Вы тут

Альтэрнатыўная тара: біяраскладальная, папяровая, шкляная, драўляная


Забруджванне пластыкам наваколля — адна з найбольш вострых экалагічных праблем сучаснасці. Яна становіцца ўсё больш пагрозлівай па маштабах, і пралічыць яе наступствы немагчыма. Штогод у свеце выпускаецца да 330 мільёнаў тон пластыкавых вырабаў і палімераў, і амаль кожныя 15—20 гадоў гэтая лічба падвойваецца. Пры тым вырашыць пытанне ўтылізацыі пластыкавых адходаў нейкім адным спосабам нельга. Беларусь рэалізоўвае шэраг практычных мер, скіраваных на зніжэнне выкарыстання пластыкавай упакоўкі. План па паэтапным замяшчэнні выкарыстання такой тары і замяшчэнні яе экалагічна бяспечнай рэалізоўваецца з 2020 года і ўключае шэраг мерапрыемстваў. Што робіцца і плануецца ў краіне, каб пластыкавага смецця паменшала, расказалі спецыялісты галіны.


Дазвольныя дакументы на пластыкавыя адходы

Паколькі пытанні зніжэння выкарыстання пластыкавай упакоўкі не закранаюць кампетэнцыю шэрагу дзяжорганаў, то, каб арганізаваць эфектыўную работу па выкананні мерапрыемстваў плана, Мінпрыроды стварыў міжведамасны каардынацыйны савет, нагадала Вольга САЗОНАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— Летась быў распрацаваны 41 дзяржаўны стандарт на аснове міжнародных і еўрапейскіх стандартаў у галіне вызначэння патрабаванняў да экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай, і метадам яе выпрабавання. Плануецца таксама распрацаваць сем міждзяржаўных стандартаў.

Па ініцыятыве Беларусі на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі актыўна працягваецца работа па ўвядзенні ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) адзінай меры нетарыфнага рэгулявання адносна адходаў з пластмасы, якія ўвозяцца на тэрыторыю Мытнага саюза. Наша краіна рэгулюе ўвоз небяспечных адходаў, аднак пластмасы ў іх пералік не ўваходзяць (за выключэннем пластыку, забруджанага асабліва небяспечнымі рэчывамі і ўстойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі). Плануецца, што для ўсіх краін ЕАЭС увядуць адзіны парадак, і адходы пластмас будуць увозіцца на тэрыторыю Беларусі толькі на падставе дазвольных дакументаў. У дачыненні да трэціх краін гэта будзе ліцэнзія, якую выдае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (па ўзгадненні з Мінпрыроды). А ўнутры Мытнага саюза — дазвол ад Мінпрыроды.

— Увогуле, увоз адходаў у Беларусь магчымы толькі з мэтай выкарыстання, — падкрэсліла спецыяліст. — Нягледзячы на тое што ў краіне ёсць аб'екты па выкарыстанні пластмас, мы плануем увесці рэгуляванне ўвозу такіх адходаў. Паколькі такая норма зацверджана рашэннем ЕАЭС, цяпер карэкціруюцца нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулююць гэтыя пытанні.

Забарона — штуршок для развіцця

На завяршальнай стадыі работа па ўнясенні змен у тэхнічны рэгламент Мытнага саюза аб бяспецы ўпакоўкі. У дакумент плануецца ўвесці норму аб забароне выкарыстання этыкетак з полівінілхларыду на ўпакоўцы з поліэтылентэрафталату. Такая норма неабходная, каб забяспечыць магчымасць выкарыстання ПЭТ-упакоўкі, паколькі ПВХ-этыкеткі абцяжарваюць перапрацоўку.

