — даяркі, паляводы і нават трактарысткі.


У сонечныя вясновыя дні ўсё прадстаўніцы прыгожага полу ахутаны ўвагай і пяшчотай у незалежнасці ад даты ў календары. Расквітае прырода, дорыць цёплыя пагодлівыя хвіліны, а разам з ёй квітнеюць жанчыны. Розныя па ўзросце і пасадах, але аднолькавыя па сваёй далікатнасці і ўнутранай сіле — зараз амаль усе з былых працаўнікоў КУСГП «Эксперыментальная база «Тулава» знаходзяцца на заслужаным за доўгія і цяжкія гады адпачынку. Аднак сакавіцкім днём яны сабраліся разам зноў, каб узгадаць былыя дасягненні свайго калектыва. «Вечар сустрэчы выпускнікоў» сельскай гаспадаркі прайшоў у Тулаўскім сельскім Савеце пад эгідай прафсаюзнага лідара аграрыяў Віцебскага раёна Таццяны Дзіканавай.

Дзесяць жанчын, якія ўнеслі важкі ўклад у росквіт і станаўленне эксперыментальнай базы, са слязамі радасці ўспаміналі пра сваю маладосць, сябровак-калег і дзякавалі адна адной за былую дапамогу і падтрымку на нялёгкай сельскагаспадарчай ніве. Больш за 50 гадоў стажу на базе захоўвае ў сваім працоўным летапісе Ларыса Дзмітрыеўна Ларыонава — летам вазіла механізатарам гарачыя абеды, пасля стаяла на вагах, была загадчыцай склада. На долю 84-гадовай жанчыны выпала шмат выпрабаванняў: канцлагер «5-ы полк», пасля берлінскі «Норд», пасляваеннае галоднае дзяцінства… Але сёння, нягледзячы на вірлівыя кругавароты жыцця, у яе вачах не згасае агеньчык.

Ларыса Дзмітрыеўна Ларыонава

Жанна Пятроўна Торчык — заслужаная даярка «Тулава» — прыйшла на ферму ў далёкім 1985-м годзе. Тады, расказвае жанчына, прабіцца ў гэту прафесію было вельмі цяжка, два гады запар ездзіла з горада ў вёску на работу, а калі дойка зацягвалася — хадзіла пешшу. І гэта пры тым, што дома раслі двое дзяцей. І дагэтуль Жанна Пятроўна ласкава ўспамінае пра адну са сваіх рагатых любіміц — карову «Карамельку», якая была паслухмянай і вельмі любіла цукеркі з кішэні гаспадыні. Надзея Віктараўна Сафонава пацвярджае, што прафесія даяркі была пачэснай: тады за высокія надоі жанчыны атрымлівалі па 300 рублёў, калі бухгалтар зарабляў 80. Адзін з прыемных успамінаў пра падзяку за працу на ўзроўні вобласці — паездка ў Чэхаславакію, пуцёўку ад якой Надзея Віктараўна беражліва захоўвае і сёння. 

Былыя трактарысткі Зоя Логінава і Валянціна Чарназёмава

Зараз для нас паняцце жанчыны-кіроўцы, асабліва трактара — несумяшчальнае, а ў 1980-х гадах сярод 70 мужчын-механізатараў у эксперыментальнай базе «Тулава» працавалі двое дзяўчат. Валянціна Уладзіміраўна Чарназёмава сядзела за стырном «Беларуса» 30 гадоў: поўная авантурызму 20-гадовая дзяўчына арала, сеяла, капала бульбу, раз за разам чапляючы розныя агрэгаты, і вельмі чакала вясну, каб зноў выйсці ў поле. «Я вельмі ганарылася, што вяду трактар. І няхай ад мяне маладой пахла саляркай, не было часу апрануць новую сукенку — мы працавалі аддана, нягледзячы на гадзіннік», — успамінае жанчына. Дваццаць гадоў трактарнага стажу і ў старэйшай калегі Валянціны Зоі Іванаўны Логінавай. Яна два разы прадстаўляла Віцебшчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод трактырыстак, а напамінам аб былых працоўных вышынях для жанчыны з’яўляюцца Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і медаль «За працоўную доблесць». Надзейныя сяброўкі па жыцці і прафесіі Валянціна і Зоя нават атрымлівалі ад Прэзідэнта чырвоныя МТЗ-82 і мікрахвалёўкі. Успамінаюць, што калі на полі хтосьці спыняўся, механізатары адразу працягвалі руку дапамогі — у гэтым і быў калектыўны сакрэт высокіх дасягненняў. Адначасова жанчыны трымалі вялікую асабістую гаспадарку і вырасцілі па двое дзяцей. Вось яны — нязломныя гераіні палёў!

Яўгенія Фёдараўна Гек была далёкая ад сельскай гаспадаркі: працавала на фабрыцы КІМ у аддзеле якасці, а пасля выйшла замуж і на сем гадоў пераехала ў Казахстан. Дзякуючы мужу, добра вывучыла нямецкую мову і, вярнуўшыся ў горад на Дзвіне, 21 год аддала рабоце ў гасцініцы «Віцебк» на паверсе «інтурыст». А пасля лёс звёў яе з фермай у Тулава. Жанчыне ў красавіку споўніцца 72 гады, але любімую жывёлагадоўлю пакінуць не можа і зараз: на дарошчванні ў Яўгеніі Фёдараўны сёння знаходзяцца 280 бычкоў. Да кожнага — з увагай і жаночым клопатам. «Не магу сядзець дома, вельмі люблю работу і сваіх падапечных. Яны — мая душэўная адтуліна», — расказвае жывёлавод.

Праз рукі Зінаіды Сяргееўны Дзерваед прайшло шмат этапаў станаўлення гаспадаркі: працавала і на будаўніцтве комплексаў жывёлагадоўлі, фарбавала, цягала непад’емныя бярвенні. Пасля быў швейны цэх фабрыкі КІМ, які размяшчаўся ў Тулава, а потым перавялася ў паляводства. Яно, дарэчы, і сапсавала здароўе: адна справа была варушыць мяхі са збожжам і насеннем, другая — дыхаць угнаеннямі. 27 гадоў нялёгкай працы, адданай сельскай гаспадарцы, Зінаіда Сяргееўна ўспамінае цёпла, але дробныя маршчыны ў куточках вачэй выдаюць схаваную за усмешкай стомленасць.

Гэты звычайны дзень сустрэчы здаваўся былым калегам надзвычай святочным: кожная з іх, хто не лічыў сваю працу высокай, з асаблівым трапятаннем прымала раённыя падзякі і падарункі. Нават цюльпаны, здавалася, набылі нейкае іншае сонечнае адценне. А музычныя падарункі інструментальнага ансамбля Мазалаўскай школы мастацтваў прымусілі зацягнуць за сталом свае, народныя песні. 

«Вы сваёй працай заклалі моцны падмурак сельскагаспадарчай галіны нашай краіны, сфарміравалі моцныя аграрныя традыцыі, грунтуючыся на якіх сёння мы крочым у надзейную будучыню. Шчыры дзякуй вам, паважаныя ветэраны, за адданасць сваёй справе», — павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».