Стварэннем тэхналогій і вытворчасці біяраскладальнай упакоўкі з айчыннай расліннай сыравіны займаецца НАН Беларусі. Распрацаваны саставы, якія ўтрымліваюць неарганічныя антыбактэрыяльныя нана-дабаўкі для прамочвання паперы, працягнула Вольга Сазонава:

— Прымяненне прамочвання ў цэлым паляпшае эксплуатацыйныя ўласцівасці паперы, што дазваляе выкарыстоўваць іх пры вытворчасці тэрмазварвальнай паперы для экаўпакоўкі. Вядзецца навуковае даследаванне ўплыву экабяспечнай упакоўкі на якасныя характарыстыкі. У 2021-м была ўведзена забарона на выкарыстанне аднаразовага пластыкавага посуду, што падштурхнула вытворцаў да стварэння тары з папяровай і драўлянай тары (з'явіліся драўляныя відэльцы, папяровыя кубачкі і талеркі).

У краіне рэалізоўваецца комплекс мерапрыемстваў па мадэрнізацыі існуючых вытворчасцяў, якія працуюць з альтэрнатыўнай пластыкавай тары ўпакоўкай — папяровай і шкляной. Адзін з асноўных гульцоў на гэтым рынку — цэлюлозна-папяровае прадпрыемства канцэрна «Беллеспаперпрам». Гафрыраваная папера і ўпакоўка з яго — рыначная альтэрнатыва палімернай тары. Павялічваюцца таксама аб'ёмы вытворчасці шкляной тары. У краіне ўкаранілі і тэхналогію па выпуску аблегчанай танкасценнай шклатары, масавы выраб якой запланаваны сёлета ў першым квартале.

Ствараюцца і новыя вытворчасці па выпуску экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку з прыцягненнем інвестыцый у межах Саюзнай дзяржавы, Кітая і краін дальняй дугі.

Эканамічны стымул

Выраб экалагічнай упакоўкі, як правіла, даражэйшы, чым пластыкавай, таму з 2020-га ў Беларусі ўведзены механізм эканамічнага стымулявання — прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў і пастаўшчыкоў для асобных відаў тавараў, нагадала Вольга Сазонава:

— Эканамічнае стымуляванне ажыццяўляецца за кошт павелічэння памеру платы для вытворцаў і пастаўшчыкоў пластыкавай тары і зніжэння такой платы для тых, хто пастаўляе і вырабляе экабяспечную ўпакоўку. Прадугледжана таксама кампенсацыя (яе выплачвае аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў) расходаў для арганізацый, якія выкарыстоўваюць шкляную шматабаротную тару для розліву і вырабу пітной вады на тэрыторыі Беларусі.

Шэраг арганізацыйных мер для павелічэння выкарыстання экаўпакоўкі прымаецца і буйнымі рытэйлерамі. З некаторымі з іх Мінпрыроды заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве ў напрамку зніжэння выкарыстання пластыку. Гаворка не пра забарону і вызначэнне нейкіх мэтавых паказчыкаў, а пра выбар упакоўкі (пластыкавай ці экалагічнай), які гандлёвыя сеткі даюць пакупніку. Акрамя таго, крамы здольныя інфармаваць наведвальнікаў пра экаўпакоўку і шкоду пластыку, што таксама вельмі важна.

Не ўсё карыснае, што называецца «біяраскладальным»

Сёння на Зямлі ўтварылася ўжо 8,3 млрд тон палімерных адходаў. 9 % з іх былі перапрацаваны ў другасныя матэрыялы, 12 % — спалены, а астатнія — захаваны на палігонах ці трапілі ў наваколле. Згодна са статыстыкай, кожны жыхар нашай краіны штогод стварае 29,4 кілаграма пластыкавых адходаў, а ўсе разам — 290 тысяч тон палімерных адходаў.

— Як паказвае вопыт еўрапейскіх краін, толькі каля траціны палімерных адходаў можна ўтылізаваць у якасці другаснай сыравіны метадам рэцыклінгу. Астатні аб'ём адходаў такім чынам перапрацаваць немагчыма, таму іх або спальваюць, або экспартуюць на перапрацоўку ў іншыя краіны, — заўважыў Іван БАРАНОЎСКІ, намеснік дырэктара Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі. — У краіне таксама падвяргаецца рэцыклінгу каля 30—32 % сабраных у якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў пластыкавых адходаў. Паўстае пытанне: што рабіць з астатнімі? Лічыцца, што найбольш радыкальны спосаб барацьбы з пластыкам — замена палімернай упакоўкі біяраскладальнымі пластыкамі. Цяпер у свеце вырабляецца больш за сотню розных відаў такой прадукцыі, аднак іх аб'ём у агульным выпуску палімераў не перавышае 1 %.

Да таго ж не ўсе пластыкі, якія называюцца «біяраскладальнымі», насамрэч такія. У выніку раскладання ўмоўна-біяраскладальных матэрыялаў ствараецца мікрапластык, які потым усё роўна забруджвае наваколле і трапляе ў харчовыя ланцужкі, што нясе пагрозу для свету. Існуе тры віды палімераў, якія лічацца біяраскладальнымі: біядэградзіраваныя, оксараскладальныя і оксабіяраскладальныя. Сёння нідзе да канца не высветлена, у якіх умовах яны павінны раскладацца, якія спосабы ўтылізацыі і збору павінны да іх прымяняцца. Невядомы таксама час іх раскладання і кампаненты, якія будуць пры гэтым выдзяляцца і як яны будуць уплываць на наваколле.

Маркіраваць, сабраць, перапрацаваць

Акрамя таго, што палімеры негатыўна ўздзейнічаюць на наваколле, яны яшчэ патрабуюць вялікіх затрат на ўтылізацыю. У краіне пакуль не хапае магутнасцяў для сартавання цвёрдых камунальных адходаў, таму іх значная частка не збіраецца і не перапрацоўвацца. Так што рашэнне «пластыкавай» праблемы вельмі залежыць яшчэ ад настрою і людзей, на раздзельны збор, і ад прадпрыемстваў, якія ствараюць такія адходы, дадаў спецыяліст:

— Па нашых разліках прыкладна палову палімераў немагчыма перапрацаваць. Гэта ўпакоўка з кампазітных матэрыялаў, тонкія поліэтыленавыя пакеты, моцна забруджаная ўпакоўка і тара. Іх перапрацоўкай бессэнсоўна займацца і з эканамічнага пункту гледжання, і з тэхналагічнага. Можна выкарыстоўваць такія матэрыялы ў выглядзе РДФ-паліва, аднак для гэтага таксама неабходна ствараць магутнасці, а гэта капітальныя затраты.

Можна распрацаваць і ўкараніць у жыццё біяраскладальныя пластыкі, аднак трэба яшчэ стварыць сістэму для іх збору і перапрацоўкі. Падобныя пластыкі адрозніваюцца па хімічным складзе ад звычайных. Трапляючы ў склад звычайных палімераў, яны псуюць нарыхтаваную сыравіну, перашкаджаючы яе перапрацоўцы. Каб збірацца асобна, біяраскладальныя пластыкі павінны мець адпаведную маркіроўку для хуткай ідэнтыфікацыі падчас сартавання, мяркуе Іван Бараноўскі:

— Неабходны таксама магутнасці (пляцоўкі) для перапрацоўкі біяраскладальных (кампаставаных) пластыкаў разам з арганічнымі адходамі. У асобным зборы біяраскладальных пластыкаў павінна ўдзельнічаць усё насельніцтва.

Інстытут ЖКГ НАН Беларусі да канца 2025 года плануе стварыць лабараторыю па выпрабаваннях біяраскладальнай упакоўкі. Эксперты мяркуюць, што дзякуючы яе рабоце будуць вызначаны дакладныя тэхнічныя патрабаванні да біяраскладальнай упакоўкі: сфармуляваны крытэрыі, якім яна павінна адпавядаць; вызначаны метады выпрабавання на адпаведнасць гэтай упакоўкі патрабаванням да біяраскладальнасці.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.